Днямі ў Альшанах віншавалі ветэрана працы, былога старшыню калгаса “Палеская ніва”, што ў Рамлі, Мікалая Іванавіча Ажога з юбілеем, 70-годдзем з дня нараджэння.
Юбіляр прымаў віншаванні ад кіраўніцтва райвыканкама, якое ўзнагародзіла яго Ганаровай граматай, ад прафсаюзных і ветэранскіх лідараў, ад былых калег і сяброў, ад родных.
…Мікалай нарадзіўся ў Давыд-Гарадку, жыхары якога ў той час жылі пераважна з таго, што вырошчвалі насенне кветак і агародніны і прадавалі яго ў розных кутках вялікага Савецкага Саюза. Бацькі яго гэта лічылі галоўнай сямейнай справай, на вучобу хлопца ўвагі было мала, таму і вучыўся ён пасрэдна. Калі ж пасля заканчэння школы паўстала пытанне, куды ісці вучыцца (было гэта ў 1966 годзе, калі школы выпускалі адразу дзесяцікласнікаў і адзінаццацікласнікаў), то юнак выбраў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Да таго ж у мясцовым калгасе працаваў кіраўніком участка яго дзядзька Гуня-Ажог Аляксандр Пятровіч, які стаў пазней лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.
Вучоба дала асновы тэорыі, а практыка пачалася на племзаводзе “Нача”, што ў Ляхавіцкім раёне, дзе малады ветурач пераканаўся, што выбар зрабіў правільны. Толькі працаваць доўга не давялося: прызвалі служыць у армію.
Пытання, куды вяртацца пасля службы, у звольненага салдата не было. Прыехаў на радзіму, а працаваць прапанавалі ў перадавой гаспадарцы – калгасе імя Леніна Беражноўскага сельсавета, дзе ў той час кіраваў легендарны Я. П. Сагановіч. Тут было чаму павучыцца і ў арганізацыі працы, і ў тэхналогіях, і ў рабоце з людзьмі. Магчыма, малады вет-урач і затрымаўся б тут надоўга, бо і матэрыяльны стымул быў неблагі, але спаткаў сваё каханне, стварыў сям’ю. Жонка Сцяфанія была родам з Альшан, хацелася бліжэй да родных мясцін. Паспрыяў дзядзька, які падказаў, што старшыня альшанскага калгаса “40 гадоў Кастрычніка” Іван Дзмітрыевіч Янкоўскі, Герой Сацыялістычнай Працы будуе ў в. Высокае птушкаферму. Туды трэба кіраўнік.
Маладога спецыяліста, а цяпер ужо і кіраўніка не задавальняла новая работа. Яго цягнула да жывёлы, а тут трэба было за будаўнікамі і наладчыкамі назіраць. Таму і папрасіўся ў старшыні перавесці яго на ферму ветурачом. Многія гэтаму дзіваваліся, а Мікалай трапіў у сваю стыхію. Янкоўскі заўважыў яЦго працавітасць, старанне, ініцыятыву і хутка назначыў галоўным заатэхнікам і намеснікам старшыні.
– Я быў у адказе за ўсю жывёлагадоўлю і нарыхтоўку кармоў, – успамінае Мікалай Іванавіч. – Поруч з Іванам Дзмітрыевічам прайшоў добрую школу кіраўніцтва калектывам.
Не выпадкова, што такога работніка ў 1983 годзе кіраўніцтва раёна паслала на курсы старшынь калгасаў. Тры месяцы вучылі тэорыі, а тры месяцы – практыка. Міне яшчэ два гады – і першы сакратар райкама партыі Аляксандр Бокач прывязе Мікалая Ажога ў Рамель і будзе рэкамендаваць яго на пасаду старшыні калгаса “Запаветы Леніна”. Калгаснікі выбралі Мікалая Іванавіча старшынёю. І гэту пасаду ён будзе займаць больш за 27 гадоў, да самага выхаду на пенсію.
А тады, у студзені 1985 года з чаго пачынаў новы старшыня?
– З таго, што было мне добра вядома, – успамінае Мікалай Іванавіч, – з жывёлагадоўлі. Калгас жа быў не з апошніх, надой на карову складаў тады 3500 кг. Прыбаўленні ў вазе жывёлы даходзілі да 300 грамаў, а на птушцы крыху больш за 30 грамаў. Сярэдняя ўраджайнасць складала менш за 30 цэнтнераў з гектара. Справы ўскладняліся толькі тым, што кармоў не было. Давялося звяртацца ў Альшаны, каб выручылі, а вясной выпрацоўваць стратэгію развіцця.
У чым яна заключалася? Новы старшыня шукаў шляхі павышэння эфектыўнасці вытворчасці. У Рамлі захаваліся насеннікі турнэпсу. Іх высадзілі, а калі сабралі насенне, то дзяржава абмяняла іх на камбікорм у надта высокай прапорцыі. Гэта навяло на думку аб неабходнасці заняцца насенняводствам траў і збожжавых. Турботна, канешне, клопату хапае амаль на ўвесь год, але ж у калгасную касу пайшлі грошы.
У час вучобы на Гродзеншчыне пачуў Мікалай Іванавіч, што птушніцы дабіліся ў Дзятлаўскім раёне больш чым 50-грамовага прыбаўлення ў вазе птушкі. Паехаў туды па вопыт, укараніў у сваёй гаспадарцы – і вось ужо дадаткова калгас прадаў дзяржаве 600 тон дыетычнага мяса. Былі напрацоўкі перадавых метадаў і ў корманарыхтоўках. У час вучобы ў Латвіі пераняў лепшае ў галіне тэхнічнага прагрэсу, а калі быў ва Узбекістане – краіне баваўнаробаў – пераняў у іх тэхналогію выраўноўвання палёў. Прачытаў пра тое, што ў Расіі ў адным з раёнаў атрымліваюць па 112 ц ячменю з гектара, – паехаў туды, прасіў падзяліцца вопытам, убачыў у рабоце агрэгат КТГА і загарэўся жаданнем мець яго ў гаспадарцы. А яшчэ была паездка ў Канаду, дзе паказалі ідэальных кароў, якія давалі шмат малака. І калі канадцы адкрылі свой філіял у Беларусі, Ажог быў у ліку першых яго наведвальнікаў і кліентаў. У Германіі ўбачыў у рабоце кормаўборачны камбайн “Марал 190”, які пераціраў кукурузу ў зялёную масу, і не пашкадаваў сродкаў, каб набыць гэты агрэгат.
Паступова гаспадарка набірала тэмпы вытворчасці. Адзін прыклад: у 1991 годзе на рахунках калгаса было 9 мільёнаў рублёў, з якіх 5 мільёнаў складаў прыбытак. І толькі перабудова стрымала рост, прымусіла шукаць тактыку выжывання. Ды старшыня і тут знаходзіў выйсці. Часам надта нестандартныя, на мяжы з адступленнем, як гэта было з раз’яднаннем калгаса. Адно адметна, што ў такой шматпрофільнай гаспадарцы, бо старшыня захапіўся і конегадоўляй, не было стратных галін, усё давала прыбытак.
За дасягнутыя поспехі Мікалай Іванавіч Ажог быў узнагароджаны ордэнам Пашаны. У 2012 годзе яго прызналі лепшым старшынёю калгаса па Брэсцкай вобласці. Гэта быў яго прыгожы фініш, пасля якога пачаўся заслужаны адпачынак.
Толькі і сёння гэты ветэран працы не можа сядзець без справы. Будучы старшынёю, дапамагаў будаваць у Рамлі новую царкву, за што адзначаны ордэнам Прападобнага Сергія Раданежскага ІІІ ступені. І цяпер у гэтай царкве ён чытальнік і член царкоўнага хору. Дзядулю радуюць восем унукаў, а ён задаволены тым, што трое яго дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю і знайшлі сваю дарогу ў жыцці.
Валянціна МІРАНОВІЧ
Фота Фёдара ШУМКО з архіва рэдакцыі 2009 года