У кожнага сваё жаданне вярнуцца на маленькую радзіму. Яно ў першую чаргу звязана са шчымлівым імкненнем трапіць у бесклапотнае дзяцінства ці юнацтва. Але бацькоўскі дом, мясціны краю, дзе ты нарадзіўся, трымаюць цябе неразрыўнаю ніткаю памяці. І каб у цяжкую хвіліну атрымаць глыток веры, надзеі, любові, патрэбна проста вярнуцца ў той край, па якім ты бегаў басанож.
Рэдакцыя “НП” пачынае новы праект, прысвечаны Году малой радзімы, вёскам Століншчыны, людзям, якія жывуць на Палессі і яшчэ захоўваюць памяць, кавалачкі мінуўшчыны.
Прайсці па знаёмых сцежках, адкрыць веснічкі ў бацькоўскі двор, зачарпнуць вадзіцы з калодзежа дзяцінства, сесці за стол, накрыты льняным саматканым абрусам і глядзець за руплівымі рухамі маці, якая адкрывае засланку, бярэ ў рукі чапялу і дастае з печы патэльню з пампушкамі ці бульбяную бабку са шкваркамі. А пасля перабіраць фотаздымкі ў альбоме, зазірнуць да таго векавога дуба, дзе некалі з сябрамі бавілі час, гутарыць і гутарыць з роднымі пра мінулае, занатоўваючы ў сэрцы ўсё, што звязана з тваімі продкамі і бацькаўшчынай.
Арнаменты памяці
Да сярэдзіны мінулага стагоддзя дабрацца ў Аздамічы было складаным і працаёмкім падарожжам. Зімой часта транспартам быў гусенічны трактар, да якога чаплялі сані, альбо коні, запрэжаныя ў сані. Гэта адасоб-ленасць ад цэнтра, размяшчэнне пасярод балот дало магчымасць захаваць тут яшчэ кавалачкі культуры, якую так беражліва ахоўвалі нашы продкі, але якая не змагла ўстаяць перад сучасным прагрэсам.
Адна з захавальніц мясцовай культуры – Марыя Фёдараўна Ракавец. Жанчына і зараз апавядае пра мясцовыя звычкі, пра вясельныя традыцыі, а арнаменты і ўзоры, якія вышывалі і ткалі яе бабулі і прабабкі, яна ўсё яшчэ занатоўвае на тканіне – для сваіх унучачак, пляменнікаў, проста знаёмых.
– Мала я да маці хадзіла, мала яе распытвала. Патрэбна было яшчэ і запісваць, – шкадуе жанчына.
Зараз Марыя Фёдараўна на пенсіі, таму шмат вышывае – крыжыкам, гладдзю, падліковай гладдзю. Напрыклад, дывановых падушак вышыла больш за 30 штук, а вясельных ручнікоў не пералічыць. На яе ручнікі маладыя станавіліся ў час вянчання. І зараз яна ўжо падрыхтавала сваім унучкам вясельныя падножнікі. Разам са стварэннем новага Марыя Фёдараўна захоўвае тое, што засталося ёй ад маці. Гэта тканыя і вышытыя сарочкі, кабаты, спадніцы, якія насілі толькі ў гэтай мясцовасці. Ляжаць у яе “хусткі-шаляноўкі” – бабуліна, яшчэ царская, і маміна – гэта ўжо польская.
– Будучы дзяўчынай, вельмі хацела завязаць хустку маці – баянку. Яна для мяне была такой прыгожай і жаданай. Але маці не дазваляла. Зараз гэтая хустка вісіць у мяне на гарышчы і я ўсё ўзгадваю тое жаданне, – успамінае жанчына.
У бацькоў Марыі было чатыры дачушкі. І кожнай з іх патрэбна было падрыхтаваць пасаг. Гэта тканыя ручнікі і абрусы, вышытыя карціны, а на іх яшчэ і ручнікі, а таксама ручнікі на іконы, сарочкі, падузорнікі, ражкі на шафы і вокны, падушкі ў вышытых навалачках. Гэтага патрабавала традыцыя.
Яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя жанчыны ў Аздамічых хадзілі ў сарочках. І ў кожнай сарочкі быў “свой дзень”. На святы апраналі сакалянку, падол якой быў выбраны ў два радочкі. Сарочку з пруцікамі (выбраны толькі адзін радок на падоле) апраналі ў будні ці ў невялікія святы.
Свая гісторыя і ў арнаментаў на сарочках, ручніках. Кожны з іх мае сваю назву, кожны адлюстроўвае пэўную падзею ў жыцці чалавека.
Сярод захаваных з таго часу абрадаў – выпечка дамашняга хлеба. Марыя Фёдараўна традыцыйна пячэ свой хлеб – на вадзе, без цукру. Фармаваны “цэглай” ці круглы, а галоўнае – гэта пампушкі, якія выпякаліся на патэльні яшчэ перад агнём, а пасля цёплымі падаваліся на стол. Ці мачаліся ў смятану з цукрам, прапітваліся і былі адной з галоўных страў на святочным стале, засцеленым тканым абрусам. Гэты абрус абавязкова пасярэдзіне быў упрыгожаны карункамі, звязанымі кручком.
Карункавы куфар
Усе тканыя вырабы, вопратка ў Аздамічах традыцыйна захоўваліся ў куфрах – такой вялікай скрыні. У Алены Іванаўны Лашакевіч тры куфры – бабулін, матулін і яе. Бабулінаму ўжо далёка за паўтары сотні гадоў. Куфар быў драўляным, але абавязкова акаваны жалезам і ўпрыгожаны жалезнымі карункамі.
У куфар складалі пасаг дзяўчыне і перадавалі ў дом жаніха.
Зараз часцей за ўсё захоўваюць у іх старыя рэчы, тканыя вырабы ці нават збожжа.
Старасць не бярэ, калі ты кашы пляцеш
Зайшла ў хату Аляксандра Іванавіча Міхлюка і нават крыху сумелася: ці не памылілася я домам? Ветэран Вялікай Айчыннай сядзеў і плёў кош. Сёлета мужчыне споўніцца 99 гадоў.
– Ні ў якім разе не трэба сядзець ці ляжаць. Калі нават баліць, трэба ўставаць і ісці. У гэтым жыццё, – гаворыць Міхлюк.
Дом Аляксандра Іванавіча – гэта традыцыйны дом аздамца. Вялікія сені, у якіх стаіць лава, вісяць кашы, шанькі, каўшы. У першым пакоі стаіць вялікая печ, якая адгароджана ад погляду іншых полагам. Драўляны самаробны стол, драўляныя ўслончыкі і лаўкі, а ў куце вісяць абразы, накрытыя тканым ручніком. Аляксандр Іванавіч жыве побач са сваім сябрам – яшчэ зусім маладым, па мерках ветэрана. Сябар – Іван Міхайлавіч Мікуліч – на восем гадоў за яго маладзейшы. Сярод яго захапленняў – пляценне кашоў і шанек.
Па іх да дзядулі прыязджаюць з бліжэйшых вёсак.
Развітвалася са старажыламі Аздаміч, а яны бурна абмяркоўвалі, у якім урочышчы лепшая лаза, куды трэба схадзіць, каб набраць матэрыялу для новай партыі кашоў.
Перайначыў традыцыйную справу сваіх продкаў у больш сучасную Вячаслаў Іванавіч Лашакевіч. Ён пляце з апрацаванай лазы кашолкі для садавіны, цукерак ці хлеба.
Сцежкі дзяцінства
У марозны зімовы дзень, калі яшчэ не пачаліся сельгасработы, жыхары вёскі, пераважна пенсіянеры, займаліся больш хатнімі справамі. Толькі дзе-нідзе можна было пабачыць жанчын, што спяшаліся ў магазін, суседак, што сустрэліся на вуліцы абмеркаваць мясцовыя навіны, стоячы каля сваіх пафарбаваных у жоўта-сіні колер дамоў. Веснічкі да іх у сваёй большасці ўжо металічныя, сучасныя. А вось веранды яшчэ маюць вялікія вокны, упрыгожаныя драўлянай “расшыўкай” у выглядзе традыцыйных арнаментаў вёскі.
Ад цэнтральнай вуліцы адыходзяць вулачкі і зусім вузкія сцежкі. Гэта сцежкі нечага дзяцінства – сцежкі памяці.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара
P.S.: За падрыхтоўку матэрыяла дзякуем старшыні Рамельскага сельвыканкама Пятру Шчучцы.
Вы можаце запрасіць карэспандэнта расказаць пра вашу вёску па нумары 2-02-35