3 августа

USD

EUR

Столин

18C

Хочацца, каб у цябе верылі

01.02.2019

45

0

Любоў Парфеньеўна Скрабец не раз заходзіла ў рэдакцыю, каб расказаць пра навіны Манькавіч, каб падзякаваць памочнікам вясковага старасты, каб расказаць пра цудоўных людзей, якія жывуць у вёсцы. А калі да 65-годдзя Любові Парфеньеўны прапанавала расказаць пра яе на старонках газеты, то доўга аднеквалася: не трэба пра мяне.
Любоў Парфеньеўна вось ужо сёмы год выконвае абавязкі старасты вёскі Манькавічы, добра ведае ўсіх жыхароў і ставіцца да гэтай вёскі як да сваёй роднай. Хаця яе радзіма далёка за межамі Беларусі.
Нарадзілася яна за 12 км ад Адэсы. Бацькі пераехалі ў Растоўскую вобласць, а дзяўчынка, пайшоўшы ў першы клас, не змагла здрадзіць роднай украінскай мове. І было вырашана адправіць яе вучыцца назад, пад Адэсу, дзе жыла бабуля. Так да восьмага класа яна і вучылася ва ўкраінскай школе. Хто ведае, як склаўся б лёс, каб была жывая бабуля. Але яе не стала. І Любу забіраюць да сябе бацькі. У сям’і расло пяцёра дзяцей. Сям’я была зладжанай і дружнай. Дзеці з малых гадоў ведалі сялянскую працу. І калі старэйшая сястра нарадзіла дзіцятка, каб не аддаваць добрую групу калгасных кароў, Люба пайшла іх даіць. Ёй тады было чатырнаццаць з паловай. Так на два гады пасля школы стала даяркай. Пасля была работа ў вясковым клубе, якая сумяшчалася з дапамогай мясцоваму калгасу, – дзяўчаты-культработніцы развозілі абеды, дастаўлялі на поле ў час жніва ваду і цыгарэты, выступалі з канцэртамі на палях і збожжатаках.
Працавала, але не забывала і пра навучанне. Напачатку закончыла сельскагаспадарчае вучылішча, пасля – культасветвучылішча, а праз некаторы час атрымала прафесію заатэхніка. Уступіўшы ў партыю, паехала з групай дзяўчат працаваць на дывановую фабрыку. Але праз некаторы час захварэў бацька і яна вярнулася да сям’і.
Сямейнае жыццё склалася так, што сяброўка дала адрас сваёй маці, якая жыла ў Манькавічах. Люба пакінула сваіх родных і блізкіх і паехала ў невядомым для яе напрамку. Ужо тут яна сустрэла свайго будучага мужа. Сямейнае жыццё стала вандроўніцкім. Яны жылі ў Манькавічах, Відзіборы, вярнуліся ў Растоўскую воб-ласць, а ў 1996 годзе зноў пераехалі ў Манькавічы. Яна працавала ў дзяржстраху, грамхарчы, малаказборшчыцай. І вось ужо з 2012 года стараста вёскі – ініцыятыўная, актыўная, нераўнадушная.
За гэты час у вёсцы зроблена многа ў плане добраўпарадкавання. Была пабудавана капліца на новых могілках, рэстаўрыравалі капліцу на старых могілках. Любоў Парфеньеўна – часты госць у дамах адзінокіх, састарэлых людзей, якім патрэбны клопат і дапамога. Яна трымае руку на пульсе адносна тых, хто схільны да п’янства, стараецца навесці парадак у дамах і дварах адзінокіх, дапамагчы тым, хто збочыў з жыццёвага шляху. Адрамантаваць печку ці падкасіць, сабраць смецце ці знайсці сродкі на агульную справу. Нават прывоз дроў адзінокім – пад пільным кантролем старасты. Толькі пасля таго, як яна праверыць і адобрыць, будзе падпісаны пуцявы ліст.
Апошні год яна актыўна займаецца спільваннем дрэў на тэрыторыі вёскі. Усяго патрэбна было спілаваць 240 штук. І на кожнае дрэва патрэбна 90 рублёў. Так і пайшла па вёсцы збіраць сродкі. Звярталася да арганізацый вернікаў, ішла па дамах. У апошні час сумяшчала два заняткі: вя-дзенне гаспадарчай кнігі і збор сродкаў на спільванне дрэў.
– Напачатку людзі недаверліва ставіліся да маёй дзейнасці. Былі і абвінавачванні, што збіраю грошы няведама куды. Але мы ішлі, тлумачылі, паказвалі, што зроблена. Калі бачаць вынік работы, то намнога ахвотней і дапамагаюць фінансава, работай, – расказвае Любоў Парфеньеўна.
Канешне, работа старасты немагчыма без узаемасупрацоўніцтва з сельвыканкамам, КУВП “Манькавічы”, арганізацыямі, прадпрымальнікамі ды і кожным жыхаром вёскі. Памочнікаў шукае сабе самымі рознымі спосабамі: некаму і даплаціць за дапамогу, нехта праштрафіцца і, каб загладзіць сваю віну, ідзе дапамагчы, а некаму і са свайго агарода, склепа, сваёй гаспадаркі занясе сумку з прадуктамі. Бывае ўсякае.
Работа старасты – гэта работа грамадская. Яна трымаецца на адказных і ініцыятыўных, нераўнадушных лю-дзях, якія не могуць прайсці міма чужой бяды, міма кінутага смецця. Для якіх добраўпарадкаванне – гэта не толькі словы, а ў першую чаргу справа ўласных рук.
– Мне хочацца дапамагаць людзям, хочацца, каб людзі верылі ў мяне, каб бачылі, што я раблю гэта не для сябе, а для іх – гэта самае важнае і каштоўнае ў рабоце, – дзеліцца стараста.
Таццяна СЕГЕН
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 5 часов

admin

Комментарии: 1Публикации: 3327Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика