НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Жыццё кожнага чалавека напоўнена самымі рознымі падзеямі – поспехамі і цяжкасцямі, шчасцем і горыччу, прыемнымі навінамі і наадварот. Таму мы вучымся змагацца, дасягаць, даказваць, радавацца і скарацца, калі штосьці не па сіле. І працягваць верыць у лепшае. Бо толькі ўсявышні ведае, каму якія паслаць выпрабаванні.
Так разважае Ганна Адамаўна Драпей з вёскі Сямігосцічы, якая 17 красавіка сустрэла 90-гадовы юбілей.



Нарадзілася перад вайной другой з чатырох дочак. Бацька працаваў ездавым, а маці – паляводам у калгасе «XVII партз’езд», у якім толькі-толькі нала-джвалася работа. Таму дзяўчынкі з малых гадоў раслі самастойнымі.
У 18 гадоў на вяселлі цёткі сустрэла свайго каханага Пятра.
Праз некаторы час ажаніліся з Пятром і ў 1956 годзе нарадзілася дачка Зіна, у доме якой і адбылася наша размова.
– Ніколі не бачыла маці, каб яна проста адпачывала, – дзеліцца Зінаіда Пятроўна. – Прыбяжыць з работы і дома за справу хапаецца. Нас яна не прымушала, мы самі імкнуліся дапамагчы. Нездарма ёсць выказванне, што самы дзейсны спосаб выхавання – гэта асабісты прыклад.
Муж Пятро таксама залатыя рукі меў і быў кавалём у гаспадарцы. Пакрысе збудавалі свой дом, які знаходзіцца ў самым цэнтры вёскі. Выраслі дзеці. Зінаіда паступіла ў тады яшчэ Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум на эканаміста. Такую ж прафесію выбрала і меншая Валянціна, якая стала студэнткай Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі. Дома з бацькамі застаўся толькі сын Мікалай, які працаваў вадзіцелем у калгасе і рыхтаваўся да службы.
– Праводзіны брата ў армію адбыліся ў ліпені 1985 года. Вялікія ладзілі, бо ў Колі многа сяброў было. Яго ўсе любілі, бо ўмеў падтрымаць і пажартаваць, надзейным і справядлівым таварышам лічылі. У калгасе адразу аўтарытэт заслужыў, стаўшы адным з лепшых маладых механізатараў, – расказвае Зінаіда Пятроўна.
Куды адправяць служыць, ні мы, ні ён сам не ведаў. У нашай вёсцы ўжо былі хлопцы, якія вярнуліся з Афганістана. Адзін з іх – Васіль Андрэйчук – на праводзінах брата пажадаў, каб не трапіў туды, дзе ён служыў. На жаль, пажаданне не збылося. Праз некаторы час даведаліся, што Коля ў Афганістане служыць вадзіцелем. Маці малілася, мы маліліся, аднавяскоўцы маліліся. А ў жніўні 1986 года паведамілі, што Мікалай загінуў. Ведаеце, мы да апошняга адмаўляліся верыць, пакуль машына з труной не павярнула да нашага дома…
Жыццёвы шлях героя трагічна абарваўся 8 жніўня 1986 года. Калона, якая рухалася з раёна населенага пункта Хост правінцыі Пакція, трапіла пад абстрэл. Некаторыя машыны атрымалі пашкоджанні і спыніліся. Пад агнём праціўніка Мікалай Драпей аказаў дапамогу траім вадзіцелям ва ўхіленні няспраўнасцей. Замяніўшы раненага вадзіцеля, вывеў адну машыну з-пад агню і вызваліў дарогу для іншых машын. У гэтым баі і загінуў, падарваўшыся на міне. За мужнасць і адвагу Мікалай Драпей ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.
– Ужо амаль 40 гадоў мінула, як мы атрымалі гэтую страшную вестку. Але дагэтуль кожнае 8-га жніўня – гэта дзень, якія падзяліў наша жыццё на «да» і «пасля», – кажа сястра загінуўшага героя.
На жаль, гэта не адзіная рана на сэрцы ў Ганны Адамаўны. Назаўсёды давялося развітацца з мужам і дачкой, якіх забралі хваробы.
А вось радаснымі падзеямі сталі нараджэнні праўнукаў, якіх у юбіляркі 14-ць. Усіх бабуля благаслаўляе, дае наказ. Каб шкадавалі адзін аднаго, падтрымлівалі, каб не гублялі сувязі, бо сям’я – гэта тое месца, дзе заўсёды можна ўзяць сілы.
Ганна Адамаўна сустракала гасцей у добрым настроі. З віншаваннямі да яе прыехалі старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня Столінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Аляксандр Ярашэвіч, дырэктар Столінскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, старшыня Столінскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Людміла Мароз, старшыня Альшанскага сельскага выканаўчага камітэта Віктар Гапко, дырэктар ААТ «Новая Прыпяць» Андрэй Засімовіч, старшыня прафсаюзнай арганізацыі гэтай жа гаспадаркі Аляксандр Мазоль.
Віншавалі, зычылі здароўя, парадавалі шыкоўнымі кветкамі і падарункамі.
Усмешка заззяла на твары Ганны Адамаўны, якая, здаецца, нават памаладзела на вачах.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости