НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Многія вучні лічаць урокі фізічнай культуры аднымі з самых любімых як самыя лёгкія. Але тут таксама трэба працаваць. Гэта дапаможа не толькі стаць вынослівым і моцным, але і выхаваць у сабе мэтанакіраванасць і самадысцыпліну.  У гэтым упэўнены Васіль Іосіфавіч Сядляр – настаўнік фізічнай культуры Рамельскай сярэдняй школы, які атрымаў званне “Малады чалавек года” ў галіне фізкультуры і спорту. Тут ён працуе з 2010 года.

– Не сакрэт, што сучасных дзяцей зараз больш цікавяць рознага кшталту га-джэты, камп’ютарныя гульні, чым заняцце спортам. Якімі педагагічнымі сакрэтамі валодаеце вы, каб заахвоціць вучняў?
– Не стану адмаўляць, што зараз складана матываваць дзяцей на занятках. І гэта мяне як настаўніка вельмі хвалюе. Бо чалавеку, які яшчэ расце, фізічная нагрузка проста неабходна для правільнага фарміравання арганізма. Кантрольныя нарматывы, што здаюць вучні, разлічваю не я, а спецыялісты па фізічным выхаванні, якія вывучаюць асаблівасці чалавечага цела на працягу многіх гадоў. На ўроках тлумачу гэта сваім вучням, каб яны ведалі, што займаюцца не дзеля адзнакі, а дзеля сябе. Мая мэта – навучыць дзяцей любіць спорт у цэлым. Каб яны ішлі гуляць у футбол ці займацца на турніках, каб цікавіліся спартыўнымі навінамі, каб сачылі за дасягненнямі нашых атлетаў, каб мелі куміраў, на якіх хацелі б быць падобнымі, каб хацелі праславіць сваю краіну.
Дзеля гэтага вучні заўсёды прымаюць удзел ва ўсіх магчымых спаборніцтвах і турнірах. З 2016 года каманда Рамельскай сярэдняй школы з’яўляецца пераможцай раённай спартакіяды. І гэтым дасягненнем можна ганарыцца, калі ўлічыць, што за перамогу змагаюцца 38 школьных каманд! А нядаўна нашы вучні занялі трэцяе месца ў вобласці па сучасным відзе спорту – стрытболу (вулічным баскетболе). Удзельнічалі і ў рэспубліканскіх спаборніцтвах “Школиада-2018”. Традыцыйна дзявочая каманда па баскетболе займае прызавыя месцы ў раённым чэмпіянаце. Не забываем і пра футбол.
– Відавочна, што ў цябе перад вачыма быў цудоўны прыклад?
– Быў і ёсць – мой бацька Іосіф Васільевіч, які таксама працуе настаўнікам фізічнай культуры. Я заўсёды быў побач з ім. Мне здаецца, што ўрокаў фізкультуры ў мяне было больш за ўсе астатнія ў школе (смяецца). Бо я хутчэй спяшаўся ў спартыўную залу, каб паглядзець, як гуляюць старэйшыя вучні. Прымаў удзел у спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, быў членам каманды па футболе. Праўду кажуць: калі палюбіў штосьці з дзяцінства, то і ў будучыні не захочаш з гэтым развітвацца. Вось і я не захацеў і паступіў у Брэсцкі педагагічны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна на факультэт фізічнага выхавання. Больш таго, такую ж спецыяльнасць выбрала і мая сястра Таццяна, якая зараз жыве і працуе ў Брэсце.
– Моладзь зараз не спяшаецца вяртацца на сваю малую радзіму. Маўляў, пашукаем шчасця ў горадзе, а прыехаць назад заўсёды паспеем. А ты адразу зрабіў выбар, дзе пачаць працаваць, ці так выпадкова атрымалася?
– Шчыра скажу, я хацеў вярнуцца ў Рамель. На мой погляд, можна сябе знайсці ўсюды, галоўнае – мець жаданне і матывацыю. Праўда, спачатку хваляўся, як успрымуць вучні, асабліва старшых класаў, мяне як маладога настаўніка. Аказалася, дарма перажываў.
– Васіль, на тваёй старонцы ў сацыяльных сетках ёсць фотаздымкі з розных месцаў. Ты любіш падарожнічаць?
– Для мяне цікава бываць у іншых гарадах, краінах. Змена абстаноўкі дае мне зарад энергіі, быццам штосьці пераключаецца ўнутры і ў цябе з’яўляюцца сілы для новых дасягненняў. Пакуль давялося пабываць толькі ў суседняй Украіне. Уразілі велічныя Карпаты, а Адэса аказася вельмі блізкім па духу горадам.
Калі з’яўляецца магчымасць, разам з сябрамі наведваю спартыўныя матчы. Не перадаць словамі, які адчуваеш адрэналін, калі выйграе твая каманда! А яшчэ сярод любімых заняткаў – рыбалка. Таму з нецярпеннем чакаю лета, якое для мяне – любімая пара года, каб ажыццявіць планы, якіх у мяне заўсёды многа.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Фота Ганны МЕЛЬНІК

Оставить комментарий

Похожие новости