23 мая да Міжнароднага дня музеяў і Еўрапейскага дня паркаў работнікамі Столінскага раённага краязнаўчага музея і аддзела культуры ў парку «Манькавічы» быў арганізаваны музейны фэст. У гэтым годзе ён прайшоў пад дэвізам «Спакон вякоў нам засталася спадчына».
Мерапрыемства пачалося з цікавых народных гульняў для маленькіх наведвальнікаў. Дзеці ахвотна далучаліся да гульнёвай праграмы, бо прапанаваныя варыянты забаў былі для іх у навінку. Упершыню яны разбіралі гарадоцкія цікеткі, білі глечыкі разам з Алімпіядай Леанавец з Гарадной, праяўлялі спрыт, хуткасць, знаходлівасць у час спаборніцтваў з народным каларытам і атрымлівалі салодкія пачастункі.
Далей удзельнікаў сустрэчы чакала святочная праграма з жартамі, песнямі, танцамі.
Прывітала гасцей галоўны спецыяліст аддзела культуры райвыканкама Алена Максімовіч. Алена Мікалаеўна павіншавала спецыялістаў галіны са святам, шчырыя віншаванні гучалі на адрас усіх прысутных і пажаданні наведваць музеі, далучацца да культурнай спадчыны нашага народа і атрымліваць асалоду ад кожнай сустрэчы з гісторыяй, жыццём, традыцыямі продкаў.
З віншаваннямі выступіла дырэктар Столінскага раённага краязнаўчага музея Святлана Вярэніч:
– Штогод 18 мая сусветная культурная грамадскасць адзначае Міжнародны дзень музеяў. У кожнай краіне гэты дзень праходзіць са сваім нацыянальным каларытам, свае яскравыя фарбы мае ён і ў нас. Гэта свята не толькі работнікаў музея, але і ўсіх тых, хто шануе гістарычную памяць пакаленняў. Гэта свята тых, хто неабыякавы да мінулага, хто па крупінках збірае і захоўвае ўсё, што звязана з мінулым нашай Радзімы.
(Працяг на 2-й стар.)
(Працяг. Пачатак на 1-й стар.)
З асаблівай удзячнасцю мы згадваем людзей, якія стаялі ля вытокаў станаўлення музейнай справы і ўнеслі значны ўклад у яе развіццё ў нашым раёне: Веру Очкіну, Яўстафія Высоцкага, Міхаіла Ліцвінку, Генадзя Зуева, Мікалая Бразоўскага, Андрэя Цывіса, Алену Пачуйка і інш. Дзякуючы такім неабыякавым людзям у раёне дзейнічаюць 12 грамадскіх музеяў. З’явіліся і новыя – музей гісторыі міліцыі і музей адукацыі раёна. Асаблівыя словы ўдзячнасці – Івану Супрунчыку, Алімпіядзе Леанавец.
Століншчына – унікальны песенны рэгіён, які ўжо шмат гадоў вывучаюць фалькларысты. Песенная палітра знайшла адбітак у творчасці шматлікіх калектываў мастацкага аматарства. З гэтай бясцэннай народнай спадчынай, вытокі якой у невычэрпнай крыніцы народнага жыцця – фальклоры, які беражліва збіраецца і захоўваецца артыстамі і творчымі калектывамі Століншчыны, прапаную пазнаёміцца ў час мерапрыемства.
Наведвальнікам музея, гасцям мерапрыемства прапанавалі па-г-лядзець тэатралізаванае дэфіле традыцыйных і стылізаваных строяў Століншчыны. Удзельнікі ўзорнай студыі народных промыслаў «Вышыванка» Столінскага цэнтра дзіцячай творчасці пад кіраўніцтвам Валянціны Лёгкай прадэманстравалі сваю калекцыю нацыянальнага адзен-ня і пазнаёмілі з дзейнасцю студыі. На адрас Валянціны Лёгкай прагучалі словы ўдзячнасці за значны ўклад у захаванне нашай непаўторнай народнай спадчыны.
У час святочнай праграмы выступілі народны творчы клуб «Альтанка», фальклорны гурт «Каляжанкі», узорны ансамбль танца «Карагод», народны клуб аматараў песні «Ярок», а Васіль Яхнавец узняў настрой прысутным сваімі гумарэскамі.
Пасля ўсіх запрасілі наведаць музей, дзе для гасцей праводзіліся экскурсіі, супрацоўнікі музея адказвалі на пытанні наведвальнікаў, звярталі ўвагу на самае цікавае, прапаноўвалі дэталёва пазнаёміцца з экспанатамі. Заўважу, што ў кожнай зале для гасцей было прыгатавана нешта асаблівае і вельмі цікавае… Гэта і сабо (драўляныя калодкі, якія насілі вязні фашысцкіх канцлагераў), і знакамітыя слуцкія паясы, і манета Георгія Перамоганосца (з якой пачалася гісторыя музея), і костка маманта ды рогі тура і інш.
У час мерапрыемства можна было пазнаёміцца з ганчарнымі вырабамі, падзелкамі ручной работы, набыць цацкі, сувеніры на памяць.
Людміла КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара