Гаспадаркі раёна масава прыступілі да сяўбы кукурузы. Гэтая культура па праве стала «царыцай» нашых палескіх палёў, таму што складае асноўную частку рацыёну буйной рагатай жывёлы. Усяго на Століншчыне ў гэтым годзе плануюць пасеяць амаль 21,5 тысячы гектараў гэтай каштоўнай культуры.

Асаблівых сакрэтаў, звязаных з сяўбой, няма. Галоўнае – працаваць адказна і добрасумленна, бо як гаворыцца, што пасееш – тое і пажнеш.
– Кукурузу, як і любую іншую культуру, трэба сеяць з добрым настроем, – упэўнены дырэктар КСУП «Прыпяць-2009» Рыгор Курган. – Ды і ўвогуле любую работу трэба выконваць у добрым настроі, таму што тое, што зроблена рукамі, не церпіць аніякага негатыву.
Завіталі на поле ў бок Сіціцка. Сказаць, што гэты напрамак сельгасугоддзяў не самы лепшы – значыць, не сказаць нічога.
– Што зробіш? Пяскі, – уздыхае кіраўнік. – Але спадзяёмся, што ўнесеныя ўгнаенні дадуць эфект і атрымаецца ўраджай не горшы за леташні. Будзем спадзявацца, што зямля ў бок Стахава і Кораб’я дасць лепшы ўраджай, таму што там землі больш урадлівыя.
Рыгор Курган адзначыў, што пакуль абыходзяцца адной імпартнай сеялкай, з дапамогай якой можна адразу ўносіць і мінеральныя ўгнаенні. Па стане на ранак 16 красавіка ў гаспадарцы паспелі пасеяць 55 гектараў з 1 100 неабходных. Калі будзе неабходнасць, то будуць выкарыстоўваць яшчэ адну сеялку – айчынную. Летась у Плотніцы атрымлівалі па 285 ц зялёнай масы з гектара, а таксама па 80 ц збожжа.
– Плануем у гэтым годзе атрымаць каля 20 тысяч тон кукурузнага сіласу і 1,5 тысячы тон збожжа кукурузы, каб не толькі трымаць надоі малака на ўзроўні, але і паляпшаць іх. Больш малака – больш грошай. Звычайная матэматыка.
Аляксандр НІКІФАРЭНКА
Фота аўтара
