Пра тое, што мой земляк Аляксандр Мішкоў з’яўляецца папулярным блогерам даведалася праз сацыяльныя сеткі.
Відэаролікі з яго ўдзелам набіраюць мільёны праглядаў, а на яго блог «Спяцы» ў TikTok падпісана больш за 113 тысяч чалавек. Пра яго пішуць галоўныя сродкі масавай інфармацыі краіны і здымае рэпартаж нацыянальнае тэлебачанне. І для гэтага ёсць цудоўная нагода. Аляксандр Мішкоў – майстар вытворчага навучання Смілавіцкага дзяржаўнага каледжа – праз сваю блогерскую дзейнасць харызматычна і з пачуццём гумару папулярызуе сельскую гаспадарку сярод моладзі і даказвае, што трактар – у трэндзе. Таму надышла чарга «Навін Палесся» расказаць пра таленавітага палешука.
Сямігосцічы
Аляксандр скончыў Сямігосціцкую сярэднюю школу ў 2005 годзе і паступіў у цяперашні Пінскі дзяржаўны аграрны каледж. Атрымаўшы спецыяльнасць экскаватаршчыка і слесара, вярнуўся ў вёску і ўладкаваўся ў ААТ «Новая Прыпяць» механізатарам на адной з фермаў. Два гады набіраўся вопыту, зарэкамендаваўшы сябе майстрам на ўсе рукі і адказным работнікам. Таму ў тагачаснага кіраўніка гаспадаркі Івана Антановіча былі планы на працавітага юнака, і ён прапанаваў стаць загадчыкам мехдвара на адным з вытворчых участкаў. Але Аляксандр, не без парады родных, вырашыў працягнуць вучобу ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным каледжы. «Вярнуцца паспею», – падумаў ён тады. Але не вярнуўся, бо па размеркаванні яго накіравалі ў Смілавіцкі дзяржаўны каледж майстрам вытворчага навучання.
Смілавічы
Невялікі гарадскі пасёлак Аляксандру спачатку не надта спадабаўся, маўляў, лепш няма за родныя краявіды. Затое ў каледжы яго прынялі сардэчна: як-ніяк і вопытны чалавек, і дыпламаваны. Жыллём забяспечылі, і Аляксандр з энтузіязмам узяўся за справу. Праўда, праз некалькі месяцаў хацеў вярнуцца ў сваю вёску. Засумаваў, тым больш прапанаваная пасада ў гаспадарцы ўсё яшчэ чакала. Угаварыў застацца дырэктар каледжа Юрый Васільевіч Корсік, які адразу пабачыў у маладым выкладчыку вялікі патэнцыял і верыў, што ён абавязкова знойдзе прымяненне. Як у ваду глядзеў. Праз некаторы час Смілавіцкі дзяржаўны каледж будзе адным з самых прэстыжных устаноў і ў ім захочуць вучыцца юнакі з усёй краіны. Дарэчы, сам былы дырэктар зараз з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, членам Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы. І ўважліва сочыць за дасягненнямі каледжа, у якім прайшоў шлях ад брыгадзіра трактарнай брыгады да дырэктара. Так што апускаць высокую планку нельга.
Пятровіч і ТікТок
Аляксандр застаўся і працягнуў выкладаць. Маючы ў арсенале асабістых якасцяў дабрыню, уменне лёгка знаходзіць агульную мову з іншымі і пачуццё гумару, ён хутка стаў сваім сярод навучэнцаў і яго паважліва сталі называць Пятровіч. На яго заняткі спяшаліся нават самыя заўзятыя прагульшчыкі, а тыя, хто хварэў, дзівосным спосабам папраўляліся. Аднойчы, у красавіку 2021 года, калі рамантавалі клему для акумулятара, адзін з навучэнцаў прапанаваў выкладчыку запісаць відэаролік. Усё было без падрыхтоўкі, без сцэнарыя, без паўторных дубляў. Аляксандр загрузіў зманціраваны канчатковы варыянт і адлучыўся па справах. А калі праз некалькі гадзін зноў зайшоў, то пабачыў, што гэты ролік праглядзелі больш за 400 тысяч разоў!
– Шчыра прызнаюся, што зусім не чакаў такой папулярнасці, – узгадвае мужчына. – У мяне дагэтуль быў акаунт у ТікТок, але там у асноўным размяшчаў сямейныя відэа альбо з адпачынку. А тут людзі пачалі, асабліва моладзь, масава падпісвацца. І тады у мяне ўзнікла ідэя: а чаму б не выкарыстаць гэтую платформу для рэкламы нашага каледжа? Артыстаў хапае, ды і пра што здымаць, паверце, у нас заўсёды знойдзецца.
І сапраўды знайшлося. Блог «Спяцы», а назва пайшла ад слова спецыялісты, набіраў усё больш і больш падпісчыкаў. У ім маладыя людзі на чале з Пятровічам расказваюць пра будні каледжа, пра заняткі, пра новую тэхніку і работу ў лабараторыях, пра перавагі вучобы менавіта ў гэтай навучальнай установе. І ўжо на наступны навучальны год жадаючых паступіць у Смілавіцкі дзяржаўны каледж было намнога больш, чым у папярэднія, нават прахадны бал значна падняўся. Бацькі будучых навучэнцаў тэлефанавалі і раіліся з выкладчыкам, а дзеці так і казалі, што хочуць трапіць у групу да Пятровіча. Аляксандр Мішкоў стаў візітнай карткай каледжа. Выстаўкі, камандзіроўкі, інтэрв’ю, сустрэчы з дэлегацыямі – ўсё гэта стала ўваходзіць у яго абавязкі. Нават з гасцямі з Зімбабвэ размову меў, якія прыехалі паглядзець на беларускую тэхніку ў справе. Хаця ніякай зоркай Аляксандр сябе не лічыць, проста робіць тое, што прыносіць задавальнне.
– Адно магу сказаць дакладна, што любую справу трэба рабіць з душой і якасна, тады ўсё абавязкова атрымаецца, – кажа мой зямляк.
Вось як і жаданне парадаваць жанчын на 8 Сакавіка… жалезнымі ружамі.
Жалезныя ружы
Ідэя прыйшла напярэдадні свята. Спачатку думалі зрабіць некалькі ружаў для жанчын, якія працуюць у каледжы. А далей навучэнцы захацелі падарыць незвычайныя кветкі, якія ніколі не завянуць, маці і сваім дзяўчатам. Кожныя пялёстак і лісцінку выразалі з ліста жалеза, прыварвалі і фарбавалі. Каб паспець, нават уначы працавалі, бо работа ювелірная. А якія прыгожыя кветкі атрымаліся! Ёсць сярод ролікаў на старонцы «Спяцоў» і той, у якім расчуленыя маці дзякуюць сваім сынам. Усяго зрабілі больш 150 кветак, і ўсе яны, нягледзячы на тое, што з жалеза, грэюць сэрцы жанчынам у розных куточках нашай краіны. А ў каментарыях падпісчыкі радаваліся таму, што ў нас такая моладзь і дзякавалі выкладчыкам каледжа за правільнае выхаванне.
Сельская гаспадарка
Аляксандр Мішкоў працягвае вучыцца дагэтуль, з’яўляючыся студэнтам 4-га курса аграмеханічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага універсітэта. Праз ТікТок агітуе паступаць сюды, за што яму дзякаваў асабіста рэктар установы. Лічыць, што вучыцца патрэбна пастаянна, бо штогод з’яўляюцца ўсё больш і больш дасканалыя сельскагаспадарчыя агрэгаты айчыннай вытворчасці і тэхнікі земляробства. А значыць, патрэбны кваліфікаваныя кадры, якіх трэба падрыхтаваць якасна.
– Ды і відэаролік без ведаў не здымеш, – кажа Аляксандр. – Адказнасць вялікая, і памыліцца нельга. Глядзяць жа іх не толькі будучыя навучэнцы, але і спецыялісты. Таму абавязкова ўдакладняю неабходную інфармацыю ў дасведчаных крыніцах. Рэпутацыя дорага каштуе.
Сям’я
Аляксандр з сям’ёй жыве ў сваёй кватэры ў Смілавічах. Жонка Ганна таксама з Сямігосціч, таму па магчымасці з задавальненнем прыязджаюць у родныя мясціны. Свайму сыну Давіду і дачцэ Дарыне прысвячае ўвесь вольны час. Лічыць, што з дзецьмі трэба размаўляць, дамаўляцца, быць прыкладам. Так яго вучыла любімая бабуля Вольга Васільеўна, якая была настаўніцай пачатковых класаў. А яшчэ вучыла заўсёды заставацца чалавекам і паступаць сумленна. Часта яе ўспамінае, а калі прыязджае ў вёску, абавязкова ідзе па знаёмай сцяжынцы. Дарэчы, ёсць у блогу «Спяцы» відэаролікі і пра родную Століншчыну, і пра Прыпяць, на якую Аляксандр прыязджае рыбачыць. Кажа, няма смачнейшай рыбы за тую, што водзіцца тут. Але адзначае, што і камароў вялікіх і такіх куслівых больш нідзе не бачыў.
Зычым Аляксандру новых поспехаў і дасягненняў.
Ганна
Мельнік