Хочаш вучыцца ў Мінску і з першага курса быць максімальна незалежным ад сваіх бацькоў?
Хочаш стаць высакакласным спецыялістам і гарантавана атрымаць інтэрнат? Тады ваенна-тэхнічны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта – выбар для цябе! Сёння ваенна-тэхнічны факультэт – гэта сучаснае структурнае падраздзяленне, якое рыхтуе будучых інжынераў не толькі для Узброеных Сіл, але і для іншых воінскіх фарміраванняў, такіх як Дзяржаўны пагранічны камітэт і ўнутраныя войскі МУС Рэспублікі Беларусь.
Нашымі гасцямі сталі два родныя браты – Міхаіл і Аляксандр Цанда родам з аг. Глінка. Пасля заканчэння пяці класаў мясцовай школы разам з мамай пераехалі жыць у аг. Белавушу, дзе лёгка знайшлі новых сяброў і знаёмых. Цяпер яны – курсанты другога курса па спецыяльнасці «Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў».
Цікавасць да войска з’явілася спачатку ў Міхаіла, які ў далейшым перацягнуў «у свой лагер» Аляксандра:
– Мы з братам фізічна даволі моцныя і займаліся лёгкай атлетыкай у ДЮСШ г. Століна, – кажа Аляксандр. – Таму я спачатку планаваў ісці вучыцца на выкладчыка фізкультуры. Але на мой выбар у нейкай ступені паўплываў брат. Мы ж з дзяцінства з ім заўсёды браліся за адну справу. І тут традыцыю не парушылі.
– Доўга брата ўгаворваць не прыйшлося, – кажа Міхаіл. – Неяк у нашай школе праводзілася прафарыентацыйная работа з нагоды паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы і я, узважыўшы ўсе плюсы і мінусы, пераканаў Аляксандра паступаць разам са мной. Так мы і заняліся падрыхтоўкай неабходных дакументаў, прахо-джаннем гутарак і медыцынскіх камісій. Гэта ўсё трэба зрабіць было яшчэ да 1 красавіка ў год паступлення.
Пачатковая прафесійная падрыхтоўка – яшчэ паўсправы. На факультэце ўмовы максімальна набліжаны да армейскіх: прыняцце Ваеннай прысягі, строгі распарадак дня, дысцыпліна, заняткі ў аўдыторыях, майстэрнях, палявыя выхады.
– У нас на факультэце амаль усё як у арміі, – кажа Міхаіл. – Усё па статуту, прачынаемся ў 5.50, зарадка, заняткі да вечара, некалькі гадзін на самападрыхтоўку, вячэрняя паверка, сон. У звальненне можна ў нядзелю, плюс за добрую паспяховасць свабодныя ад заняткаў дні. Але па дому сумаваць няма калі – пастаянна ў справах, нават у вольны час стараемся налягаць на вучобу.
Спачатку курсантам даводзі-лася цяжка, асвойваліся. Але з часам памяняўся характар, пасталелі. За першы год навучання хлопцы зразумелі, што не памыліліся.
– Інтэрнат, штомесячная стыпендыя, бясплатнае трохразовае харчаванне, розных секцый на выбар больш за дзесяць, – пералічвае перавагі курсант. – Застаецца час і на адпачынак, дзякуй, у Мінску дастаткова цікавых месцаў, куды можна схадзіць.
Але галоўнае – вучоба. Міхаіл і Аляксандр упэўнены, што здолеюць стаць адукаванымі спецыялістамі па аўтамабільнай колавай тэхніцы. У будучыні не толькі забяспечаць годнае жыццё сабе і сваёй сям’і, але і прынясуць карысць роднай Беларусі.
– Мы ж хлопцы з вёскі, – кажа Міхаіл. – Пастаянна навідавоку сельскагаспадарчая тэхніка, аўтамабілі-самазвалы. Вялікія трактары, якія калясілі ў нас па вёсцы, вельмі ўражвалі. Але вайсковая тэхніка прыцягвала больш. Яна больш складаная і цікавая, і самае галоўнае – я буду ёю кіраваць. Так, гэта таксама вялікі плюс у выбары прафесіі – падчас вучобы курсанты могуць атрымаць вадзіцельскае пасведчанне на кіраванне транспартнымі сродкамі катэгорыі «В» і «С».
Карыстацца мабільнымі тэле-фонамі на факультэце можна ў строга адведзены час, таму браты падтрымліваюць сувязь з бацькамі на адлегласці, але без фанатызму.
– Першы час мама цікавілася, як тут кормяць, – кажа Аляксандр. – Я супакойваў, казаў, што меню разнастайнае, сытнае. Таксама яна заўсёды цікавіцца нашымі поспехамі ў вучобе.
Сваімі ўражаннямі і пера-жываннямі аб службе сыноў падзялілася і іх мама Таццяна:
– Адпраўляла ў Мінск добрых хлопчыкаў, выдатных памочнікаў. Бачу, што такімі яны і засталіся, але пры гэтым узмужнелі. Сталі сапраўднымі мужчынамі, якія ведаюць, што такое адказнасць, дысцыплінаванасць. Ганаруся сынамі і ўдзячная іх камандзірам за тое, што яны развіваюць у іх лепшыя якасці.
Пад’ём, зарадка, вячэрняя паверка… Здавалася б, усё так падобна на звычайнае вайсковае жыццё. Аднак гэта толькі маленькая частка жыцця курсантаў ваенна-тэхнічнага факультэта БНТУ. Цяжкі жнівень – пакуль будучыя студэнты святкуюць сваё паступленне, новаспечаныя курсанты ўжо з 1 жніўня спазнаюць асновы ваеннай жыццядзейнасці. У народзе такое мерапрыемства называюць «Курс маладога байца».
Хлопцы, якія з 1 верасня папоўняць аўдыторыі, праходзяць першапачатковую падрыхтоўку на тэрыторыі вайсковай часці, дзе цэлы месяц жывуць у казарме, вучацца, сілкуюцца і адпачываюць. Не трэба ўтойваць той факт, што гэта самы цяжкі перыяд з жыцця на факультэце. Менавіта там гартуецца воля і мужнасць, толькі там кожны курсант сапраўды разумее, што такое армія і Узброеныя Сілы. Галоўнае ў гэты момант – устойліва перанесці ўсе нягоды і пазбаўленні і заўжды трымаць у галаве сваю мэту.
Аляксандр
НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
