НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

У СУП «Рубельскі», які ўваходзіць у склад фермерскай гаспадаркі «Вопыт КАА», прыехала не так сабе. Тут найбольшая ўраджайнасць самай «грашовай» сельскагаспадарчай культуры – азімага рапсу. З аднаго гектара намалацілі 47 цэнтнераў.
Паспела яшчэ застаць экіпажы на полі, паколькі пасеяныя 200 гектараў вось-вось скончаць убіраць. Ужо намалочана 871 тона рапсу.


– А мы і не сумняваліся, што будзем лідарамі, – упэўнена кажа дырэктар гаспадаркі Аляксандр Ляшкевіч. – Для гэтага мы зрабілі ўсё, што ад нас залежала. Своечасова прапалолі, апрацавалі, угноілі – карацей кажучы, усё згодна з тэхналогіяй. Канечне, у першую чаргу гэта заслуга агранамічнай службы. Але і работу ўсіх звёнаў трэба ўлічваць, аддана працавалі на добры вынік усе.
І ўсім знаходзіць прыемныя словы Аляксандр Іванавіч. Механізатара Віктара Жалянгоўскага спынілі на полі. Аказваецца, любоў да прафесіі перадалася яму ад бацькі, які таксама заняты на ўборцы, толькі з іншым напарнікам.
– Бацька ўспамінае, што раней у поле выходзілі, як на поле бою, – расказвае Віктар. – Тэхніка была не тое, што зараз, ні кандыцыянераў табе, ні такіх магутнасцяў. Але колькі было азарту! Як змагаліся за званне перадавікоў! Цяпер сельскагаспадарчыя агрэгаты мадэрнізаваны для камфортнасці механізатараў, таму нават у самую страшную спёку працаваць – асалода. Але азарт застаўся, усім хочацца быць у лідарах.
Ды адна справа ўбраць, а зусім іншая – правільна захаваць.
– Канешне, сёлета нам давялося панервавацца за ўраджай у сувязі з надвор’ем, – ад’язджаючы з поля, працягвае дырэктар гаспадаркі. – Дзякуй богу ў нас не моцна нарабілі бяды дажджы з вятрамі. Але вільгаці ў збажыне, як і ў рапсе, было больш, чым патрэбна, таму чакалі спрыяльнага надвор’я. А яно, як назло, то ёсць, то раптам знікне. Затое не падводзіць сучасны зернесушыльны комплекс ЗСК-40ША вытворчасці ААТ «Амкадор-СЕМАШ». Ён за адзін раз сушыць 85-90 тон збожжа, прычым зыходная вільготнасць можа даходзіць да 35 працэнтаў. Ужо трэці сезон выручае, калі надвор’е планы псуе. Так што пакупка вельмі карысная.
Адказваюць за работу комплексу слесары Мікалай Пашкевіч і Уладзімір Пашкевіч. Пакуль мы размаўлялі, падышоў бацька Уладзіміра – Аляксандр Іосіфавіч, які ўспомніў, колькі сіл затрачвалі ў час уборкі тры-чатыры дзясяткі гадоў таму. Не губляе цікавасці да гэтага працэсу і зараз: як толькі ўборка, тут як тут.
– Трэба ж кантраляваць гэтую моладзь, – з усмешкай кажа ветэран працы, які, на хвіліначку, быў лепшым сярод аператараў зернесушыльных комплексаў у рэспубліцы. – Калі лянуюцца, можна і прачуханца даць.
А тым часам пад’ехаў, каб выгрузіць рапс, вопытнейшы вадзіцель Андрэй Будкевіч. Ён прыйшоў у гаспадарку ў 1981 годзе, праўда, адзін час пакінуў, здабываў капейку на заробках. Але потым зноў вярнуўся.
– Не сядзіцца мне, калі тэхніка ў полі гудзе. Гэта мая стыхія, – кажа ён.
Універсальны работнік Андрэй Ляшкевіч падбіраў ура-джай на амкадоры, таксама заслугоўвае ўвагі. 30 гадоў ў гаспадарцы, зарплатай задаволены, умовамі работы таксама.
– Пакуль ўборка ідзе не на 100 працэнтаў, паколькі пера-шкаджае надвор’е, – тлумачыць абстаноўку дырэктар Аляксандр Ляшкевіч. – Зжалі толькі азімае жыта, якога намалацілі 1104 тоны, ураджайнасць маем таксама неблагую – 55 цэнтнераў з гектара. Пачалі ўбіраць пшаніцу і разлічваем на першае месца па ўраджайнасці.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Список из 35 запрещенных к распространению в Беларуси печатных изданий
Несовершеннолетним не продаём?!
Символы моей страны

Символы моей страны

22 ноября, 2024
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости