НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Я адразу звярнула ўвагу на гэтых дзяўчын, якія стаялі на ганку царквы вёскі Туры. Здаецца, ад іх выпраменьвалася святло. А яшчэ больш прыемна было гаварыць з прыгажунямі, якія з’яўляюцца цветам нацыі. Знаёмлю і вас, паважаныя чытачы.
Таццяна Піліпчук з Туроў у гэтым годзе скончыла Хорскую сярэднюю школу з залатым медалём. Сярэдні бал атэстата дзяўчыны – 9,6. Зараз яна здае цэнтралізаванае тэсціраванне па выбраных прадметах. Чакае вынікаў па беларускай мове, матэматыцы і біялогіі, а наперадзе засталася хімія. Таццяна рыхтуецца паступаць ў медыцынскі ўніверсітэт. У які канкрэтна, пакуль дакладна не вызначылася, будзе глядзець па выніках тэстаў.
Медыцыну Таццяна выбрала не проста так. Яе бацькі – таксама прадстаўнікі гэтай слаўнай прафесіі. Бацька Аляксандр працуе фельчарам, а маці Марына – медыцынскай сястрой у тэрапеўтычным аддзяленні Давыд-Гарадоцкай бальніцы. Таму дзяўчына добра ведае спецыфіку сваёй будучай працы.
– Я бачыла, як бацькі аддавалі сябе рабоце. Асабліва давялося складана бацьку, які быў на перадавой у час пандэміі. Уся наша сям’я першай у вёсцы перахварэла каранавірусам. Ды і маці не менш цяжка было. Хворых многа, днём і ўначы даводзілася працаваць. Але ні аднаго разу я не чула, каб яны скардзіліся, што сталі медыкамі. Яны разумелі, што патрэбны людзям. Таму я не маю ілюзіі наконт будучай прафесіі. Гэта ўсвядомлены мой выбар, – кажа Таццяна.
Акрамя яе, у сям’і падрастаюць меншыя брат Раман і сястра Наталля. Уся сям’я верыць у Бога, наведвае царкву на святы. Бацька да таго ж спявае ў царкоўным хоры, мае прыгожы голас.
Пакуль дома, Таццяна імкнецца больш праводзіць часу з роднымі, а таксама сяброўкамі і аднакласнікамі. Невядома, куды каго закіне жыццё. У людзях цэніць чэснасць і справядлівасць.
А яшчэ паставіла перад сабой задачу – атрымаць вадзіцельскае пасведчанне і набыць свой аўтамабіль. Увогуле ўпэўнена ў тым, што да таго часу, як стварыць сваю сям’ю, трэба самой цвёрда стаяць на нагах і быць упэўненай у сваіх сілах.
А вось яе сяброўка Людміла Хрушчынская ўжо хутка скончыць універсітэт. Зараз яна перай-шла на 4-ы курс Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яе будучая прафесія – філолаг, выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Паступіла яна дзякуючы залатому медалю, з якім закончыла Хорскую сярэднюю школу. Успамінае, што і сярод медалістаў быў вялікі конкурс.
Дарэчы, Людміле, як і яе сяброўцы, прафесія перадалася ў спадчыну. Настаўнікам рускай мовы і літаратуры быў яе дзядуля Васіль Антонавіч. Бацька Сяргей Валер’евіч – настаўнік фізікі і матэматыкі, а маці Юлія Васільеўна выкладае родную мову. Вось такая педагагічная дынастыя.
Акрамя бездакорнай вучобы, Людміла паспявала займацца і навуковай дзейнасцю. Таму адразу некалькі сталічных навучальных устаноў прапанавалі дзяўчыне работу. Але сама яна хоча вярнуцца ў родны раён, каб уладкавацца працаваць бліжэй да дома.
– Я не магу жыць без свайго роднага Палесся! Тут мая душа, і за столькі гадоў вучобы ў сталіцы ўпэўнілася ў гэтым. Кожны раз вяртаюся сюды пасля горада замучаная і нервовая, а тут набіраюся сіл. А як цікава наша Палессе іншым людзям! Калі даведваюцца, адкуль я, адразу сто пытанняў задаюць. Іх захапляе аўтэнтычнасць і непаўторнасць нашага краю.
Да таго ж, тут жывуць усе мае родныя. Ні адна кар’ера не каштуе таго, каб ахвяраваць сям’ёй. Канешне, я вельмі хачу адбыцца ў прафесіі, быць карыснай грамадству. Хачу працаваць з беларускай мовай, на мой погляд, самай мілагучнай і прыгожай у свеце. Мой любімы твор – «Людзі на балоце» Івана Мележа, бо ён пра наш край. Зараз я шукаю работу ў Столінскім раёне, чытаю аб’явы з прапановамі. Мне застаўся апошні год, таму гэта мая першачарговая задача, – кажа Людміла.
Прыгажуня прызналася, што сэрца яе ўжо занята. Але хто выбраннік, пакінула ў тайне.
Шчыра жадаю дзяўчатам-прыгажуням, каб іх надзеі і мары абавязкова здзейсніліся. Каб яны знайшлі сваё месца ў жыцці і сталі па-сапраўднаму шчаслівымі.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Об авторе
admin
Показать все новости
Посмотрите последние новости этого автора
Гороскоп на 25 августа

Гороскоп на 25 августа

21 августа, 2025
Гороскоп 24 августа

Гороскоп 24 августа

21 августа, 2025
В Смоленской области запрещен ввоз из Беларуси более 4 тонн ягодной продукции.

Оставить комментарий

Похожие новости