НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

25 кастрычніка карэспандэнт “НП” накіраваўся ў аг. Глінка. Мая мэта – разам з паштальёнам зазірнуць  на кожны падворак, даведацца, як жыве і чым заклапочаны наш чытач, і, безумоўна, даставіць свежую прэсу.

Заадно выконваю ролю дзяжурнага карэспандэнта. Спадзяюся, што вяскоўцы абавязкова загавораць пра набалелае, падымуць тыя пытанні, што хвалююць жыхароў населенага пункта. Пасля разам з калегамі будзем імкнуцца дапамагчы вырашыць все агучаныя праблемы.
Пад’ехала да паштовага аддзялення. У гэты час паштальёны разам з начальнікам Людмілай Язубец рыхтаваліся да выхаду “ў людзі”. Адразу ўразіла колькасць перыёдыкі, што паштальён кладзе ў сумку. А яшчэ ў пятніцу трэба разнесці пенсію, пісьмы… Акрамя гэтага ён дастаўляе на дом тавары. І гэта пры ўмове, што аграгарадок абслугоўваюць два паштальёны і толькі на 0,5 стаўкі. А аб’ём работы, канешне, патрабуе ўвагі.
Галіна Ярашэвіч, з якой накіроўваюся да падпісчыкаў, працуе на гэтай пасадзе ўжо 18 гадоў. Сваю работу любіць і, пэўна, не змяніла б на іншую. Падабаецца працаваць з людзьмі: кагосьці выслухаеш, іншаму параіш, а трэці чакае цябе, бо ра-зам з прыходам паштальёна чакае навін ад “свежага” чалавека.
З паразуменнем ставяцца да гэтай работы ў сям’і Галіны Іванаўны. За столькі гадоў поўныя сумкі прэсы і тэлефонныя званкі аднавяскоўцаў у вячэрні час – звычайная рэч для мужа Паўла, сыноў Дзмітрыя і Паўла. Хлопцы ўжо атрымалі добрую адукацыю і працуюць за межамі раёна. Але за гэты час прывыклі, што падзеі ў раёне абмяркоўваюцца і дома, таму ўвесь час цікавяцца, што ды як.
Вось і першы дом, паштовая скрынка… На сваім шляху сустракаем Любоў Язубец. Яна спяшаецца на работу, але ўдзяляе карэспандэнту некалькі хвілін і адказвае на пытанні. Расказвае, што любіць чытаць “раёнку”, выпісвае таксама “СБ: Беларусь сегодня” і інш. Перачытвае ў першую чаргу, хто нарадзіўся, узяў шлюб, памёр, а пасля шукае неабходную інфармацыю рэкламнага характару, потым пачынае чытаць усю газету спачатку.
Ідзём далей… На вуліцы – ні душы, таму гаворым пра асаблівасці работы, што і ў дождж, і ў спёку кліча ў дарогу. Цяпер разумею, што з такой цяжкай сумкай без веласіпеда паштальёну ніяк не абысціся. Галіна Іванаўна адзначае, што ўжо зранку даставіла тавары. А гэта таксама значны кавалак работы і нялёгкі, бо трэба знайсці свайго пакупніка, каб выканаць план, як і з падпіскай.
Цікаўлюся, колькі экзэмпляраў “НП” сёння дастаўляе Галіна Ярашэвіч. Аказалася, што 151 толькі “раёнкі”. Адзначу, што ў асноўным гэта самыя адданыя падпісчыкі, якія ўсё жыццё выпісваюць нашу газету. Бывае, што некаторыя спрабуюць перайсці на “Друг пенсионера”, але праз месяц упэўнена заяўляюць, што цікава чытаць толькі раённую.
Работа патрабуе ад паштальёна трымаць руку на пульсе, бо людзі ўжо ведаюць, у які час “прыходзіць” газета, і непакояцца, калі штосьці пайшло не па графіку.
Сустракаем Людмілу Каспяровіч (аказваецца, што на малой радзіме ў мяне ёсць цёзка!), задаволена той інфармацыяй, якую можна атрымаць са старонак “НП”. Яна жадае калектыву рэдакцыі і надалей ісці абраным шляхам і трымаць марку.
Некалькі жыхароў пажадалі не называць сваіх прозвішчаў, але да газеты таксама не маюць ніякіх прэтэнзій. Цікава чытаць і пра людзей, і пра падзеі, і пра пэўныя анонсы, карысныя адрасы… У аграгарадку значных нараканняў не паступае і дзяжурнаму карэспандэнту. Людзі толькі ставяць пытанне якасці дарог: ёсць вуліцы з вялікімі выбоінамі, якія патрабуюць рамонту. Бяру гэта на карандаш… Яшчэ ўзнікае праблема бытавога абслугоўвання. Здаецца, і комплексны прыёмны пункт дзейнічае, але няма гарачай вады, умоў для работы цырульні. Таксама пазначаю сабе гэта…
Заўважаю, што паштальёну няма нават магчымасці праехаць на веласіпедзе, бо зазірнуць трэба амаль у кожны двор. Так праходзім вуліцу Кастрычніцкую, далей – Першамайскую, выходзім на Савецкую.
…Толькі вярнулася з ціхага палявання заўзятая грыбніца Ніна Язубец з мужам Аляксандрам і адразу спяшаецца да паштовай скрыні. Пахвалілася, што шмат грыбоў назбірала, ды і раённую газету не забыла пахваліць. Гаворыць: “Чытаю ўсё, мне ўсё цікава. Што робіцца ў раёне, чым жывуць землякі… Але калі ў вас такая добрая рубрыка ёсць, дык вось у нас тут на скрыжаванні звярніце ўвагу на дарогу. Трэба хоць падсыпаць гэтыя ямы… І яшчэ ўвесь час чуем, што звяртацца па медыцынскую дапамогу трэба зараней, каб на першапачатковай стадыі выявіць захворванні. Вось чаму ў нашым раёне няма магнітна-рэзананснай тамаграфіі? Звяртаемся ў Пінск – там апарат сапсаваны. У Лунінцы – чарга… І так цягнецца з лютага. А час ідзе… Як быць?”
Пастаянна афармляюць падпіску Жанна Семянюк і Галіна Ярашэвіч. Да “раёнкі” толькі добрае стаўленне. Да гутаркі далучаецца і наш паштальён. Яна прызнаецца, што рабочы дзень не пачынае, пакуль не прагледзіць газету. Убачыла, што цікавага напісана, а пасля вечарам, калі даставіла прэсу і скончыла ўсе справы па гаспадарцы, ужо чытае. Усе жанчыны абавязкова праглядваюць віншаванні і спачуванні. Любяць чытаць пра землякоў, тых, хто праслаўляе наш раён за яго межамі. Карысна пазнаёміцца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, цікавымі гісторыямі. Пра аграгарадок таксама гавораць толькі станоўчае і ўсім задаволены.
Людзей больш сталага ўзросту крыху засмучае так званая “чорная” газета – рэклама, а вось моладзь карыстаецца тымі паслугамі, што прапануюцца праз газету.
P. S. Мне спадабалася сустрэча з малой радзімай, землякамі. Людзі парадавалі сваёй адкрытасцю і шчырасцю. Было відаць, што да газеты ў іх ёсць давер, таму і надалей калектыў рэдакцыі паспрабуе апраўдаць усе надзеі чытачоў. А вострыя пытанні мы агучым адпаведным службам, каб яны былі вырашаны.
Людміла
КАСПЯРОВІЧ
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Список из 35 запрещенных к распространению в Беларуси печатных изданий
Несовершеннолетним не продаём?!
Символы моей страны

Символы моей страны

22 ноября, 2024

Оставить комментарий

Похожие новости