НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Выхаванка Давыд-Гарадоцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Вераніка Хмарук удастоена звання «Малады чалавек – адкрыццё 2025 года»
ў галіне культуры і спорту.

– Гэта мой першы медаль са спаборніцтваў па дзюдо, з якім побач крочу амаль дзевяць гадоў, – дзяўчына быццам пераносіцца ў мінулае, разглядаючы ўзнагароду. – Таму самы дарагі сэрцу сярод усіх медалёў. Прызнаюся, нават не магу ўявіць, якім было б маё жыццё без дзюдо. Хоць і давялося сур’ёзна адстойваць свой выбар. Што, як бачыце, у мяне атрымалася.
Гэта зараз навучэнка 9 «Б» класа СШ № 3 р. п. Рэчыца з’яўляецца шматразовай пераможцай і прызёрам турніраў па дзюдо і чэмпіёнкай Беларусі.
У свае 15 гадоў мае званне кандыдата ў майстры спорту, якое прысвойваецца за высокія вынікі на афіцыйных спаборніцтвах. Абараняла гонар краіны на татамі ў сталіцы Башкартастана г. Уфа, дзе ў маі 2024 года праходзілі спаборніцтвы па дзюдо ў рамках IX Усерасійскай летняй Універсіяды.
Больш таго, ужо сама з’яўляецца суддзёй раённых і абласных турніраў, куды яе бярэ з сабой трэнер. Хутка дзяўчына адправіцца ў Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі «Стайкі» (Мінскі раён), дзе 3-4 красавіка будзе праходзіць спартакіяда ДЮСШ Рэспублікі Беларусь, якая стане часткай маштабнага фестывалю «JUDO FEST STAYKI 2026».
…А ў верасні 2017 года першакласніца Вераніка з цікавасцю пазірала, як на татамі трэніруюцца хлопчыкі і дзяўчынкі, сярод якіх быў старэйшы брат Станіслаў. За ім дзяўчынка і прыйшла ў спартыўную залу, у якой праходзілі заняткі секцыі па дзюдо пад кіраўніцтвам трэнера Івана Сямейкі, які толькі-толькі распачынаў сваю дзейнасць. Канешне, усе адразу захацелі паспрабаваць свае здольнасці ў новым відзе спорту. У тым ліку была і Вераніка.

– Памятаю, як здзіўлена на мяне паглядзеў трэнер, – узгадвае дзяўчына. – Бо была невялікага росту ды і вагой каля 20-ці кілаграмаў. А я, наадварот, глядзела на Івана Іванавіча як на супергероя – у кімано, такі мужны і сур’ёзны. Хвалявалася, каб не адмовіў. І ён даў згоду: «Пахадзі, паглядзі, а потым пагаворым». Потым мы, канешне, пагаварылі і не адзін раз. Ён сказаў, што адразу заўважыў мой мэтанакіраваны характар, але думаў, што не вытрымаю фізічных нагрузак.

Тады Вераніцы патрэбна было яшчэ ўпэўніць у сваім рашэнні маці і бабулю, што было больш складанай задачай.
– Яны мяне ўсё на танцы адпраўлялі. Маўляў, вось гэта занятак для дзяўчынкі, а не дзюдо, дзе можна і траўму атрымаць. Адгаворвалі, як маглі. Танцы, маўляў, гэта прыгожа і лёгка, ды і ў будучыні спатрэбяцца. Згадзілася паслухаць іх з адной умовай: калі танцаваць не спадабаецца, то выбар застанецца за мной. Праўда, два тыдні рупліва хадзіла на заняткі. Нічога не буду казаць, выкладчык была вельмі цудоўная, імкнулася нас зацікавіць, але ў мяне не атрымалася. Таму ўжо з чыстай душой вярнулася на татамі. А маці з бабуляй потым сталі маімі самымі заўзятымі балельшчыкамі, – успамінае дзяўчына.


Трэба дадаць, што Вераніка была не адзінай дзяўчынкай у секцыі. Гэты від спорту зацікавіў многіх дзяцей, таму спачатку жадаючых хапала. Але праз год засталіся толькі самыя верныя прыхільнікі дзюдо, сярод якіх Вераніка Хмарук. Ніколі не спазнялася і без уважлівай прычыны не прапускала трэніроўкі. Валодаючы добрай памяццю, хутка засвойвала ўсе прыёмы і, што важна, запамінала іх назвы. А гэта вам не жарты, бо ўсе яны маюць японскае паходжанне.
Іван Сямейка бачыў патэнцыял сваёй выхаванкі. Літаральна праз год вырашыў даць ёй магчымасць пазмагацца з сапернікамі з іншых гарадоў на ХV традыцыйным турніры па дзюдо «Мінскія надзеі» на прызы СК «BULAТ». І Вераніка не падвяла – перамагла пяць саперніц і стала першай у вагавой катэгорыі 25 кілаграмаў.


– Майму шчасцю не было межаў, – узгадвае дзяўчына. – Бачу, як трэнер бяжыць мне насустрач і моцна абдымае. Потым ён прызнаўся, што быў упэўнены ў маіх магчымасцях і навыку, але хваляваўся, каб не разгубілася.
Сапраўды, у дзюдо ўсё пачынаецца з галавы, дакладней сказаць, з настрою на барацьбу. Трэба мець тактыку, хутка і, што самае галоўнае, правільна прымаць рашэнні, паколькі схватка праходзіць імгненна – літаральна за лічаныя секунды ты можаш выйграць альбо прайграць. На татамі абавязкова важна думаць і ўмець «чытаць» свайго саперніка. Паспрабаваць прымусіць яго панікаваць і злавацца. Тады ён пачне памыляцца, пакуль ты назапашваеш сілы. Гэта дапаможа ў рашучы момант здабыць перамогу.


– Значыць, дзюдо – хітры від спорту?
– Лепш сказаць – разумны. Канешне, эмоцыі таксама прысутнічаюць. Не хаваю, што сама неаднойчы плакала, калі атрымлівала крыўднае паражэнне. Бывае, па такой дробязі, што потым пракручваеш схватку ў галаве, дакараеш сам сабе. Таму пасля спаборніцтваў мы з трэнерам заўсёды пераглядаем відэа ўсіх схватак, шукаем, дзе дапушчаны памылкі і што трэба ўдасканаліць. Такі аналіз дапамагае не супыняцца, а ісці наперад. Думаю, гэтае ўменне вельмі спатрэбіцца мне ў дарослым жыцці. Упэўнена ў тым, што дзюдо – гэта мой настаўнік, які дапамагае выдатна расставіць усе думкі ў галаве.


– Вераніка, раскажы чытачам пра сваю паездку ў Башкартастан? Што больш за ўсё запомнілася?
– Абсалютна ўсё! Паездка стала магчымай, калі абараніла кандыдата ў майстры спорту. З усёй вобласці я і яшчэ адна дзяўчынка адправіліся ў спартыўнае падарожжа. Дарога адняла шмат сіл, тым больш нас чакалі рэгістрацыі, праверкі дакументаў, узважванні. Гэта перашкаджала настроіцца на барацьбу, як трэба. Але, нягледзячы на гэта, атрымала перамогу ў паядынку з прадстаўніцай Азербайджана. Далей мяне чакала саперніца з Томска, на схватку з якой не была падрыхтавана, як трэба. Таму вярнулася без узнагароды.
Але затое пазнаёмілася з прыгожым горадам Уфой, знайшла шмат сяброў, з якімі і зараз падтрымліваю сувязь. Буду рабіць усё, каб гэта была не апошняя мая паездка.
– Дарэчы, а якія ў цябе планы на будучыню?
– Канешне, залаты алімпійскі медаль! – упэўнена адказвае Вераніка. – А яшчэ хачу атрымаць адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры, стаць трэнерам і адкрыць сваю школу дзюдо. Ну, а планы на бліжэйшы час – дастойна выступіць на спартакіядзе.


Ганна МЕЛЬНІК

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Без рецепта, но с советом
Хрыстос Уваскрос!

Хрыстос Уваскрос!

11 апреля, 2026
Гороскоп на 12 апреля
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости