НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Дом культуры ў вёсцы – месца адпачынку, цікавага правядзення часу і разнастайных вясёлых праграм.
У 2018 годзе ў Асавой прай-шло свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі». У лепшы бок змяніліся ўмовы працы. Будынак адрамантавалі, правялі ацяпленне, дабавіліся новыя памяшканні. Абнавіўся знешні выгляд – цяпер гасцей і аднавяскоўцаў сустракае яркі фасад.
Капітальны рамонт Дома культуры, можна сказаць, удыхнуў новае жыццё ў дзейнасць работнікаў культуры, даў новы творчы віток. Пра гэта кажуць і работнікі ўстановы, і шматлікія гледачы канцэртных праграм.
У будынку ДК размешчана таксама аддзяленне паштовай сувязі, фельчарска-акушэрскі пункт, бібліятэка. А яшчэ – этнаграфічны куток, які выклікае асаблівую цікавасць у дзяцей. Ён дзейнічае з 2012 года. У ім сабраны старадаўнія рэчы, сярод якіх самавар, млын, ступа, прыбраны ложак, вышытыя карціны мясцовых жыхарак. Экспанаты збіралі ў Асавой, Відзіборы, Камарніках, Церабішчы і іншых вёсках. Некаторыя людзі самі перадавалі старыя рэчы ў «міні-музей».
У этнаграфічным кутку пабывалі не толькі навучэнцы мясцовай і бліжэйшых школ, а і замежныя госці: італьянцы, немцы, галандцы, расіяне. Свае ўражанні яны пакідаюць у кнізе водгукаў і прапаноў.
У Доме культуры размешчаны карціны Анатоля Зялёнкіна з в. Камарнікі, які адлюстраваў на іх прыгажосць роднага краю. Можна азнаёміцца з чатырма работамі, пятую рыхтуюць да паказу.
У мінулым годзе Асаўскі дом культуры быў занесены на раённую Дошку гонару. Адна з асноўных задач, якія стаяць перад творчымі работнікамі, – арганізацыя вольнага часу, правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў. Асаўскі дом культуры абслугоўвае шэсць бліжэйшых вёсак. Гэта Відзіборац, Церабішча, Камарнікі, Асаўцы, Варсынь і Асавая. Тут пражываюць 497 чалавек, у Асавой – 140. У мінулым годзе правялі больш за 200 мерапрыемстваў для дзяцей і дарослых.
Мікалай Кавалёў – загадчык сельскага Дома культуры, Жанна Квятка – культарганізатар. Яны – асобы, улюбёныя ў мастацтва і сваю справу.
Мікалай Мікалаевіч з 2003 года займае пасаду дырэктара, да гэтага быў мастацкім кіраўніком. Працаваў у Вялікім Лесе, Відзіборы. Мужчына піша вершы, байкі. Супрацоўнічае з народным клубам аматараў песні «Ярок». Дарэчы, на свяце працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў Давыд-Гарадку выконваліся яго прыпеўкі пра аграгарадкі і вёскі Століншчыны.
Жанна Юр’еўна ў Асаўскім доме культуры з 2011 года. Раней працавала ў бібліятэцы ў Століне. Лёс склаўся так, што пераехалі ў Асавую. Але, як кажа жанчына, тут ёй падабаецца: і вёска, і прырода, і творчая дзейнасць. Райцэнтр – недалёка, пры неабходнасці можна хутка дабрацца.
Пры Доме культуры дзейнічаюць гурткі вакальных і сольных спеваў, аматарскія аб’яднанні: «Крепышок» па вядзенні здаровага ладу жыцця, «Эрудит» – інтэлектуальныя гульні, «Юморина» – аб’яднанне аматараў добрага гумару.
Адзін з любімых клубаў хлопчыкаў і дзяўчынак – «Лира». Тут дзеці ладзяць разнастайныя пастаноўкі, сярод якіх – «Калабок», «Чырвоны Капялюш», «Гусі-лебедзі», «Папялушка». Гурткі і аб’яднанні наведваюць людзі, якія любяць і цэняць творчасць, вучацца новаму і карысна праводзяць час.
Самыя актыўныя ўдзельнікі ўсіх мерапрыемстваў – сястрычкі Аляксандра, Дар’я і Валерыя Пашкевіч, Аляксей Яворскі, Дзмітрый, Лілія і Уладзіслаў Квятка, Юрый Трушко, Ілья Мураўёў, Мікалай і Паліна Ляшкевіч, Арцём Белавус.
– Работа з дзецьмі і падлеткамі – адзін з прыярытэтных кірункаў дзейнасці нашай установы, – кажа Жанна Квятка. – Развіццё здольнасцяў, фарміраванне творчай асобы… Гэтыя задачы мы ставім перад сабой пры падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў: гульнявых, конкурсных, па-знавальных, тэатральных, забаўляльных праграм.
Актыўную дзейнасць вядзе клуб аматараў песні «Медуніца». Яго ўдзельнікі – Лідзія Дзямчук, Марыя Закрэўская, Вольга Пашкевіч, Жанна Квятка і Сняжана Кісель.
Калектыў выступае на святах раённага ўзроўню: мерапрыемствах, прысвечаных Дню Незалежнасці, Масленіцы, адкрыцці рэзідэнцыі Дзеда Мароза. Яркія ўражанні пакінуў удзел у Міжнародным пленэры ганчароў, у абласных Дажынках у Давыд-Гарадку.
«Медуніца» рыхтуе праграмы і для аднавяскоўцаў. Падтрымліваюць сельскіх працаўнікоў у час уборачнай кампаніі. Бывае, калі выступаюць перад знаёмымі, больш хвалююцца, чым на вялікай сцэне.
Не так даўно артысты «пераапрануліся» ў новыя касцюмы. Раней адзінага стылю ў калектыву не было. Цяпер усё інакш. У час выступленняў выканаўцы выходзяць на сцэну ў доўгіх белых сукенках, вышытых узорамі пяшчотнага ружовага колеру. Гэта прыйшлося даспадобы і гледачам, і самім артыстам.
Рэпертуар клуба – народныя, аўтарскія песні. Любяць кампазіцыі ансамбля «Бяседа».
У Асавой праводзіцца Дзень вёскі. Для невялікіх населеных пунктаў – гэта традыцыйнае свята, якое збліжае вяскоўцаў. Паколькі ў зону абслугоўвання Дома культуры ўваходзяць некалькі вёсак, культработнікі вырашылі арганізоўваць Дні вёскі і ў іх. Правялі свята ў Асаўцах, потым сумясцілі Камарнікі і Церабішча.
А «падкінулі» такую ідэю выхадцы з в. Церабішча, якія жывуць у розных гарадах нашай краіны. Яны сочаць за старонкай Дома культуры ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі», знаёмяцца з навінамі, пакідаюць каментарыі. Тут жа прапанавалі правесці свята, паколькі планавалі сустрэчу на радзіме. Мерапрыемства ўдалося на славу, вельмі спадабалася гасцям.
У Асаўскім ДК праводзіцца работа з моладдзю, сем’ямі, пажылымі. Акрамя канцэртаў і танцавальна-забаўляльных праграм, гэта вечары і сустрэчы, дзе можна ў цёплай абстаноўцы пагутарыць.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости