– Колькі ў вас дзяцей? – пытаю ў Алёны Лемяза – уладальніцы ордэна Маці з аграгарадка Альшаны.
– Шасцёра, – адказвае яна.
– А колькі самаму старэйшаму?
– Шэсць гадоў, сёлета пайшоў у першы клас.
Я пачынаю пільна разглядваць сваю суразмоўцу. Прывабная маладая жанчына, якая, здаецца, толькі нядаўна скончыла школу. Стыльная, модная, адпачыўшая, быццам толькі вярнулася з узбярэжжа акіяна. Сама прыехала на машыне, якая па колеры была адзін у адзін, як падораныя чырвоныя ружы. Ну зусім не падобна Алёна на маці, у якой шасцёра дзяцей-пагодкаў.
– Мае дзеці, дзякаваць Богу, спакойныя, таму клопату з імі няма, – усміхаецца жанчына. – Самае галоўнае, каб не хварэлі, а гадаваць дзяцей у цяперашні час лёгка. Зараз няма дэфіцыту ні на што, пральная машына пярэ адзенне, пасудамыечная – посуд мые. Таму на дзяцей часу хапае дастаткова.
Сям’я Дзмітрыя і Алёны з’явілася восемь гадоў таму. Да вяселля сустракаліся ўсяго год, бо адразу зразумелі, што створаны адзін для аднаго.
– Чэсна сказаць, я не разумею лю-дзей, якія сустракаюцца шмат гадоў, а потым расстаюцца, маўляў, не зышліся характарамі. Гэта неяк не сур’ёзна, на мой погляд. Зараз з экранаў тэлевізараў, праз інтэрнэт некаторыя прапагандуюць грамадзянскі шлюб, які я асабіста не падтрымліваю. Ды і дзеці павінны нараджацца ў шлюбе, а не ў «свабодных адносінах». Няхай мяне палічаць старамоднай, але маё меркаванне такое.
Сваіх дзяцей Алёна лічыць самымі дарагімі падарункамі лёсу. Пасля першага сыночка на свет з’явіліся дочкі-двайняты – Марыя і Валянціна. Хоць у роду Алёны былі выпадкі нараджэння двайнят, вынікі ўльтрагукавога даследавання ўсё ж сталі сюрпрызам. Зараз дзяўчынкам па пяць гадоў, яны вельмі падобныя паміж сабой, дружныя і ў наступным годзе таксама стануць вучаніцамі. За імі нарадзіліся яшчэ дзве дачушкі – Вікторыя і Ала, апошняя з якіх названа ў гонар бабулі – маці Алёны.
– Маці для мяне – самы даражэйшы чалавек. Я, мае сёстры і брат заўсёды былі для яе на першым месцы. Цяпер зразумела гэта і я, бо таксама бачу сэнс жыцця ў сваіх дзецях. І не важна, колькі ім стане гадоў – буду дапамагаць, пакуль будуць сілы, – кажа Алёна.
Зараз мнагадзетная маці больш часу знаходзіцца з самым меншым членам сям’і – трохмесячным сыночкам Уладзімірам. Але старэйшыя дзеці абсалютна не раўнуюць, наадварот, з нецярпеннем чакалі браціка з раддома.
– Ці з’яўляецца за дзень хоць адна вольная хвіліна? – пытаюся напаследак у прыгажуні.
– Для мяне лепшы адпачынак – гэта змена дзейнасці. Я не любіцель «сядзець» у інтэрнэце і таму не зарэгістравана ні ў адной з сацыяльных сетак. Можа зноў падамся старамоднай, але яны, на мой погляд, проста катастрафічна крадуць час. Ды і дзеці будуць цягнуцца да тэлефона, пабачыўшы, як маці ў ім сядзіць гадзінамі. Можна сказаць, звяртаюся да інтэрнэта толькі па справе.
У вольную хвіліну першай справай іду на кухню. Абажаю гатаваць, асабліва выпечку. Самыя любімыя ў маіх дзяцей – торт «Медавік», пірожныя «Капрыз», «Карамельная дзяўчынка» і «Малочная дзяўчынка».
А калі ўсе дзеці спяць, то доўга сядзім з мужам на кухні, п’ём чай, гутарым і будуем планы на будучыню. І гэта маё шчасце, – кажа Алёна.
Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара