Не сакрэт, што жывёлагадоўля – галіна сельскай гаспадаркі,
якая патрабуе няспыннай работы 24 гадзіны на сем дзён.
І поспех у гэтай галіне залежыць ад зладжанай работы ўсяго калектыву – ад кіраўніка той ці іншай гаспадаркі да яе вартаўніка.
Жывёлавод – таксама важнае звяно ў гэтым ланцугу. Бо ў яго абавязкі ўваходзяць кармленне, паенне, чыстка жывёл, а таксама кантроль іх здароўя, прыборка памяшканняў і стойлаў, удзел у ветэрынарных мерапрыемствах, вакцынацыях, прыём маладняку. Таксама ён забяспечвае захаванне гігіены, мікраклімату і патрабаванняў па ахове працы. Адным словам – мора работы, ад якасці якой залежыць стан жывёлагадоўлі гаспадаркі ў цэлым.

Таму з мэтай ушанавання лепшых жывёлаводаў, павышэння прэстыжу прафесіі і кантролю ўмоў працы на фермах на працягу апошніх гадоў Беларускім прафсаюзам работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіцца рэспубліканская акцыя «Наш жывёлавод».
Разам са старшынёй Столінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Уладзімірам Семянюком мы трымаем шлях у ААТ «Палессе-АВМ». А там нас чакаюць жывёлаводы на чале з Аленай Іванаўнай Баган, брыгадзірам вытворчай брыгады МТФ «Малешава». Гэтая жанчына, якая ў прафесіі амаль 45 гадоў, атрымала Падзячнае пісьмо Беларускага прафсаюза работнікаў АПК за добрасумленную шматгадовую працу і актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці раёна. Нягледзячы на тое, што ўжо даўно знаходзіцца на заслужаным адпачынку, яна не ўяўляе жыцця без сваёй фермы, якая стала для яе другім домам і на якую яна спяшаецца на досвітку.

– Хлопцы жартуюць, што мяне часцей за сваіх жонак бачаць, – з усмешкай кажа Алена Іванаўна. – І праўда, я тут кожны дзень зранку да вечара. Ды і ўначы мяне разбудзі, усё раскажу, што на ферме робіцца.
А на ферме ўсё добра, таму яна і з’яўляецца адной з лепшых у гаспадарцы. Памятныя падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі атрымалі жывёлавод Павел Дзямко і слесар Дзмітрый Мішкоў. Таксама адзначаны работнікі іншых фермаў ААТ «Палессе-АВМ» – жывёлаводы Іван Карпцоў і Уладзімір Гайкевіч МТФ «Збішча», возчык кармоў Іван Дзеніскавец МТФ «Кострыцкае», жывёлавод Вячаслаў Васюхневіч МТФ «Нерх» і жывёлавод Уладзімір Лісіцкі МТФ «Луткі».
Выказаў падзяку і таксама павіншаваў сваіх добрасумленных работнікаў дырэктар гаспадаркі Іван Кадоліч. На МТФ «Альгомель» найлепшыя пажаданні прымалі жывёлавод Генадзь Мішкоў, слесар Мікалай Семеняк і возчык кармоў Віктар Васюхневіч МТФ «Сулін».
Падкрэсліў важнасць прафесіі жывёлавода старшыня Столінскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК і на ферме ПСУП «МАКСЕММІЛК», на якой плённа працуюць Аляксей Карпцоў і Уладзімір Міхалевіч. У абавязкі Аляксея Іванавіча ўваходзіць сачыць за кармавымі сталамі, парадкам у стойлах, чысткай кароў. А Уладзімір Паўлавіч павінен знаходзіцца на расцёлах, глядзець, каб усё ішло па плану.

Шчыра скажу, мяне вельмі парадавала прыемная атмасфера і добразычлівыя адносіны ў калектывах усіх фермаў, дзе мы былі. А значыць, сельская гаспадарка ды і краіна ў цэлым у надзейных руках.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара
