НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Сёлетняе жніво для братоў Ігара і Васіля Трушко з КСУП “Рухчанскі” – 14-ае. Сямейны экіпаж камбайнераў убраў збажыну з 217 гектараў і намалаціў 964 тоны збожжа.
У раённым спаборніцтве яны занялі другое месца і на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2019”, які прайшоў у в. Сямігосцічы, былі ўзнагароджаны Падзячнымі лістамі райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і грашовымі прэміямі.
– У нас на палях працавалі чатыры камбайны, – расказвае дырэктар КСУП “Рухчанскі” Генадзь Харавец. – З агульнай плошчы 805 гектараў (за мінусам 120 гектараў рапсу) экіпажам Трушко ўбраны найбольшы збожжавы палетак. Ігар Васільевіч – старшы камбайнер. Талковы трактарыст. Увесь час працуе ў мясцовай гаспадарцы. На сваім МТЗ-82 выконвае ўвесь цыкл сельскагаспадарчых работ – ад сяўбы да ўборкі саломы з палёў. З 2006 года на жніве працуюць сямейным экіпажам з братам Васілём. Таксама разумны, пакладзісты хлопец. Яму б жонку, бо ён у нас халасцяк…
Абодва браты мясцовыя. Пасля школы набылі рабочыя спецыяльнасці: Ігар Васільевіч – у Столінскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы, Васіль Васільевіч вывучыўся на токара ў Мінску.
Адслужылі ў арміі, вярнуліся ў родную вёску і тут знайшлі сваё прызначэнне – шчыруюць у сельскай гаспадарцы. Ігар – на трактары, Васіль пасля жніва пайшоў у будаўнічую брыгаду. У вольны час любяць выбрацца на рыбалку, адпачыць на прыродзе.
У Ігара Трушко двое сыноў. Старэйшы Уладзіслаў – студэнт Баранавіцкага ўніверсітэта, вывучае агранамічную навуку.
Малодшы Аляксандр – сёлетні адзінаццацікласнік.
Жонка Ніна працуе дырэктарам Рухчанскага сельскага дома культуры. Ёй таксама не па чутках вядома сельская праца. Да таго ж з удзельнікамі аматарскай творчасці неаднаразова выязджалі з канцэртамі на палі і збожжаток, каб узняць настрой працаўнікам гарачай летняй пары.
Галіна ГАШЧУК
Фота
аўтара

Предыдущая новость

Оставить комментарий

Похожие новости