НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (2 голоса)

На Століншчыне стартавала вясновая пасяўная кампанія

А гэта значыць, што пачынаецца адзін з самых гарачых этапаў для аграрыяў. З надыходам спрыяльных умоў надвор’я і тэмператур гаспадаркі раёна адна за адной ўключаюцца ў вясновыя палявыя работы. Актыўна ідзе апрацоўка і падрыхтоўка глебы, ўнясенне арганічных і мінеральных угнаенняў. Так, па стане на 23 сакавіка ў раёне пасеяна амаль 1,5 тыс. га яравых культур з 27,6 тыс. га запланаваных. З ужо пасеянай плошчы больш за 1,3 тыс. га складаюць раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя культуры.
З ходам яравой сяўбы давялося азнаёміцца на прыкладзе КСУП «Відзіборскі», дзе пад яравыя культуры адведзена больш за 2,3 тыс. га.
– Усе мы чакалі вялікай колькасці вільгаці, але бачым, што снежнае покрыва сышло з палёў вельмі хутка, – расказаў дырэктар КСУП «Відзіборскі» Сяргей Строк. – Пры гэтым вільгаць у глебе пакуль ёсць, але таксама хутка сыходзіць. Таму спрабуем яе захаваць, як мага даўжэй, і хутчэй пасеяць яравыя.
У гаспадарцы ўжо пасеяна 60 га аўса і 50 га ячменю. За працэсам непасрэдна сочыць галоўны аграном Яўген Агіевіч, які пры неабходнасці адразу ж можа ўнесці праўкі ў працэс сяўбы.
– Знаходжуся каля сеялак і агрэгатаў па падрыхтоўцы глебы з моманту пачатку іх работы, – кажа Яўген. – І з’язджаю з поля толькі тады, калі праца выканана. Упэўнены, што сяўбу яравых закрыем у аптымальныя тэрміны, так як усё неабходнае для гэтага ёсць – дзве магутныя сеялкі, якія

здольныя паралельна з сяўбой уносіць
і мінеральныя ўгнаенні, дыскатары, культыватары для падрыхтоўкі глебы. Рыхтуем глебу непасрэдна перад сяўбой, каб не губляць вільгаць. Усё ж на адкрытых плошчах вецер хутка выдаляе яе з глебы.
У «Відзіборскім» пачалі сеяць 19 сакавіка – досыць рана. Але, спасылаючыся на прагноз надвор’я на бліжэйшы час, – гэта спрыяльны перыяд. Ноччу вялікіх марозаў ужо няма і пакуль не прадбачацца, а днём досыць цёпла і сонечна – глеба выграваецца раўнамерна, што дадае ўпэўненасці ў добрых ўсходах.
У якасці сяўбы ўпэўнены і механізатар Мікалай Карповіч, для якога цяперашняя пасяўная кампанія ўжо 30-я па ліку. А ўсяго ў гаспадарцы вопытны механізатар працуе амаль 40 гадоў.
– Вось у жніўні гэтага года стукне 40 гадоў, як працую ў гаспадарцы, – кажа Мікалай Карповіч, – увосень сеяў азімыя, цяпер – яравыя культуры. Усё знаёма: кожная клетка і канал, кожны кут. Хоць з заплюшчанымі вачыма магу працаваць. А нядаўна ўсталявалі нейкі аўтапілот мне ў «Кіравец», які паказвае дзе ўжо пасеяна. Таму недасевы альбо перасевы выключаны. Іх як бы і раней асабліва не было ў маёй практыцы, але падстрахавацца лішнім не будзе.
Вопытнага механізатара не хацелася адцягваць ад працы, бо кожная хвіліна сёння на рахунку. Ды і дадатковы пасеяны гектар – гэта грошы механізатара. Сёння ў «Відзіборскім» за адзін гектар сяўбы плацяць больш за пяць рублёў. А калі ўлічыць, што на такой тэхніцы механізатар лёгка можа пасеяць 30-40 гектараў у дзень, то атрымліваецца добры заробак.
Нядрэнна па словах галоўнага агранома плацяць і на ворыве, падрыхтоўцы глебы, падкормцы і апрацоўцы пасеваў. Напрыклад, на той жа «Расе» хоць і плацяць да двух рублёў за гектар, але за працоўны дзень можна апрацаваць 100-150 га смела. А то і больш.
– Так што калі хтосьці шукае працу трактарыста – калі ласка, – працягвае Яўген Агіевіч. – З сяўбой справімся хутка: тэхніка спраўная, паліва ёсць, насенне таксама ёсць. Сёлета купілі насенны матэрыял «Р2» аўса і ячменю з гадавальніка другога года РУП «НПЦ НАН Беларусі», таму чакаем ад гэтага добрую аддачу. Што такое «Р2»? Простымі словамі гэта насенне, якое папярэднічае «суперэліце». Усё пакуль добра, але шкада толькі, што сёлета нас паставілі апошнімі ў чарзе па сяўбе сталовага гарошку, бо атрымаць якасную сыравіну ў гэтым выпадку бу-дзе праблематычна. Мы якасна пасеем і выгадуем – тут няма сумненняў. А вось ці паспеюць яго прыбраць у неабходнай спеласці? Вялікае пытанне. Але пажывём – пабачым.
– Абавязкова прыедзем паглядзець за ўборкай гарошку і сёлета.
– Мы паведамім, калі будзем пачынаць.

Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Без рецепта, но с советом
Хрыстос Уваскрос!

Хрыстос Уваскрос!

11 апреля, 2026
Гороскоп на 12 апреля
Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости