НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

На гэтым тыдні міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі правёў «тэлефонную лінію» і асабісты прыём грамадзян у Столінскім райвыканкаме.

Трэба нагадаць, што ў адпаведнасці з існуючым заканадаўствам, чалавек, які тэлефануе па тым ці іншым пытанні на «прамую тэлефонную лінію», павінен назваць сваё імя, імя па бацьку, прозвішча і адрас. У далейшым на гэты адрас будзе дасланы пісьмовы адказ на ўзнятае пытанне.

Жыхарка аг. Белавуша цікавілася ў міністра інфармацыі, чаму забаранілі работу сеткавага выдання «tut.by»? Пры гэтым дзяўчына, напэўна, ад хвалявання, назвала «tut.by» дзяржаўным СМІ.

Ігар Уладзіміравіч даў наступныя тлумачэнні: «У час з 7 жніўня 2020 года па 15 верасня 2020 г. «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ» было вынесена чатыры пісьмовыя папярэджанні з-за парушэнняў пры выпуску сеткавага выдання «tut.by» артыкулаў 4 і 49 Закону аб СМІ. У судовым парадку выданнем яны (папярэджанні) не былі абскарджаны.

Згодна з заканадаўствам Міністэрства інфармацыі прад’явіла іск у суд аб спыненні выпуску сеткавага выдання «tut.by». Эканамічны суд г. Мінска прыняў заяву і была ўзбуджана вытворчасць па справе. Зыходзячы з норм закону, загадам міністэрства выпуск сеткавага выдання прыпынены з 1 кастрычніка 2020 г. па 30 снежня 2020 г.

Але гэта не азначае, што tut.by не будзе працаваць наогул. Ён працуе як інтэрнэт-рэсурс».

Пра тое, што патрэбна рэформа СМІ, гаварыла яшчэ адна жанчына, патэлефанаваўшая на «прамую лінію». Праўда, канкрэтызаваць нейкія аспекты сваёй прапановы яна не змагла. Перавяла тэму на раённую газету «Навіны Палесся». Заўважыла, што газета нікому не патрэбна, піша пра сельскую гаспадарку, а таксама тое, што загадваюць зверху. Дадала, што інфармацыя публікуецца хлуслівая, няма ніякай канкрэтыкі.

Міністр інфармацыі папрасіў жанчыну агучыць факты хлусні. У адказ прагучала, што ўсё роўна ўсё без толку, яна наогул нікому не давярае.

Што тычыцца газеты, то Ігар Уладзіміравіч адзначыў, што Столінскі раён – сельскагаспадарчы, а рэгіянальная прэса павінна расказваць пра жыццё раёна. Таму не дзіўна, што на старонках газеты шмат матэрыялаў пра працаўнікоў вёскі, сацыяльна-эканамічнае развіццё.

Дарэчы, як высветлілася пасля прыёму, адраса, па якім, са слоў жанчыны, яна жыве, на жаль, не існуе наогул. Таму вялікая верагоднасць таго, што пісьмовы адказ на ўзнятае пытанне яна наўрад ці атрымае. Чаму тады звярталася?

НА АСАБІСТЫ прыём да міністра інфармацыі прыйшлі тры чалавекі. Работа ўсіх так ці інакш звязана са сродкамі масавай інфармацыі.

Так, супрацоўнік аднаго з сеткавых выданняў, які згодна са службовым пасведчаннем з’яўляецца відэографам, расказаў, што быў двойчы затрыманы праваахоўнымі органамі ў Пінску. Першы раз 9 жніўня, здымаючы відэа, не ўтрымаўся і пачаў выкрыкваць лозунгі разам з пратэстуючымі людзьмі на вуліцы. Як паясняе сам хлопец, менавіта гэта быў той момант, калі ён страціў статус журналіста. Таму з затрыманнем згодны. А вось калі здымаў мітынг 30 жніўня, то, па яго словах, актыўнасці не праяўляў, а выконваў сваю работу. Аднак хлопца затрымалі, прысудзілі 10 сутак арышту. Ён з гэтым не згодны, ужо абскардзіў рашэнне ў Брэсцкім абласным судзе.

Міністр інфармацыі Ігар Луцкі адзначыў, што неаднаразова праводзіліся сустрэчы як з прадстаўнікамі СМІ, так і з супрацоўнікамі праваахоўных органаў наконт выканання патрабаванняў заканадаўства. Пастаянна гаворым пра магчымыя наступствы супрацьпраўных дзеянняў.

– Ніхто не мае права ўплываць на рашэнне суда, – адзначыў Ігар Уладзіміравіч. – У агучаным выпадку трэба чакаць, што скажа абласны суд. Наогул, я паважаю грамадзянскую пазіцыю кожнага чалавека, але выкананне заканадаўства ніхто не адмяняў.

Яшчэ адзін калега з сеткавага выдання прыйшоў на прыём з вельмі важным пытаннем, гэта пацвердзіў у ходзе гутаркі і міністр. Праблема бачыцца ў тым, што вось ужо 15 месяцаў касцяныя астанкі лётчыкаў часоў Вялікай Айчыннай вайны не захаваны. Так, у мінулым годзе на тэрыторыі р. п. Рэчыца быў знойдзены збіты самалёт. У сувязі з гэтым праводзіліся розныя даследаванні, удакладненні з мэтай вызначыць прозвішчы герояў вайны. Гэта ўдалося, але чамусьці кропка і па цяперашні час не пастаўлена. Журналіст лічыць, што ідзе нейкая спекуляцыя на гэтай тэме і вельмі занепакоены такім стаўленнем.

Праліў святло на сітуацыю Аляксандр Марушка, спецыяліст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры. Ён падрабязна расказаў пра стан спраў па агучаным пытанні (падрабязна ў асобным матэрыяле ў бліжэйшых нумарах «НП»). Так, на сёння падрыхтаваны неабходны пакет дакументаў і справа толькі за расійскім бокам. Таму што астанкі лётчыкаў жадаюць забраць іх родныя з горада Варонежа.

Міністр інфармацыі паабяцаў, што, не адкладваючы, звяжацца з паслом Расіі ў Беларусі Дзмітрыем Мезенцавым, каб у хуткім часе пытанне было вырашана станоўча.

У ходзе прыёму ўздымалася і пытанне захавання царквы ў аг. Рамель, што была пабудавана яшчэ ў 18 стагоддзі. Гэта помнік архітэктуры. Вылучаецца храм яшчэ і тым, што, напэўна, адзіны ў раёне пакрыты гонтай. А на сёння, здаецца, нават ва ўсёй Беларусі няма яе вытворчасці.

Яшчэ адзін жыхар раёна, як ён прадставіўся – блогер, які працуе не на камерцыйнай падставе, прыйшоў да міністра з просьбай дапамагчы працаўладкавацца. Праўда, рэзюмэ з сабой не ўзяў, таму патлумачыў, дзе працаваў раней. А апошні час не мае пастаяннага месца работы. Згодны на любую пасаду – прыбіральшчыка, вадзіцеля, спецыяліста па рэкламе… Прычым, месца працы можа быць як у Пінску, так і ў Мінску.

Ігар Уладзіміравіч прапанаваў блогеру даслаць сваё рэзюмэ на электронную пошту Міністэрства інфармацыі, каб у далейшым азнаёміць з ім шэраг устаноў з мэтай магчымага працаўладкавання. Візіцёр пагадзіўся з такім адказам міністра.

Усе агучаныя пытанні будуць разгледжаны ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

Алена КЛІМУШКА

Фота аўтара

 

2 Комментарии

  • А почему вы не написали про второй вопрос «адной жанчыны»? Я уже не говорю про то, что первый вопрос вы переврали. Он звучал следующим образом: Планируется ли реформа СМИ в Беларуси? В частности интересует реформа местных газет. Или «Навіны Палесся» продолжат и в 2021 году публиковать материалы про надои, накосы, битвы за урожай и другие атрибуты колхозной жизни? Мой второй вопрос звучал следующим образом: Как вы, как министр информации Республики Беларусь, относитесь к тому, что государственные СМИ публикую ложные материалы и, как и во времена Советского Союза, пишут то, что им указывают сверху, а не то, что происходит на самом деле? Министр, как и все чиновники Беларуси, увиливал от ответов на мои вопросы и пытался отвечать на них своими вопросами, но горячая линия была с министром, а не со мной, к сожалению, поэтому я все же добилась ответов. Во-первых, реформа СМИ в Беларуси не планируется. Во-вторых, министр верит во все, что пишут и показывают государственные СМИ.

  • Спасибо за внимание к районной газете.

Оставить комментарий

Похожие новости