НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Мяне заўсёды захаплялі людзі, якія ставяць перад сабой мэты і дасягаюць іх, мінаючы ўсе перашкоды; якія пастаянна вучацца, развіваюцца. Яны – прыклад таго, што ўсё магчыма, калі ёсць жаданне, бо пад ляжачы камень вада не цячэ.
І вось мне выпала нагода пазнаёміць чытачоў з такімі людзьмі – Мікалаем і Ірынай Сімановічамі.
Гаспадар – індывідуальны прадпрымальнік, уладальнік крамы «Геркулес», што ў Давыд-Гарадку. Таксама Мікалай з’яўляецца рэгіянальным прадстаўніком французскіх кампаній «Clause» і «Vilmorin», а таксама іспанскай «Forcrop». Для тых чытачоў, якія, як і я, упершыню чуюць такія мудрагелістыя назвы, патлумачу: дзейнасць дадзеных кампаній накіравана на вытворчасць высакаякаснага насення, а таксама біяпрэпаратаў, якія неабходныя для росту і развіцця раслін. На тэрыторыі нашага раёна праводзяцца семінары, на якіх дэталёва разглядаецца тэхналогія вырошчвання садавіны і агародніны. Звычайна семінары, калі дазваляе надвор’е, праводзяцца адразу на палях. У ходзе семінараў фермеры абменьваюцца вопытам, дзеляцца сваімі назіраннямі і сваімі напрацоўкамі. Апошні семінар адбыўся ў студзені гэтага года, калі прыязджаў прадстаўнік іспанскай кампаніі «Forcrop» Францыск Прац. Таксама ў нашым раёне пабывалі палякі, украінцы, расіяне.
– Цікава, якое ўражанне гасцей пра наш раён?
– Толькі цудоўнае. Яны бачаць, што тут жывуць гаспадарлівыя людзі, якія імкнуцца да дабрабыту і робяць усё дзеля гэтага. На нашы семінары мы запрашаем і звычайных вяскоўцаў, якія цікавяцца раслінаводствам.
– А з чаго ўсё пачалося?
– Вы не паверыце, усё пачалося з перцу. Аднойчы я гандляваў на Камароўцы ў Мінску сваім перцам, а каля мяне стаяў мужчына, у якога перац быў у некалькі разоў большы. Запомніў назву гібрыда – «Геркулес». Аказваецца, перац быў таксама наш – беларускі. І мяне зацікавіла, як на сваім полі вырасціць такі самы. Пачаў гартаць спецыяльныя кнігі, многа ў інтэрнэце карыснай інфармацыі знайшоў і пайшло-паехала. Жонка таксама падтрымала ідэю і тады выйшлі на гэтыя кампаніі.
– Значыць, вы не адразу займаліся раслінаводствам?
– Не. Адразу я настаўнічаў у школах у Давыд-Гарадку. Па першай адукацыі я настаўнік гісторыі, беларускай мовы і літаратуры, а па другой – юрыст.
Упэўнена, гэтая інфармацыя таксама ўразіла нашых чытачоў. Больш таго, Мікалай у гады вучобы ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна з’яўляўся кіраўніком студэнцкага літаратурнага гуртка «Станаўленне». Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школьныя гады. Яго творы неаднаразова друкаваліся і на старонках «Навін Палесся», а таксама ў абласной перыёдыцы. У 2005 годзе ён выпусціў зборнік «Свабоднае каханне», у якім не толькі вершы, але і проза выключна на беларускай мове, на якой Мікалай размаўляе без праблем. Спрабаваў сябе цяперашні аграрый і ў журналістыцы.
– Дык як атрымалася, што з паэта вы перакваліфікаваліся ў агранома? – пытаю суразмоўцу.
– Адкажу шчыра, былі патрэбны грошы. У школе я працаваў усяго тры гады, і гэты вопыт мне дарагі. Але, каб распачаць будаўніцтва свайго дома, пра які мы марылі з жонкай, трэба былі сродкі. Мы, як і большасць маладых сем’яў, трымалі свой парнік, працавалі на зямлі. Дапамагалі бацькі, і вось ужо колькі гадоў жывём у сваім доме. Настаўнікам нельга быць напалову, бо ён прыклад для вучняў. Трэба аддавацца гэтай прафесіі цалкам, бо толькі ў такім выпадку дзеці будуць прыходзіць на заняткі з ахвотай. У той час сумяшчаць работу і сваю гаспадарку не было магчымасці, таму я і зрабіў такі выбар. Затое перад самім сабой чэсны застаўся. Увогуле, лічу, што чэснасць – самая важная рыса характару ў чалавека. Я маю зносіны з многімі людзьмі. У мяне часта пытаюць парады па вырошчванні агародніны і садавіны. Я заўсёды рады падзяліцца, бо веру, што дабро вяртаецца. А на зайздрасць стараемся з жонкай не звяртаць увагі. Тое, чым я займаюся зараз, мне вельмі даспадобы, таму лічу сябе чалавекам шчаслівым. Гэты год выдаўся вельмі складаны, надвор’е непрыемна здзіўляла. Зараз часта езджу на поле, дапамагаю сваёй агародніне «прыйсці ў сябе». Планаў на будучыню вельмі многа, вось наступны семінар хочам правесці восенню, дай бог, ужо каронавірус знікне.
– Калі ёсць жаданне, таксама прыязджайце, – запрашае Мікалай.
– Значыць, да сустрэчы! – з задавальненнем згаджаюся я.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота
аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости