Далей слова ўзяў Іван Піліпавіч. Майстар правёў экскурсію па выстаўцы, пазнаёміў прысутных са сваімі работамі, якія маюць значную каштоўнасць і цэняцца землякамі, вядомы за межамі раёна.
Выстаўка Івана Супрунчыка складалася з некалькіх блокаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнай тэматыцы і пранізаны мясцовымі матывамі, што надзвычай актуальна ў Год гістарычнай памяці. Гэта і падкрэсліў сам аўтар.
Асаблівую ролю ў творчай дзейнасці мастака адыгралі маці, жонка і дачка, якім ён прысвяціў вялікую колькасць работ. Працуючы над стварэннем іх вобразаў, Іван Піліпавіч разам з тым разважаў над сэнсам жыцця, адыходам душы ў вечнасць, роляй моцнай праваслаўнай веры, духоўнасцю і лепшымі рысамі характару беларусаў. Сімвалічна выкарыстанне аўтарам вобраза бусла, які прысутнічае ў многіх творах аўтара.
Серыя работ прысвечана аднавяскоўцам, вобразы якіх высечаны з дрэва. Гэта мясцовыя роды, якія спрадвеку жылі і жывуць там.
– Іх некалі класіфікаваў Ліфан Ліфаняня, які забіў шчыкалаткай цяля, – звярнуўся да мясцовага падання творца. – Клубам удзяліў прысы, бо там Яўмен лысы. Маўляў, у тым родзе і зараз усе мужчыны лысыя яшчэ да 30 гадоў. Кармільцам – галава, бо там маладзіца малада. Прыгажуні ў названым родзе нараджаліся колісь, ёсць і зараз. Мельнікам удзяліў кішкі – завязваць мяшкі. Гэта быў самы вялікі і багаты род у Цераблічах. Яны мелі ветракі і нават паравыя машыны. Вяскоўцы пазнаюць сябе ў драўляных скульптурах. Гэтыя роды і зараз жывуць, жэняцца, родзяцца… І працягваецца жыццё.
Цыклы твораў Іван Піліпавіч прысвяціў тэмам Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыльскай трагедыі, а таксама стварыў нямала вобразаў асветнікаў і апосталаў. Далей ўвага прысутных скіравана на наша грамадства і тое, якім будзе кожнае наступнае пакаленне. Аўтар паказвае, як залежыць наша моладзь ад камп’ютара, тэлефона, іншых тэхнічных сродкаў.
Аўтар адзначае, што калісьці хлопцы хадзілі на Палессі да 18 гадоў толькі ў доўгіх кашулях. І калі толькі хлопец збіраўся ажаніцца, тады маці шыла яму штаны. Адсюль і аднайменная назва абрада. Іван Піліпавіч расказаў пра такі абрад, які мае карані ў глыбокай даўніне: цяжарную жанчыну нават летам везлі да павітухі на санях.
Спыніўся ён на характарыстыцы святаў каляндарна-абрадавага цыкла, падзяліўся сваімі думкамі наконт захавання народнай спадчыны і даў парады землякам.
Далей слова ўзялі галоўны спецыяліст аддзела культуры Алена Максімовіч і дырэктар Столінскай раённай клубнай сістэмы Алена Дубойская, якія падзякавалі Івану Супрунчыку за яго жыццёвую энергію, глыбокія веды і жаданне працаваць дзеля памнажэння славы пра родны кут, любоў да Радзімы, неацэнны ўклад у развіццё культуры Століншчыны і павіншавалі майстра з надыходзячым юбілеем. Алена Максімовіч са шчырай удзячнасцю ўручыла Івану Піліпавічу падзяку аддзела культуры.
А завяршылася сустрэча сумесным фотаздымкам і абагульненнем вядучай:
– Мы жадаем паважанаму Івану Піліпавічу моцнага здароўя. Жывіце на радасць людзям і верце, што ўсё назапашанае Вамі ўвойдзе ў гістарычную памяць нашага народа і будзе добрым падмуркам для падрастаючага пакалення.
Ад сябе дадам, што выстаўка Івана Супрунчыка карыстаецца ўвагай і пашанай людзей. Толькі за выхадныя да творчасці земляка далучыліся каля тысячы чалавек. Асабліва наведвалі выстаўку навучэнцы ўстаноў адукацыі, якія правялі шосты школьны дзень з карысцю ў Столінскім ГДК, знаёмячыся з дзейнасцю Івана Піліпавіча.
25 кастрычніка работы юбіляра будуць накіраваны ў г. Брэст, дзе таксама запланаваны персанальная выстаўка аўтара і ўрачыстае мерапрыемства ў гонар юбілею Івана Супрунчыка.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ