НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

11 красавіка 1945 года адбылося масавае паўстанне вязняў канцэнтрацыйнага лагера Бухенвальд. Яно стала яскравым прыкладам таго, што дух свабоды немагчыма зламаць, нават калі здаецца, што няма ніякай надзеі.

Бухенвальд, як і многія іншыя канцлагеры, быў увасабленнем нялюдскасці і жорсткасці. Ён быў створаны для знішчэння людзей, хто не ўпісваўся ў нацысцкую ідэалогію. Тут панавалі голад, хваробы, катаванні. Але нават у гэтых невыносных умовах людзі знаходзілі ў сабе сілы супраціўляцца.
Канцэнтрацыйныя лагеры сталі адным з самых змрочных сімвалаў Другой сусветнай вайны. Яны масава будаваліся як на тэрыторыі Германіі, так і на акупіраваных ёю землях. Іх мэтай было не толькі знішчэнне, але і запалохванне, падаўленне волі да супраціву і выкарыстанне рабскай працы.
Агульная колькасць гвалтоўна вывезенага насельніцтва ў Германію, Аўстрыю, Чэхію, Францыю і іншыя краіны склала больш за пяць мільёнаў чалавек, у тым ліку каля 400 000 чалавек з Беларусі. Гэтая жахлівая бяда не абмінула і Столінскі раён.
Генадзій Антонавіч Каральчук нарадзіўся 9 студзеня 1931 года ў вёсцы Вугалец. Яго дзяцінства, як і ў многіх яго аднагодкаў, было азмрочана пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя гады пакінулі глыбокі след у яго памяці, стаўшы сведчаннем неверагоднай стойкасці і мужнасці простага чалавека перад тварам неймаверных выпрабаванняў.
– У 1944 годзе фашысцкія захопнікі вывезлі мяне з бацькамі і многімі аднавяскоўцамі на прымусовыя работы ў Германію, – успамінае Генадзій Антонавіч. – Дагэтуль добра памятаю дзень ад’езду: як мама збірала рэчы, як мы развітваліся са сваякамі, як ішлі пешшу да пераправы праз раку Прыпяць на Лахву (Лунінецкі раён), як грузілі нас на баржу. Дарэчы, у Германію бацькі ўзялі з сабой не толькі асабістыя рэчы, але і мяшок мукі, які першы час ратаваў нас ад голаду.
Шлях сям’і Каральчук ляжаў у горад Таргелаў, які размешчаны ў паўночнай частцы Германіі. Яны трапілі на завод, дзе выраблялі розныя бляшаныя банкі для кансерваў і інш.
– Тут працавалі больш за сто чалавек, – працягвае Генадзій Антонавіч. – Гэта былі людзі розных узростаў і нацыянальнасцей, але ўсіх нас аб’ядноўвала адна мэта – выжыць. Я хутка асвоіў працу на розных станках. Спачатку на адным, потым на іншым. Нашымі настаўнікамі былі палонныя французы, якія трапілі ў Германію раней за нас. А мама, як і многія іншыя жанчыны, працавала ў агародзе ў гаспадара фабрыкі.
Са слоў Генадзія Антонавіча, кармілі іх дрэнна. Аснову рацыёну складаў суп з бручкі або рэпы. Раз на тыдзень выдавалі паўтара кілаграма хлеба, сто грамаў каўбасы і невялікі кавалачак маргарыну. Асаблівую радасць хлопчыку прыносіла пятніца. Менавіта ў гэты дзень служанка фабрыканта адпраўлялася з каляскай па прадукты ў горад і брала яго з сабой.
– На зваротным шляху, у зацішным месцы, калі заставаліся лішкі каўбасы або хлеба, яна аддавала іх мне, – успамінае мужчына. – Ведаеце, яна ні разу не выдала мяне – толькі смяялася з мяне, калі бачыла, што я з прагнасцю запіхваў у рот гэтыя кавалачкі раскошы.
Ніхто на фабрыцы не звяртаў увагі на тое, што Генадзій, па сутнасці, быў дзіцём. Яго прымушалі працаваць нароўні з дарослымі з сямі раніцы да сямі вечара.
– Часам я настолькі стамляўся, што спецыяльна бегаў у прыбіральню, – кажа мужчына. – Пасяджу там, адпачну і зноў за станок. Гэта вельмі хутка заўважыў наглядчык і так ударыў мяне нагайкай па спіне, што, калі я сапраўды хацеў справіць патрэбу, баяўся нават лішні крок ступіць.
Неўзабаве ўмовы сталі яшчэ больш суровымі.

Калі спыніліся пастаўкі бляхі, мужчын, незалежна ад узросту, адправілі на самую цяжкую работу – валіць лес.
– Аднойчы ў абедзенны перапынак я заснуў і не пачуў свісток майстра, які апавяшчаў пра пачатак працы, – успамінае Генадзій Каральчук. – Ён падскочыў да мяне і стаў моцна біць нагамі. Я хутка падняўся, але ў той момант у душы так узлаваўся на яго, што на нямецкай мове, якой ужо добра валодаў, спытаў, ці ёсць у яго дзеці і ці працуюць яны таксама цяжка?
Вядома, дзеці гэтага мужчыны мелі сапраўднае дзяцінства: гулялі ў цацкі, хадзілі ў школу. І пра такую цяжкую працу нават не ведалі.
– Пасля гэтай кароткай размовы майстар перастаў мяне чапаць, – кажа мужчына. – Відаць, у яго прачнулася сумленне.
Запомніліся майму суразмоўцу і налёты самалётаў.
– Пад канец вайны нашы саюзнікі ўсё часцей бамбілі нас, – распавядае Генадзій Антонавіч. – Мы хаваліся, хто дзе мог. Часам нават падалі паміж радамі бульбы. Заўсёды здзіўляўся, як мама старалася закрыць мяне сабой. Аднойчы я сказаў ёй, што так нас заб’юць дваіх, а калі будзем хавацца паасобку, то, магчыма, хтосьці з нас застанецца ў жывых.
Генадзій Антонавіч успамінае дзень вызвалення, 26 красавіка 1945 года, з асаблівай радасцю. Гэтая дата стала пачаткам новага этапу – шляху дадому, які аказаўся нялёгкім.
– Другога мая мы апынуліся ў размеркавальным пункце, – успамінае мужчына. – Праз два тыдні ўжо былі ў г. Брэсце, а яшчэ тры дні спатрэбілася на тое, каб убачыць родны куточак.
Пасля вяртання Генадзій Каральчук пайшоў у школу (першы клас польскай школы ён яшчэ скончыў да пачатку вайны). Вельмі добра вучыўся, але пасля сямі класаў пайшоў працаваць у мясцовы калгас. Тата Антон пасля Пераможнага Мая пражыў нядоўга. Мабыць, адбілася на яго здароўі цяжкая праца ў Германіі. Мама Ганна пражыла да 70 гадоў побач з адзіным сынам.
– Калі я сустрэў сваю жонку Люмачку (сапраўднае імя – Юстынія), то пачалі будаваць дом побач з бацькоўскім, – кажа Генадзій Антонавіч. – Усё жыццё працавалі ў калгасе. У актыве – шмат медалёў, значкоў, імянных падарункаў за працоўныя заслугі. Нарадзілі трох дачок. Імкнуліся, каб усе дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі свой шлях у жыцці. Нажылі велізарнае багацце, якога няма даражэй, – чатырох унукаў і чатырох праўнукаў.
Ужо 10 гадоў Генадзій Антонавіч жыве без сваёй Люмачкі, няма ў жывых і старэйшай дачкі, але мужчына стараецца не сумаваць. Бо ёсць тыя, для каго ён увесь свет, апора і падтрымка. Тры гады таму да яго пераехала з Мінска самая малодшая дачка Вольга і дапамагае спраўляцца з хатнімі справамі. Здароўе, на жаль, усё часцей стала падводзіць мужчыну.
Я ўдзячная Генадзію Антонавічу і яго дачцэ за гэтую кароткую, але такую значную сустрэчу. Яна пакінула пасля сябе не толькі прыемнае ўражанне, але і глыбокае адчуванне таго, што жыццё, нягледзячы на ўсе яго павароты, заўсёды варта таго, каб жыць яго з запалам, з усмешкай і з адкрытым сэрцам.
Вольга ГУСАК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Село XXI века

Село XXI века

13 мая, 2026
С 25 мая визы в Шри-Ланку для белорусов станут бесплатными
Гороскоп на 18 мая 

Оставить комментарий

Похожие новости