НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Пераплецены лёсы і вёскі, знітаваны адной гісторыяй і традыцыямі, аб’яднаны адной дарогай, якую мясцовыя называюць “ганаровым колам”. Гэта Асаўцы, Камарнікі, Церабішча, Відзіборац і Асавая.

Калі гудзела вёска

Адна са старэйшых жыхарак Асавой Яніна Станіславаўна Карповіч паказвае настольнік (абрус) і ручнікі, якія ёй ткала маці. Гэтымі тканымі вырабамі ўпрыгожвалі дом свекрыві перад вяселлем.
– І збіралася ўся вёска, каб пагля-дзець не толькі на нявестку, а і на яе пасаг. Людзей набівалася цэлая хата, – расказвае старажылка.
Яе сын Валяр’ян Адамавіч Карповіч з жалем згадвае:
– Раней вяселле гудзела на ўсю вёску тры, а то і чатыры дні. Гулялі, танцавалі.
Лепшымі гарманістамі на вёсцы былі Міхаіл Гоман і Уладзімір Бут-Гусаім, а вось скрыпач быў з Відзібора Іван Наварыч.
Дзве крыніцы духоўнасці
У сярэдзіне мінулага стагоддзя ў вёсцы адбыліся значныя змены. Калі стала прыцясняцца рэлігія, большасць католікаў проста выехала за межы СССР. Тады ж быў разабраны драўляны касцёл. У наш час эмігранты вырашылі адрадзіць каталіцкую веру на сваёй малой радзіме. І зараз Асавая – адзіная вёска на Століншчыне, дзе ёсць касцёл. Хоць і наведваюць яго ад 15 да 30 чалавек, але ён аб’ядноўвае вернікаў каталіцкай канфесіі. Як і мясцовая праваслаўная царква дае духоўнае дыханне не толькі Асавой, а і навакольным вёскам.
Наогул, каталіцызм значна паўплываў на культурнае жыццё мясцовых жыхароў. Напрыклад, у невялікім музеі Дома культуры знаходзіцца шмат рэчаў, што маюць сувязь менавіта з касцёлам.
Каля касцёла ёсць каталіцкія могілкі, на якіх стаяць званіца і магільны склеп. Гэта своеасаблівы сімвал Асавой, як і тое, што ў вёсцы два храмы.

Не чуваць жураўліных скрыпаў

Яшчэ адзін значны пункт для вяскоўцаў – гэта калодзеж недалёка ад касцёла. Ён не толькі зроблены і пафарбаваны прыгожа, але яшчэ меў и дужа смачную ваду, якой спаталялі смагу ўсе.

Самотна стаяць і калодзежныя жураўлі ў многіх дварах. Зараз калодзежы пустыя.
– У мой можна бульбу засыпаць, – расказвае Марыя Паўлаўна Шпакоўская.
Жанчына вось ужо 26 гадоў жыве сама. Але ў свае 80 гадоў накіроўваецца нават сама па дровы ў край – гэта месца, дзе заканчваюцца агароды і пачынаецца лес.
– А печ паліце? – пытаю ў жанчыны.
– Не, як памёр мой муж, так ні разу і не паліла, – чую ў адказ.
Марыя Паўлаўна, як і астатнія жыхары вёскі, спяшалася ў гэты дзень у магазін. Бо ў іх “хлебны” дзень. Хлеб завозяць тры разы на тыдзень, таму абавязкова патрэбна яго набыць.
Яшчэ адзін дом па суседству вось ужо паўгода пустуе. У двары каля калодзежа расце каліна, што і зараз гарыць чырванню ягад. Некалі тут звінела жыццё і для некага гэты дом быў родным, ад яго павялі сцежкі ў дарослае жыццё.
Крыху далей стаіць цікавы дом з пячной цэглы. Сваім выглядам ён вылучаецца на фоне драўляных пабудоў у Старой Асавой. У доме жыве Данута Пятроўна Раманюк са сваёй дачкой.
15 пакаленняў Карповічаў

Валяр’ян Адамавіч Карповіч шмат ведае пра людзей і гісторыю сваёй вёскі. Ён склаў радавое дрэва Карповічаў да 15 пакалення. Наогул, аб асноўных прозвішчах вёскі – Платніцкіх, Аляшкевічах, Юнкевічах, Качаноўскіх, Яворскіх, Шпакоўскіх – расказвае шмат.
Валянціна Паўлаўна Карповіч адна з нямногіх у вёсцы, хто яшчэ практычна штодня паліць у печы. Але печ ужо не зусім тая, бо яна “перамясцілася” з дома ў летнюю кухню.

Каб не страціць спадчыну

У Доме культуры знаходзіцца невялікі этнаграфічны куточак. У ім сабраны прылады, прадметы побыту, рэчы, дакументы жыхароў “ганаровага кола”.
Вышытыя крыжыкам карціны нядаўна перадала сюды жыхарка Камарнікаў Марыя Іванаўна Зялёнкіна. Тут жа знаходзіцца і выстаўка работ яе мужа Анатоля Якаўлевіча Зялёнкіна – мясцовага мастака.
Работнікі культуры, аматары народнай песні старанна захоўваюць здабыткі песеннага слова і па кавалачках збіраюць прадметы мінуўшчыны. Марыя Закрэўская, Лідзія Дзямчук, Мікалай Кавалёў, Жанна Квятка – гэта касцяк мясцовага творчага калектыву.

Дамы з аканіцамі і промнямі сонца

Праязджаючы па “ганаровым коле”, немагчыма не звярнуць увагу на дамы з аканіцамі. Нават сучасныя пластыкавыя вокны ў некаторых дамах аздоблены драўлянымі карункамі. У Церабішчах не змагла не зайсці ў дом Людмілы Фёдараўны Вярэніч.

Прыгожа пафарбаваныя аканіцы памятаюць яшчэ старых гаспадароў дома. Напачатку Вярэнічы пасяліліся ў гэтым доме. А праз некаторы час набылі дом насупраць і для сваёй дачкі Наталлі Глебавай. Так зараз і глядзяць адзін на адзін два каларытныя, аўтэнтычныя дамы з аканіцамі.

Практычна кожная вёска мае сваё ўвасабленне сонца на шчытах у доме. А ў вёсках вакол Асавой – гэта ўзыходзячае сонца, промні якога раскінуліся на ўвесь шчыт.
У мінулым годзе Асавая значна прыбралася, адбыліся добрыя змены, шмат было зроблена па добраўпарадкаванні да раённых дажынак.

Нельга сказаць, што вёска зусім аджывае. Вялікі Дом культуры, школа, ФАП – усё да паслуг вяскоўцаў. Шкада толькі – усё менш і менш моладзі застаецца тут і ўсё больш становіцца пустых дамоў на “ганаровым коле”.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Вялікі дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Мікалаю Кавалёву. Калі вы хочаце, каб матэрыял пра вашу вёску з’явіўся на старонках “НП”, – тэлефануйце 2 02 35.

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости