3 декабря

USD

EUR

Столин

1C

Людміла Васечка з Вялікага Малешава – маці шасцярых дзяцей

20.11.2020

551

0

Колькі б ні пісалі пра мнагадзетных маці, але кожны раз па-новаму глядзіш на гэтых моцных жанчын.

Вось і Людміла Васечка з Вялікага Малешава многае паспела да сваіх 25-ці гадоў. І ў гэтым выпадку пра ўзрост жанчыны нават трэба гаварыць. Падумайце самі, Людміла – маці шасцярых дзяцей. Разам з мужам пабудавалі свой дом, у якім пануе згода і лад. І на думку жанчыны, большага шчасця не бывае.
З будучым мужам Андрэем з Альшан каханне было, у прамым сэнсе гэтага слова, з першага погляду. Разам яны ехалі на канферэнцыю ў Дом малітвы і юнак якраз падвозіў яе і яшчэ некалькіх дзяўчат. І за ўсю дарогу не зводзіў з Людмілы вачэй. Праз паўгода маладыя людзі абвясцілі аб сваім жаданні звязаць сябе шлюбам бацькам, якія благаславілі дзяцей.
І вось ужо восем гадоў Людміла і Андрэй ідуць поруч. Першынцу Мікалаю – сем гадоў, ходзіць у другі клас. Аляксандру – пяць, Таццяне – чатыры, Святлане – тры гады. Яшчэ аднаму сыночку Міхаілу год і восем, а самай меншай дачушцы Надзеі дзевяць месяцаў.
Пакуль мы размаўлялі, дзеці то і справа задавалі маці безліч пытанняў.
– У дзяцей зараз вельмі «дапытлівы» ўзрост, ім усё цікава і ўсё патрэбна праверыць, паглядзець, пачапаць. Таму за імі трэба вока ды вока, – кажа Людміла. – Добра, што мае бацькі жывуць побач і могуць паглядзець, калі трэба нам з мужам ад’ехаць па справах.
Аказваецца, Людміла таксама вырасла ў мнагадзетнай сям’і, у якой гадавалася пяць дзяўчынак. Маці Святлана працуе сакратаром ў ААТ «Палессе-АВМ», а бацька Мікалай у гэтай жа арганізацыі – брыгадзірам. Старэйшыя сёстры ўжо замужам, а дзве малодшыя пакуль атрымліваюць адукацыю. Людміла таксама гэтак жа нядрэнна вучылася, але нікуды не паступала, бо выйшла замуж.
– У нашым аграгарадку, як і Столінскім раёне ў цэлым, нярэдкасць, калі дзяўчаты выходзяць замуж адразу пасля школы. Я думаю, кожнаму сваё. Шчаслівая сям’я, дзе ёсць каханне, на мой погляд, намнога больш каштуе, чым нават самая паспяховая кар’ера. А для жанчыны, увогуле, быць маці – галоўнае прызначэнне. Не буду хлусіць, дзяцей гадаваць – задача няпростая. Гэта ж не толькі апрануць і накарміць. Трэба кожнаму паказаць правільныя арыенціры, даць выхаванне, адукацыю, ды і на працягу ўсяго жыцця падтрымліваць і дапамагаць. Мы з мужам разумеем адказнасць, таму стараемся рабіць усё дзеля іх дабрабыту.
Галоўнае, каб дзеці не хварэлі. Наша апошняя дачушка нарадзілася раней тэрміну, таму два месяцы мы правялі ў бальніцы. Вытрымаць усе выпрабаванні дапамагла вера ў Бога. Упэўнена, ён заўсёды чуе тых, хто да яго звяртаецца, – кажа Людміла.
Сям’я Васечка, як большасць, трымае сваю гаспадарку. Да таго ж Андрэй працуе ў ААТ «Палессе-АБМ» рознарабочым. Людміла наракае толькі на тое, што ў сельскай мясцовасці не хапае рабочых месцаў, каб можна было ўладкавацца ўсім жадаючым. Сама ж яна цудоўна шые. Вучылася на бабулінай швейнай машынцы, а ў гэтым годзе набыла сваю. Пасцельныя камплекты, коўдры самастойна робіць. Хоча асвоіць шыццё дзіцячага адзення і ў будучым марыць адкрыць свой магазін. «А мадэлі, якія будуць дэманстраваць адзенне, ужо ёсць», – згадваючы сваіх дзяцей, кажа з усмешкай Людміла.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 12 минут

admin

Комментарии: 1Публикации: 3890Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика