І прымем раённае свята на самым высокім узроўні! Запэўнілі жыхары Церабяжова падчас сустрэчы з кіраўніцтвам раёна.
Сходы грамадзян падобнага плана не навіна для Століншчыны. Вось і церабяжоўцы сабраліся ў мясцовым Доме культуры не толькі агучыць набалелыя пытанні, а і абмеркаваць, як ідзе падрыхтоўка да сустрэчы гасцей з усяго раёна і не толькі на раённым свяце хлебаробаў.
Прыемна было бачыць, што жыхары з павагай і паразуменнем ставяцца і да старшыні сельсавета, і да дырэктара сельгасарганізацыі, і да загадчыкаў ФАПа і Дома культуры, і да дырэктара школы. Заслужаны аўтарытэт і ў стараст як Верхняга, так і Ніжняга Церабяжова. Выступаючы перад людзьмі, мясцовыя кіраўнікі не толькі рабілі справаздачу аб праводзімай рабоце, але і гаварылі пра пытанні, якія трэба вырашаць, прыклаўшы агульныя намаганні.
На цяперашні дзень у добраўпарадкаванне тэрыторый названых населеных пунктаў укладзена каля 860 тысяч рублёў з бюджэту раёна. А гэта і асфальтаванне, ямачны рамонт дарог, парадак у скверы, рамонт Дома культуры, выдаленне аварыйных дрэў, ачыстка возера і іншае. Многае робяць непасрэдна на сваіх тэрыторыях і аб’ектах ўстановы і арганізацыі сацыяльнай сферы, гандлю, сельгасвытворчасці.
Цяпер сваё важкае слова павінны сказаць і самі жыхары. Відавочна, што без іх актыўнага ўдзелу ў добраўпарадкаванні немагчыма навесці належны парадак. У першую чаргу гутарка ішла пра агароджы ўласных падворкаў. Асабліва тых дамоў, што стаяць на ўезде. Як кажуць, першае ўражанне самае моцнае. Таму, канешне, хочацца, каб яно было пазітыўным. Шмат было палемікі па гэтым пытанні. Асноўны аргумент – няма грошай. Але ж ніхто не патрабуе будаваць неверагоднае. Можна зрабіць прасцей, але акуратна. Галоўнае, каб было жаданне шукаць шляхі да вырашэння пытання, а не шукаць вінаватых у той ці іншай праблеме.
Немалаважны аспект – гэта стан могілак. На жаль, ёсць факты, што людзі абыякава ставяцца да месца апошняга прытулку сваіх родных. Адназначна, што так быць не павінна!
І калі напачатку сустрэчы ў настроі некаторых церабяжоўцаў праглядваў негатыў, то сумеснае абмеркаванне ўсё ж такі дало свой плён. Вяскоўцы пачалі гаварыць ужо і пра абсталяванне дзіцячай пляцоўкі. Урэшце было аднагалосна прынята: «Церабяжоўцы не падвядуць!»
Старшыня райвыканкама, член Савета Рэспублікі Рыгор Пратасавіцкі падчас сустрэчы засяроджваў увагу на актыўнасці і ролі дэпутатаў мясцовага Савета, стараст, грамадскасці. Правёўшы некаторыя паралелі, прывёўшы прыклады, зрабіў акцэнт на сацыяльнай накіраванасці Беларусі. Не абышлі без увагі і бягучы момант пэўнага санкцыйнага ціску і лавіны фэйкаў вакол нашай краіны. Толькі той, хто не хоча разумець, не разумее мэту, што паставілі нейкія замежныя асобы ў адносінах развіцця Беларусі. Відавочна, што ідзе перадзел сусветных рынкаў збыту, таму і задача была – у прамым сэнсе разваліць эканоміку краіны. А далейшы зыход ужо быў бы зразумелым. Адназначна, што гэта было б не на карысць беларусам. Таму трэба аналізаваць той аб’ём інфармацыі, што мы атрымліваем з розных крыніц. І рабіць правільныя высновы.
Асабіста мне імпанаваў лаканічны адказ нашых вяскоўцаў: «Мы жадаем міру і цішыні!».
Сапраўды, Год народнага адзінства павінен паставіць кропку ў нечых намаганнях разваліць Беларусь і чарговы раз даказаць, што наш народ будзе жыць у незалежнай і квітнеючай краіне.
Алена
КЛІМУШКА