НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
Rate this post

Вясна сёлета выдалася надта імклівая, надвор’е мянялася літаральна па гадзінах. Таму гаспадаркі раёна ўвесь час былі напагатове, чакаючы падыходзячага моманту, каб выйсці на палі.


У адной з самых вялікіх гаспадарак раёна ААТ «Новая Прыпяць» праца кіпіць ужо больш за тыдзень. Паглядзець, дзе і што робіцца, мы адправіліся разам з галоўным аграномам Сяргеем Строкам.
– Сапраўды, у гэтым годзе зіма прымусіла нас пахвалявацца, паколькі такіх маразоў даўно не назіралася, – кажа Сяргей Уладзіміравіч. – Добра, што было дастаткова снегу, што дазволіла азімым культурам перазімаваць без значных страт. Асабліва радуе азімае жыта. А вось азімая пшаніца і азімы трыцікале захварэлі, па-шкоджана каля 150 гектараў. Зараз мы аказваем ім, можна так сказаць, хуткую дапамогу. Спачатку праводзім баранаванне лёгкай бараной, каб прыбраць мінулагодняе пустазелле і павялічыць доступ кіслароду да карэнняў раслін. Пасля ўводзім азотныя ўдабрэнні КАС з дапамогай самаходнага апырсквальніка «Раса». З неабходных 1873 гектараў засталося менш за 800. Азімы рапс пасеяны на 315 гектарах. Перанёс зіму добра, але ў некаторых месцах – прыкладна на 15 гектарах – ёсць вымачка ў сувязі з вялікім узроўнем вады. Зараз слова за надвор’ем. Калі яно будзе спрыяльным, ура-джай парадуе.
Пакуль на адных палях дапамагаюць ачуняць азімым культурам, на іншых поўным ходам ідзе падрыхтоўка глебы пад сяўбу яравых культур. Ва ўрочышчы Цервіна, дзе мы зрабілі прыпынак, на 76 гектарах плануецца пасеяць люцэрну.
Даручана гэтая адказная справа маладому механізатару Сяргею Мамайку. За дзень пры добрым надвор’і можна пераараць да 30 гектараў.
Таксама ў гаспадарцы плануецца пасеяць па 100 гектараў яравых культур: аўса, зернебабовых і ячменю. Сярод позняй ярыны – 1400 гектараў кукурузы, што прыкладна столькі ж, колькі ў мінулым годзе. Да таго ж ААТ «Новая Прыпяць» – адна з дзвюх гаспадарак (другая – КСУП «Відзіборскі»), у якой будуць сеяць 200 гектараў цукровых буракоў.
– Тут важна не спяшацца, а паспець, максімальна захоўваючы тэхналогію, – тлумачыць Сяргей Уладзіміравіч. – Пасля падрыхтоўкі глебы павінен прайсці некаторы час, каб зямля прагрэлася. Разам з тым неабходна, каб у глебе засталася вільгаць. Гэта адна з галоўных ўмоў добрай усходжасці культуры.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости