Гэтая беларуская прымаўка найбольш падыходзіць да мерапрыемства, якое праводзіў Столінскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі на чале з памочнікам урача-гігіеніста Генадзем Палешка. Разам мы накіраваліся ў Рамельскі сельсавет, таму нашымі аб’ектамі даследавання сталі населеныя пункты – Рамель, Мачуль, Аздамічы і Цераблічы.










У Аздамічах асабліва ветліва сустракалі. Каларытная, з непаўторнымі краявідамі, вёсачка прыемна здзівіла сваім добраўпарадкаваннем.
– Дык Вялікдзень надыходзіць, усе людзі імкнуцца парадак навесці, – па-тлумачыла жыхарка Ганна Гайкевіч, якая планавала бульбу пасадзіць у гэты дзень. – Ужо зямля прагрэлася, навошта чакаць. Вось і суседзі рады дапамагчы, бо мы заўсёды адзін аднаго выручаем. Быццам адна сям’я жывём, бо некалі ўсе разам будаваліся на нашай вуліцы 9 Мая. І ўраджай разам збіраем, таму кожны гаспадар імкнецца свой найбольш дагледзець, каб зайздросны быў.
Генадзь Мікалаевіч заўважыў, што тэрыторыя за агародам не надта дагле-джаная.
– Там маліна расце, трэба абрэзаць. Вось зараз управімся з бульбай і туды дабяромся, – запэўніла жанчына.
Пакуль размаўлялі, сапраўды, да нас пад’ехала некалькі мужчын-суседзяў. Пацікаваліся, з якой нагоды мы завіталі ў глыбінку.
– Ой, вы не хвалюйцеся, мы як толькі снег сышоў, пачалі прыбіраць. Мой сын два прычэпы пяску прывёз, каб высыпаць нізіну каля свайго ўчастка, – паказваў Мікалай Кажаноўскі. – Ён у мяне гаспадарлівы хлопец.
– А вось наконт падстанцыі куды звярнуцца, дык вы нам дайце ведаць, – далучыліся да размовы Фёдар Мальцэвіч і Аляксей Кадоліч. – Многія хочуць электрычнае ацяпленне правесці, а падстанцыя старая – не падыходзіць для гэтай мэты.
Адразу відаць – дзелавыя людзі жывуць у Аздамічах. І свой куток дагледзелі, і задач надавалі.
А ў якім жа стане знаходзяцца іншыя вуліцы? Шчыра скажу, да гаспадароў пытанняў няма. Металалом, які ляжаў на адной з вуліц, гаспадар Аляксей Чарнышоў ужо дамовіўся, куды здаць, бо сам любіць парадак.
– Нам жа тут жыць, – коратка падкрэсліў мужчына.
І як стала відавочна потым, такой думкі прытрымліваюцца многія жыхары. На вуліцы Набярэжнай Васіль Кадоліч добраўпарадкаваў вадаём насупраць свайго дома. Елачкі і туі ўжо прыняліся, таму хутка парадуюць сваім зялёным убраннем. У двары гаспадара адыходзяць ад сёлетніх маразоў ружы, а побач стаіць утульная альтанка.
Пакуль шпацыравалі па вуліцы, пабачылі прыгожую зялёную лавачку і прыбраную тэрыторыю. Здаецца, так проста, але адразу відаць – з душой зроблена. Пабачылі гусей, якія пасвіліся на лузе, і невялічкі парк, у якім не заўважылі нават маленькай паперкі.
Людзі рамантавалі свае агароджы, высякалі хмызнякі. Дарэчы, гэтай справай на могілках займаўся работнік Давыд-Гарадоцкага ўчастка Столінскай ЖКГ Іван Белазор. Засталося толькі спаліць усё і замяніць кантэйнеры для смецця.
Чысціня і парадак былі на мехдвары і каля амбулаторыі.
А вось аддзяленне сувязі і клуба ў Аздамічах выклікаюць жаласлівае ўражанне. Каля першага аб’екта агароджа разламана каранямі дрэў, а ролю клумбаў выконваюць аўтамабільныя шыны, якія даўно «выйшлі з моды». Ды і само памяшканне патрабуе капітальнага рамонту. Падобная сітуацыя і каля сельскага клуба, па асфальтаванай дарожцы да якога не кожны здолее прайсці. Мяркую, зразумела, якога пана халявы не дагледжаныя.
У Цераблічах нас сустракала дзетвара, якая апетытна ела марожанае каля магазіна. Іх суправаджала выхавальнік падоўжанага дня мясцовай школы Таццяна Шпакевіч, якая расказала, што тут яны прыбіралі літаральна некалькі дзён таму, таму цяпер з чыстым сумленнем ходзяць па вуліцах.
А вось на выездзе з Церабліч з правага боку заўважылі вялізныя гурбы металалому і старой тэхнікі, якая была як у двары, так і далёка за яго межамі. Уладаром гэтага «багацця» з’яўляецца мясцовы жыхар, з якім была праведзена растлумачальная размова і выпісана патрабаванне па ўтрыманню тэрыторыі. Да 1 мая мясцовы «кулібін» абавязаны навесці парадак каля сваёй сядзібы, інакш яго чакае пакаранне.
У Ваколіцы вёскі Мачуль было чыста. Даволі вялікая тэрыторыя не стракацела смеццем, наадварот, радаваў вока прыгожы пейзаж.
аграгарадок Рамель крыху сапсаваў уражанне. Па-першае, тэрыторыя каля будынка праўлення мясцовай гаспадаркі, на думку Генадзя Мікалаевіча, даўно мае патрэбу ў добраўпарадкаванні.
А па-другое, на вуліцы Уродніча пустуе дзяржаўны дом, гаспадаром якога павінен быць работнік гаспадаркі.
Будзем спадзявацца, што ў бліжэйшы час гэтыя пытанні пяройдуць у стан выкананых задач.
Як і знікне з поля зроку гурба мінулагодняй капусты і яе рэшткаў. Гаспадары абяцалі паспець да Вялікадня.
Нягледзячы на гэтыя хібы, трэба адзначыць дбайлівасць і гаспадарлівасць жыхароў Рамельскага сельсавета. Трымайце так і далей!
– Прыемна было сёння пабываць у гэтых населеных пунктах. Бо сітуацыя кардынальна змянілася ў лепшы бок. Напрыклад, вуліца Набярэжная, па якой мы сёння здзейснілі прагулку, была падобная на вялікі склад будаўнічых матэрыялаў і сметнік. А зараз, самі бачыце, і з дзіцяткам у калясцы не сорам прайсці. Жыхары – малайцы! З дзяржаўнымі памяшканнямі і станам каля іх тэрыторыі будзем вырашаць праблемы.
Зробім наш край прыгожым разам!
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
