Для мяне Дзень Перамогі – асаблівае свята. Мне яшчэ пашанцавала сустракацца з ветэранамі – героямі, якія былі на перадавой, якія рызыкавалі сваім жыццём, якія бачылі смерць…
На жаль, многіх ужо няма ў гэтым свеце. Але засталіся іх занатаваныя ўспаміны. Удзячна сваёй бабулі Алене, царства ёй нябеснае, якая таксама многае мне расказала пра падзеі ваеннага часу. І як галасілі маці, чые сыны не вярнуліся з палёў бою, і як удовамі заставаліся маладыя жанчыны, і як людзі радаваліся такой вымаленай перамозе. Яе таксама кранула вайна. Тры гады яна знаходзілася ў Германіі, дзе працавала ў фермера. Малалетнім вязнем быў і яе муж Аляксей, мой дзядуля, які быў на заводзе.
Але найбольш цяжка давялося тым, хто кожны дзень бачыў пакуты.
Асабліва мне ўрэзалася ў памяць гісторыя Тамары Кузьміч – старшыны медыцынскай службы з Давыд-Гарадка, якая сустрэла вайну 17-гадовай дзяўчынай. Яна толькі скончыла медыцынскае вучылішча, нават дыплом не паспела атрымаць.
– Наш родны горад немцы акупіравалі хутка. Мы яшчэ зусім нявопытныя, маладыя, а на вакзале вагон з параненымі. Успамінаеш усё да дробязі, што вывучыла за два гады ў медыцынскай школе. Робіш перавязкі, бінтуеш, карацей кажучы, ратуеш як можаш. А поезд стаяць доўга не можа. Вакзал пачалі моцна бамбіць, таму разам з іншымі дзяўчатамі апынуліся ў Туле. Адтуль з танкавай калонай рушылі ў Сухінічы, што ў Смаленскай вобласці. Зноў вакзал і параненыя, параненыя, параненыя… Да нас траплялі цяжкія, на фронт яны не вярталіся. Паміралі, а тых, хто заставаліся калекамі, у тыл адпраўлялі. Я ў аперацыйнай працавала. Тэлефануюць: ідзе лятучка з салдатамі. І мы носім іх, але мала хто стогне: трываюць як могуць. Паўтары гадзіны толькі на адпачынак за суткі і зноў – ратаваць. Толькі вочы заплюшчыш і падымаюць. Не ведаю, як мы тады вытрымлівалі.
На жаль, жанчыны ўжо даўно няма ў жывых, таму ўдзячна лёсу, што мне давялося спаткацца з ёй.
Зусім нядаўна пайшоў з жыцця 100-гадовы ветэран з Давыд-Гарадка Міхаіл Дзісь. Сустрэліся мы з ім якраз у дзень нараджэння. Вось яго ўспаміны:
– Ідзём, а вакол ляжаць забітыя салдаты. І ніхто не звяртае ўвагі. Ідзём наперад, бо такі загад. А яны зусім маладыя. Гэта вельмі жудаснае відовішча. Два разы я бачыў, як на міне падрываліся літаральна за некалькі крокаў ад мяне. Загінуць на вайне вельмі проста.
Пётр Бруцкі-Сцямпкоўскі з вёскі Альпень 18-гадовым юнаком трапіў на фронт.
– На табе, сыночак, ікону Божай Маці, – са слязьмі на вачах праводзіла свайго сыночка маці, – няхай яна цябе аберагае ад смерці!
Пётр паклаў іконку каля самага сэрца. Ён, хоць і юнак зусім, а разумеў, што вайна нікога не шкадуе. Яго адправілі вучыцца ў польскі горад Познань на сапёра. Потым ён прымаў удзел у Вісла-Одэрскай аперацыі, у ходзе якой ад нямецкіх войскаў была вызвалена тэрыторыя Польшчы на захад ад Віслы і захоплены плацдарм на левым беразе Одэра, выкарыстаны пасля пры наступленні на Берлін. І вось ён – Берлін. Узрадаваныя сябры хутчэй падбеглі да сцен Рэйхстага. Юнак таксама паспяшыў. Напісаў сваё прозвішча па-польску, як у школе вучылі.
Зараз на тэрыторыі Давыд-Гарадоцкай зоны жыве толькі адзін ветэран – Аляксандр Міхлюк з вёскі Аздамічы. Ён пайшоў на вайну ў 1944 годзе, а дома засталіся жонка і двое дзяцей. Ён быў у складзе 116 стралковага палка, які адправілі на месца дыслакацыі ў Латвію. Там патрэбна было разбіць значную варожую групоўку. Добра ўмацаваныя, немцы мелі выхад да Балтыйскага мора. Таму задача перад палком салдата Міхлюка стаяла амаль невыканальная.
– Смерць прыходзіла часта. Быў у нас Грыша Казак з Альшан. Ляжым мы на досвітку каля палявой кухні, чуем гул варожага самалёта. Над верхавінамі дрэў разрываецца міна і асколкі ляцяць на нас. Мы ў выратаванні да зямлі прыпалі, пакуль самалёт не паляцеў. Чуем, стогне наш Грыша: асколак у пазваночнік трапіў. Мы яго загарнулі ў нейкую тканіну і перацяглі ў бліндаж. Там ён і сканаў. На нашых вачах. Шкада, такі хлопец быў добры, прыгожы.
У адным з баёй ветэран атрымаў цяжкае раненне.
– Мы прыкрывалі нашу пяхоту. Як зараз памятаю, канец лістапада быў. Цягну свой кулямёт «Максім». Ён важкі, зараза, але без яго кроку не маю права ступіць. І раптам адчуваю страшны боль. Куля трапіла якраз у левую руку. Мы схаваліся ў нейкай канаўцы, а я бачу, як з рукі цячэ кроў. Спачатку бінтамі хацеў спыніць, а яна ўсё роўна ракой льецца. Дастаў анучу, але зноў не магу даць рады. Я ўсе жылачкі бачу, ледзь прытомнасць не згубіў. Толькі калі цераз плячо завязаў, як гіпс, крыху лепш стала. Аднаму салдату вочы засыпала, што нічога не бачыў. Загадваюць нам разам з ім ісці да палявога шпіталя. Дзякаваць Богу, ногі цэлымі засталіся, інакш так і засталіся б у той канаўцы ляжаць.
Гэтыя ўспаміны не павінны знікнуць, бо загубіцца наша гісторыя. Гэтыя людзі, як і мільёны салдат, здабывалі Перамогу. Нам проста неабходна захоўваць памяць пра іх, каб перадаць нашым нашчадкам. Гэта наш святы абавязак.
Ганна МЕЛЬНІК