Не першы раз пераступаю парог дома Ганны Канстанцінаўны Кавалеўскай – удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны, партызанкі. І зноў у свае няпоўныя 95 Ганна Канстанцінаўна бадзёра сустракае мяне на ганку і вядзе ў дом.
– Ды ўжо здароўе не тое – спіна і ногі баляць, чую ўжо дрэнна, – расказвае жанчына. – Гэта ў мінулым годзе яшчэ агарод палола. Хоць дачка і сварыцца, а мне здаецца, што лепш за мяне ніхто не зробіць.
Зараз жанчына жыве сама і разам з тым не сама. Яе дачка з Рэчыцы практычна ўвесь час праводзіць разам з маці. Яна і парадак навядзе, і паесці згатуе.
– Я ўжо ленавацца стала, – жартуе ветэран. А пасля сур’ёзна дадае: – Мне ўжо па газету дайсці да веснічак і то цяжка.
Дарэчы, выпісвае і чытае яна “Навіны Палесся” колькі сябе памятае.
Карэнная беражэнка скончыла сем класаў польскай школы. Вучылася добра, асабліва любіла матэматыку. Але маці казала: “Вучыцелькаю не будзеш – прадзі кудзельку”.
Так і ішло жыццё вясковай дзяўчыны – работа ў полі, па гаспадарцы. Ды ўсё змянілася ў 1941 годзе, калі пачалася вайна. Праз некаторы час старэйшы брат Андрэй Савіцкі стаў партызанскім сувязным. Дапамагалі яму і Ганна, і малодшая сястра. Потым брат пайшоў у партызаны. Каб гэта схаваць, сям’я прыдумала яго смерць. Але нехта пабачыў Андрэя і немцам стала вядома, што сям’я партызанская. Добра, што аб намерах немцаў забраць сям’ю стала вядома загадзя. Ноччу прыйшлі ўзброеныя партызаны, дапамаглі пагрузіць маёмасць. Маці звечара рашчыніла хлеб. І нават дзежку з цестам забралі з сабою. Цяжка было пакідаць родную хату. Плакала маці. Як выявілася пазней – не дарэмна. Бо на наступны дзень немцы прыйшлі арыштаваць Савіцкіх і спалілі ўсё – ад хаты да стажкоў.
Сям’я размясцілася ва ўрочышчы Чырвоны Бераг. Там стаялі і іншыя партызанскія сем’і. А зімой 1943 года прыйшлі звесткі аб наступленні немцаў. І сем’і згрузіліся на падводы і зноў рушылі ў дарогу. На гэты раз на Мярлінскія хутары.
– Мы ехалі ўсю ноч. І толькі як сонца стала ўставаць, дабраліся на хутары. Нас сустрэў старшыня сельскага Савета Аўдзяйчук. На хутарах у той час была савецкая ўлада.
На той час на Мярлінскіх хутарах размяшчаўся атрад імя Ракасоўскага. І Ганну накіравалі на дапамогу ў разведку. Яна і яшчэ некалькі дзяўчат дамагалі разведчыкам: гатавалі ежу, пралі, даглядалі параненых.
Новыя звесткі пра наступленне немцаў — і сем’і былі вымушаны часова адысці на Храпунь. Пасля зноў вярнуліся на Мярлін.
Ганна Канстанцінаўна згадвае імёны камандзіраў, начальніка штаба, разведчыкаў. З некаторымі з іх падтрымлівала сувязь і пазней, пасля вайны.
У партызанах яна прабыла з 1943 года да вызвалення Століншчыны. Дарога дахаты была небяспечнай. Немцы старанна яе замініравалі. Таму наперадзе ішлі валы, а далей ехалі абозы з людзьмі.
Сям’я прыехала на папялішча роднай хаты. Да сябе ў пастаяльцы іх узяла сям’я Байзерт. Гэта пасля ўжо адбудавалі новы драўляны дом на месцы старога.
Ганна літаральна пасля вяртання ў вёску стала працаваць у “магазіне”. Магазін складаўся з аднаго пакоя, у якім паставілі драўляную скрыню, на ёй вагі. Задача Ганны была збіраць прадукты, рэчы для патрэб фронту. Нехта прыносіў кудзелю, а нехта збожжа. Гэта ўсё старанна занатоўвалася і збіралася.
Першы завоз у свой магазін яна памятае і зараз. Гэта быў рознакаляровы сацін. Так яна і працавала ў гандлі да пенсіі. Напачатку ў сваім аднапакаёвым магазіне, пасля ўжо ў харчовым, была загадчыцай, перадавым работнікам.
За старанную работу ўзнагароджана Ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Была ў складзе дэлегацыі Беларусі на Усесаюзным з’ездзе кааператараў у Маскве.
Зараз у скрыні Ганны Канстанцінаўны захоўваюцца ўсе яе ўзнагароды, медалі. Сярод іх шмат юбілейных – 40, 50, 60… гадавіны вызвалення Беларусі, Перамогі над фашысцкай Германіяй.
Гэтая скрыня – адзін з напамінаў аб тых падзеях, аб якіх не хочацца згадваць, а разам з тым важным этапе не толькі ў яе жыцці, а і ў гісторыі ўсіх краін свету.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара