НОВОСТИ СТОЛИНА НАВIНЫ ПАЛЕССЯ
Search
5/5 - (1 голос)

Амаль кожныя бацькі даносілі дзецям сэнс гэтай прымаўкі. Маўляў, лепш падтрымліваць чысціню, чым потым прыбіраць. Актуальна гэта і для дарослых, таму праводзяцца суботнікі.

На тэрыторыі Вялікамале-шаўскага сельскага Савета работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі пачалі загаддзя.
Як расказала старшыня сельскага выканаўчага камітэта Таццяна Васюхневіч, праца кіпела ва ўсіх населеных пунктах, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні. У сераду жыхары вёскі Луткі выйшлі, каб прыбраць лясны масіў ва ўрочышчы Кармані. Прыбіралі смецце, якое на трактары вывезлі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Спецыяльна дзеля гэтага з арганізацыяй быў заключаны дагавор, а сродкі за выкананыя паслугі былі выдаткаваны з бюджэту сельвыканкама. Заўзята ўзяліся за справу вяскоўцы на чале з дырэктарам сельскага клуба в. Луткі Сцяпанам Леськам, старастай вёскі Аленай Васілевіч. Актыўны ўдзел прынялі Іван Леська, Хрысціна Клімовіч, Наталля Карпцова. На сваім асабістым трактары грузіў смецце на прычэп Аркадзь Клаўшын. Працавалі таксама вучні Кароціцкай сярэдняй школы. Пакеты для смецця і пальчаткі набыў індывідуальны прадпрымальнік, уладальнік магазіна «Гермес» у вёсцы Талмачава Уладзімір Мішкоў.


Прыемна было бачыць вынікі працоўнага дэсанта – чысты лясок, які на вачах папрыгажэў. Але ў бочцы мёду, на жаль, ёсць і лыжка дзёгцю, дакладней кажучы, прычына з’яўлення гэтага смецця. Зразумела, само сябе яно туды не прынесла, а значыць, ёсць у вёсцы тыя людзі, якія вырашылі пазбавіцца ад адыходаў такім чынам.
– Вельмі засмучаюць такія абставіны, паколькі два гады таму, напярэдадні «Дажынак», у вёсцы Кароцічы да бляску прыбралі гэтае месца. І вось зноў – цэлы прычэп, – кажа Таццяна Мікалаеўна. – Шкляныя і пластмасавыя бутэлькі, поліэтыленавая плёнка, выкарыстаныя памперсы сталі аб’ектамі пейзажу. Проста дзівуешся, як у чалавека падымаецца рука засмечваць тое месца, дзе жывеш?! Тым больш зараз, калі вывазам смецця займаецца жыллёва-камунальная гаспадарка. Каля хаты ж забіраюць, нікуды не трэба несці! Важны момант, што дагавор на аказанне гэтай паслугі можна заключыць у сельскім выканаўчым камітэце, неабавязкова ехаць у Столін. Больш таго, я асабіста магу пад’ехаць да тых жыхароў, якія выказалі жаданне. Мне б вельмі хацелася, каб людзі разумелі, што трэба шанаваць свой родны куточак, рабіць яго прыгажэйшым, а не наадварот. Шчыра прызнаюся, што акрамя шыльдачкі, на якой напісана, што звалка смецця і адыходаў у гэтым месцы забаронена, у мяне быў намер усталяваць там відэакамеру за сродкі сельвыканкама, каб бачыць, так мовіць, «герояў» у твар. Паважаныя вяскоўцы, калі ласка, давайце лепш дамовімся з вамі, што гэта не спатрэбіцца. Вёска Луткі – аўтэнтычная, са сваімі гісторыяй і традыцыямі, якія трэба шанаваць. Дарэчы, на другі дзень Вялікадня плануем арганізаваць Дзень вёскі. 6 мая на Юр’еў дзень вяскоўцы спрадвеку праводзяць абрад, які перадаецца з пакалення ў пакаленне. Яго таксама пакажуць у час святкавання. Каму цікава, будзем рады вітаць! А як гаворыцца, сустракаюць па вопратцы. І няхай гэтай вопраткай будуць прыбраныя сядзібы, кветкі, адрамантаваная агароджа, чым сметнік. Дамовіліся?
А вось новы парк зашуміць у вёсцы Талмачава каля помніка загінуўшым воінам у Вялікай Айчыннай вайне. Клёны і ліпы садзілі дэпутацкі корпус, работнікі культуры, гандлю, ААТ «Кароцічы», вучні і настаўнікі Талмачаўскай пачатковай і Кароціцкай школ і іншыя. Дрэўцы для пасадкі выдала Кароціцкае лясніцтва Палескага лясгаса. Ашчадна падвязалі кожнае з іх, каб вецер не зламаў. А жыхары вёскі могуць дапамагчы дрэўцам пайсці ў рост, паліўшы ў спёку. Падзякуюць потым нашы нашчадкі.
Таццяна Мікалаеўна выказвае падзяку ўсім, хто знайшоў час, праявіў ініцыятыву і неабыякавасць да роднага краю, і ўсім зычыць добрага настрою, міру і радасці ў сем’ях.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Предыдущая новость

Следующая новость

Оставить комментарий

Похожие новости