– А можна паглядзець фотаздымкі, пакуль вы тут размаўляеце, – папрасілі дзяўчынкі – тры дачкі Івана і Святланы Курышка з аграгарадка Кароцічы. – Каб пабачыць, як мы атрымаліся. Не кожны дзень на старонкі газеты трапляем.
Згадзілася з аргументам, а пакуль выбіралі, незнарок спытала прыгажунь:
– Хто ў сям’і галоўны – маці ці бацька?
– 100 працэнтаў – бацька, але маці ім кіруе, – чэсна адказалі тыя.
Пэўна ў гэтым і ёсць сакрэт шчасця гэтай сям’і, якую ведаю даўно. Яны, як адна каманда – заўсёды згуртаваныя, аб’яднаныя хатнімі справамі і жыццёвымі праблемамі, усюды разам і кожны ўсе за аднаго. У ёй няма слоў «не хачу» альбо «не буду», затое ёсць «трэба – значыць трэба». Таму я вырашыла напісаць пра іх да Міжнароднага дня сям’і, які святкуецца 15 мая.
Святлана тутэйшая – з Кароціч, а Іван з суседняй вёскі – Талмачава. Іх знаёмства адбылося яшчэ ў старэйшых класах. І так сталася, што побач яны крочаць па жыцці.
– Першае і апошняя каханне? – пытаю ў сваіх суразмоўцаў.
– Ну, як бачыце, так. – пачала адказваць Святлана, – Мне здаецца, мы не 17, а ўжо 200 гадоў разам. Хоця ўсякага хапае, мы ж звычайная сям’я, у якой ёсць месца і спрэчкам, і іншым складанасцям. Але мы ведаем, што можам спадзявацца адзін на аднаго ў любой сітуацыі. І сваіх дзяцей таксама вучым не пазбягаць, а ўмець змагацца з праблемамі, якіх хапае ў дарослым жыцці.
Дочкі ў сям’і, як прызнаюцца самі бацькі, усе розныя па характары. Старэйшая – Лілія, імя для якой бацька выбраў на назве прыгожай кветкі, што вабіла вока на рэчцы, калі рыбачыў. Дзяўчына разважлівая і спакойная, слоў на паветра ніколі не кідае. Заканчвае 10-ы клас, добра вучыцца і хоча паступіць у медыцынскі каледж.
А 12-гадовая Марыя – камандзір у сям’і. З гэтым не спрачаецца нават бацька:
Маша, як тая батарэйка, зараджае энергіяй нас усіх. Вучыцца ў музычнай школе, вось нядаўна выступала на Дзень Перамогі. Смеласці ёй не займаць. Яна і работу арганізуе, і адпачынак. Прычым, усе ёй падпарадкоўваюцца. А яшчэ яна з трох маіх прыгажунь – найбольшы аматар рыбалкі. У лес ці на рэчку паехаць ёй намнога цікавей, чым у тэлефоне сядзець. З гонарам скажу, што ўся мая сям’я любіць прыроду, куды мы часта выязджаем. Вось дачакаліся, калі ўрэшце пацяплела, – кажа Іван.
Відавочна, што ён адчувае тое, што гаворыць. Самую малодшую Яну, якой восем гадоў, увогуле на руках носіць. Кажа, не разумее, чаму ўсе мужчыны хлопцаў хочуць. З дзяўчатамі намнога спраўней, яны і пашкадуюць, і паклапоцяцца, і пяшчотай адораць.
Таму суровы з выгляду Іван Іванавіч – дабрэйшай душы чалавек. Гэта ведаюць і яго падначаленыя, якія працуюць на пажарным аварыйна-выратавальным пасту № 18, што знаходзіцца ў вёсцы Аздамічы. Тут Іван Курышка працуе з моманту адкрыцця ў 2011 годзе. Спачатку быў камандзірам аддзялення, зараз узначальвае яго. Павагу заслугоўвае тым, што заўсёды трымае сваё слова і гатовы заўсёды прыйсці на дапамогу.
Такія ж рысы характару і ў яго жонкі. І гэта пацвердзяць мясцовыя жыхары, бо Святлана на працягу многіх гадоў працуе ў магазіне «Родны кут». Уважлівая да пакупнікоў, заўжды параіць, падкажа, таму любяць яе каротчанцы. А ў хуткім часе будзе сустракаць гасцей аграгарадка, якія прыедуць на святкаванне раённых дажынак.
– Ведаеце, душа радуецца, калі бачым, як мяняецца ў лепшы бок наш родны куток. Упэўненыя, што не трэба шукаць прыгажосць дзесьці, а ствараць яе там, дзе ты жывеш. Мы вельмі любім Кароцічы. Тут наш дом, якія пабудавалі сваімі сіламі і ў які ўклалі душу. Тут нашыя родныя, якія гатовыя дапамагчы, калі трэба. Тут нашы сябры, на якіх мы можам спадзявацца. Таму ніколі нават не думалі кудысьці ехаць адсюль. А калі нашы дзяўчаты захочуць, то гэта іх права. Галоўнае, каб яны былі шчаслівыя. Упэўнены, што гэта і ёсць самае галоўнае для кожных бацькоў, — выказалі сваю думку Іван і Святлана.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара