У кожнай прафесіі – свая спецыфіка. І кожны чалавек выбірае тое, што яму па душы.
Для Уладзіслава Манжынскага – гэта лес. Ён працуе інжынерам па лесакарыстанні Палескага лясгаса. І як ніхто ведае, што лес – гэта не проста дрэвы, а і вялікія грошы. Свой подпіс Уладзіслаў ставіць на дакументах, у якіх памылка не дапушчальна.
– Пэўна, сто разоў пераправяраеш тыя паперы, якія падпісваеш? – пытаюся.
– Ну не сто, але некалькі разоў – дакладна, – адказвае ён. – Зараз ужо асвоіўся, гэта першы час было нязвыкла. Тут з ходу не разбярэшся. Трэба добра ўнікнуць, бо дробязяў няма. Дапамагалі старэйшы калега Мікалай Марчук, Алена Сямейка, якая раней працавала на маёй пасадзе. Так што я ўжо ў тэме.
Уладзіслаў зрабіў выбар на карысць лясной гаспадаркі самастойна, з’яўляючыся першапраходцам у сям’і. Бацька працуе вадзіцелем у пажарнай часці, а маці – медыцынскай сястрой у тэрапеўтычным аддзяленні. Сына падтрымалі, бо ведалі, што работа заўсёды будзе, лес жа расце ўсюды.
Пасля заканчэння сярэдняй школы Уладзіслаў паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, дзе атрымаў спецыяльнасць інжынера лясной гаспадаркі. Практыку праходзіў у Гомельскай вобласці, але заставацца там не захацеў, бо жадаў вярнуцца ў родныя мясціны. Першае яго рабочае месца – майстар лесу ў Вільенскім лясніцтве.
– Тое, што мы вучылі ва ўніверсітэце, і тое, з чым давялося сутыкнуцца на практыцы, безумоўна, розныя рэчы. Сустрэлі мяне цудоўна. Казалі: добра, што моладзь да лесу мае цікавасць – значыць, ён будзе пад абаронай. Са мной прыйшоў працаваць лесніком яшчэ адзін гарадчук – Арцём Прыка, так што было несумна.
– Ты ўжо не першы прадстаўнік лясной гаспадаркі, пра якога даводзіцца пісаць. А што менавіта цябе захапляе ў лесе?
– Магчымасць прывесці думкі ў парадак. Калі ў кабінетах пастаянна нейкія размовы, то ў лесе – абсалютная цішыня. Ты займаешся выключна сваёй справай, нішто не адцягвае увагі. Гэта мяне і прыцягнула. Зараз, безумоўна, па-іншаму. Многа дакументацыі і даручэнняў. Трэба ведаць кожны новы закон і папраўку. Таму неабходна сканцэнтраванасць.
Абавязкаў ва Уладзіслава насамрэч многа. Ён арганізоўвае работы па ўсіх відах лесакарыстання – высечкі галоўнага карыстання, высечкі догляду лесу, нарыхтоўкі другарадных лясных матэрыялаў. Кантралюе якасць адвядзення лесасекаў і захаванне патрабаванняў заканадаўства па ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным карыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правілаў і нормаў аховы працы і пажарнай бяспекі. Аналізуе і сістэматызуе даныя па лесасечнам фондзе. Афармляе лесарубныя білеты на дазвол высечкі, ордэры на водпуск лесу на пні, білеты на ўсе віды пабочнага карыстання лесам і многае іншае.
– У лесу павінен быць гаспадар, як і ў любым доме. Толькі тады парадак будзе, – разважае інжынер. – На жаль, на маёй практыцы даводзілася сустракацца з выпадкамі незаконнай высечкі лесу. І пажары бачыць. Шкада, што не ўсе людзі разумеюць, наколькі важна захаванне лесу для будучых пакаленняў.
Любімым заняткам ва Уладзіслава з’яўляецца рыбалка. Калі адзін адпраўляецца, калі са сваёй каханай Ірынай, якая зараз працуе над дыпломам. Маладая пара плануе ў хуткім часе стварыць сям’ю і пабудаваць дом. І пасадзіць сад. У гэтай справе Уладзіславу Манжынскаму вопыту хапае.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара