НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
4.7/5 - (3 голоса)

Успамінаючы дзяцінства, перад вачыма адразу паўстаюць нашы бабулі і дзядулі. Яны былі не толькі, так мовіць, галоўнымі аніматарамі, але і тымі людзьмі, якія фарміравалі нас як асобаў, будучых грамадзян сваёй краіны. Выхоўвалі ў нас характар і сілу волі, калі вучылі працаваць, а таксама ўменне радавацца дробязям.
Пашанцавала мець такую бабулю ўнукам Ніны Мазговай з в. Альгомель.
Яшчэ мінаючы агарод Ніны Іванаўны, заўважыла амаль ідэальны парадак у ім.
– Гэта справа рук маіх унукаў, – пахвалілася жанчына. – Можна сказаць, што я толькі ўраджай правяраю, а так яны самі садзяць, сеюць, што іх душа пажадае, а потым з нецярпеннем чакаюць, калі ўсё паспее.
Унучка Маргарыта прыехала разам са старэйшым братам Елісеем з Пінска. Ён, як сапраўдны падлетак, аказаўся немнагаслоўным, а вось дзяўчынка расказала, што добра малюе, любіць рабіць падарункі сваімі рукамі.
Дзеці сына Івана – Серафім, Марыя і Анастасія – жывуць у Вялікім Малешаве, але штодзень бываюць у бабулі ў Альгомелі. Серафім марыць у будучыні стаць настаяцелем храма, на ўсе святы наведвае царкву, шмат чытае праваслаўнай літаратуры.
Прыязджаюць і дзеці дачкі Алесі, якая таксама па-суседству жыве, – Елізар, Віталіна і Раман. Яшчэ дзве ўнучкі Жасміна і Паліна ўжо параўнальна дарослыя – па 19 і 17 гадоў маюць, таму да бабулі заязджаюць радзей.
– Тут весела, бабуля і дзядуля вельмі добрыя і ласкавыя, расказваюць цікавыя гісторыі. Увогуле, ёсць чым заняцца, а яшчэ ў бабулі самы смачны суп, – дзеляцца ўражаннямі ўнукі.
Ніна Іванаўна – супербабуля, бо знайшла ключыкі да дзіцячых душ. Яна немясцовая, прыехала за мужам з вёскі Пяшкова Іванаўскага раёна 41 год назад. Усё жыццё працавала даяркай і толькі ў гэтым годзе пайшла на заслужаны адпачынак. З мужам нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей.
– Спадзяюся, мы сталі добрым прыкладам для нашых дзяцей і ўнукаў. Зараз муж пасля хваробы, некалькі інсультаў перажыў, але не можа сядзець без справы. Адказвае за мужчынскае выхаванне ўнукаў, гаспадарку з імі даглядае, лепш сказаць, дае ім заданні. А дзяўчынкі каля мяне ходзяць, есці з імі гатуем, агародніну марынуем, зёлкі розныя збіраем. Асабліва цукаты яны любяць, вось і робім запас на зіму. Прывучаю іх працаваць і толькі на свае сілы разлічваць. Яшчэ вучу спагадлівасці і дабрыні, каб нераўнадушнымі былі і смелымі, маглі за сябе пастаяць, калі спатрэбіцца.
Жанчына дзеліцца з намі сваімі разважаннямі:
– З дзецьмі трэба размаўляць, расказваць, паказваць, тады ім будзе цікава. І чым раней гэта пачынаць, тым лепш. Дзеці ўспрымаюць усё, што бачаць, таму дарэмна іх увагу адцягваць ад тэлефона, калі сам у ім бясконца сядзіш. У нашага народа духоўная спадчына вельмі багатая, таму я лічу сваім абавязкам яе перадаць. У доме свекрыві, якой, на жаль, не стала ў гэтым годзе, я пакінула ўсё, як было пры яе жыцці. Музей арганізавала, адным словам, не выкінула ніводнага глечыка ці дзяругі.
На Купалле дасталі з прабабулінага куфра некаторыя кашулі, а нейкія самі пашылі. Расказвала ўнукам пра папараць-кветку, пра традыцыі, якія былі ў нашых продкаў.
Мы на любое свята з імі, так сказаць, культурную праграму ладзім. На Стары Новы год яны апранаюць прыгожыя шаліноўкі і ідуць шчадраваць усёй гурбой. На Вялікдзень расказваю пра сэнс гэтага свята, як і пра Тройцу. У царкву ходзяць – дзеці павінны разумець сваю веру. І свецкія святы не мінаем. Асабліва Дзень Перамогі ўшаноўваем, я ім пра свайго дзядулю расказваю, як ён прыйшоў пасля вайны і як страціў зрок напрыканцы свайго жыцця. Фільмы розныя глядзім, маё ж пакаленне яшчэ добра памятае ветэранаў. Трэба захоўваць памяць, дасць Бог, потым яны перададуць сваім дзецям і ўнукам мінулае свайго народа і роднага куточка, сваёй Радзімы.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Аккредитовано 593 национальных наблюдателя
Диабет – не приговор
Главное – порядок

Главное – порядок

15 ноября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости