• ru
  • by
  • 23 октября

    USD

    EUR

    Столин

    7C

    Школа ў надзейных руках

    05.10.2021

    370

    0

    Упершыню Міхаіла Лемезу ўбачыла ў якасці ўдзельніка школьнага этапа конкурсу «Настаўнік года» ў далёкім 2009 годзе. Тады ён працаваў настаўнікам фізікі і яго выступленне было настолькі цікавым і неардынарным, што і зараз добра памятаю. Прайшло дастаткова гадоў. І зараз мы сустракаемся з Міхаілам Ільічом, калі ён ужо ў статусе дырэктара сярэдняй школы № 1 аграгарадка Альшаны.
    Дагэтуль бачыліся, калі даводзілася асвятляць футбольныя ці іншыя спартыўныя спаборніцтвы, школьныя мерапрыемствы, пісаць артыкулы пра таленавітых вучняў і паспяховых настаўнікаў. І кожны раз упэўнівалася, што школа ў надзейных руках.
    Да таго ж Міхаіл Ільіч з’яўляецца прадстаўніком педагагічнай дынастыі. Яго бацька Ілья Іванавіч быў намеснікам і ўзначальваў вучэбна-вытворчы камбінат у Альшанах. Працягвае працаваць і зараз, з’яўляючыся кіраўніком аб’яднання мотааматараў Давыд-Гарадоцкага цэнтра дзіцячай творчасці. Маці Святлана Іванаўна была настаўніцай пачатковых класаў. Абодва браты – Аляксандр і Іван – па адукацыі настаўнікі фізічнай культуры. Самая малодшая сястра Людміла, як і маці, выкладае ў малодшых класах.
    Мой жа суразмоўца скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Шамякіна ў 2001 годзе па спецыяльнасці фізіка і тэхніка. Але мала хто ведае, што ў яго была мара стаць… лётчыкам ваеннай або грамадзянскай авіяцыі.
    – Чаму ж не пайшлі ўслед за сваёй марай? Зараз бы ляталі над аблокамі…
    – Усё што ні робіцца, усё да лепшага. Пэўна, для мяне было прыдумана іншае прызначэнне. Тады быў перабудовачны час, панавала невядомасць, у тым ліку і ў ваеннай структуры. І я падумаў, што лепш сініца ў руках, чым журавель у небе. Са школы фізіку вельмі любіў, дзякуй настаўніку Віктару Дзям’янавічу Домнічу. Вучыўся з задавальненнем. Асабліва любіў практыку, якую праходзіў у школах Мазыра. З вучнямі мы хадзілі і ў кінатэатры, і на футбольныя матчы, і ў паходы. Дзеці – вельмі ўдзячная аўдыторыя. Яшчэ ў час вучобы я зразумеў, што нездарма выбраў педагогіку. Пасля вучобы маладога спецыяліста адправілі працаваць у Баранавічы.
    – Сустрэлі мяне, быццам я там сто гадоў працаваў. Можа таму, што мужчын-настаўнікаў не так многа ў калектыве. Там я працаваў толькі палову года, бо далей мяне чакала армія. Але нават за гэты кароткі час я атрымаў вялікі вопыт.
    Службу Міхаіл Ільіч праходзіў ва ўнутраных войсках у Мінску. Прапаноўвалі застацца, але ён не згадзіўся. Прыняў рашэнне вярнуцца ў Альшаны і адразу ўладкаваўся ў сярэднюю школу № 1 настаўнікам матэматыкі і фізікі, дзе працаваў на працягу васьмі гадоў.
    – Гэты час я ўспамінаю з вялікай настальгіяй. Кожны дзень ішоў да вучняў з вялікім жаданнем. Скрупулёзна планаваў урок, карыстаўся ў падрыхтоўцы дапаможнікамі яшчэ савецкіх аўтараў. З энтузіязмам прымалі ўдзел у розных конкурсах і даследчых работах. Я змагаўся за званне настаўніка года. Гэта быў перыяд творчага ўзлёту. І няхай я не лунаў над аблокамі, затое я лунаў у сваёй прафесіі, – успамінае Міхаіл Ільіч.
    Амбіцыйнага настаўніка, канешне, заўважылі. І ў 2011 годзе, калі адчынілася другая сярэдняя школа ў Альшанах, яму прапанавалі заняць пасаду намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. А ўжо праз два гады – узначаліць сярэднюю школу № 1.
    – Вы кіруеце адной з самых вялікіх школ нашага раёна, таму і адказнасць на вас вялікая.
    – Для мяне гонар быць дырэктарам школы. Але я патрабавальны не толькі да іншых, але і да сябе. Не прымаю халатнасці ў прафесіі. Настаўнік павінен быць настаўнікам і кропка. Маё цвёрдае перакананне, што ў педагогіку павінны ісці толькі тыя, хто бачыць у гэтым сваё прызначэнне. Бо ад нас залежыць будучае нацыі. Як мы выхаваем нашых дзяцей, такім яны стануць пакаленнем. Я – прыхільнік індывідуальнага навучання. У нас адораных дзяцей вельмі многа, а гэта самае галоўнае. Увогуле, у беларускага народа вялікі патэнцыял, яго трэба толькі развіваць. Дзеці павінны з ахвотай бегчы на ўрокі, а не думаць, калі яны скончацца. Будучае краіны за навуковымі навацыямі, а значыць трэба укараняць ІТ-тэхналогіі і гадзіны робататэхнікі ўжо ў школе. Школа не можа стаяць на месцы, трэба ісці ў нагу з часам, – разважае дырэктар.
    Усе ведаюць, што Міхаіл Ільіч – фанат футбола і спорту ў цэлым. Ён асабіста прысутнічае на кожным матчы, і мне неаднойчы даводзілася назіраць, як ён хварэе за родную каманду. У школе ўжо некалькі гадоў існуе футбольны клуб «Вітаўт» пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі футбола. Сваіх дзяцей Уладзіслава і Дзіяну дырэктар навучыў гуляць у шахматы, бо лічыць, што гэта развівае мысленне.
    Міхаіл Ільіч заўсёды за ўкараненне новых праграм, праектаў, за развіццё і перспектыву. Таму настаўнікі ведаюць, што дырэктар выслухае любую, нават на першы погляд неверагодную ідэю, бо цэніць ініцыятыўнасць і крэатыўнасць.
    Яшчэ мой суразмоўца апантаны гісторыяй, якую ведае дасканала. Тут добрым словам успамінае настаўніка Барыса Іванавіча Ляшкевіча. Беларускую мову, на якой мы размаўлялі ў час інтэрв’ю, лічыць самай мілагучнай і прыгожай. Любіць яе навучылі настаўнікі Марыя Сцяпанаўна Быба і Раіса Віктараўна Домніч.
    Жонка майго суразмоўцы Ірына выкладае ў сярэдняй школе № 2 англійскую мову. Дарэчы, калісьці яна была яго вучаніцай.
    Пра навінкі авіяцыі і касманаўтыкі расказвае на ўроках астраноміі ў сваім любімым 11-м класе. Хацеў бы пабываць у многіх краінах. Сваім любым Альшанам жадае развіцця і радуецца, калі яны прыгажэюць.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 21 час

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 6345Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика