• ru
  • by
  • 3 августа

    USD

    EUR

    Столин

    22C

    Ганна Кудласевіч – сёлетняя выпускніца Кароціцкай сярэдняй школы – набрала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі

    16.07.2021

    439

    0

    Ганна Кудласевіч – сёлетняя выпускніца Кароціцкай сярэдняй школы – набрала 100 балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні па біялогіі.
    – Ганна, адкажы, калі ласка, вынік цэнтралізаванага тэсціравання стаў для цябе сюрпрызам ці ты адразу ведала, што 100 балаў у кішэні?
    – Хутчэй стаў сюрпрызам, бо я нават не паверыла адразу. Калі ехала здаваць гэты іспыт, хвалявалася. Але, пазнаёміўшыся з заданнямі, з палёгкай уздыхнула: яны не падаліся мне цяжкімі. Шчыра кажучы, думала, што будуць высокія балы, але што будзе 100 – ніяк не магла прадбачыць.
    – Я так разумею, ты выбрала прафесію медыка?
    – Так, у будучыні хачу стаць фармацэўтам, да чаго пачала рыхтавацца ў старэйшых класах. Акрамя біялогіі, здавала яшчэ тэсціраванне па беларускай мове і хіміі, па якіх набрала 91 і 78 балаў адпаведна. Спадзяюся, што ў паступленні дапаможа і бал атэстата, які ў мяне 9,9. У першую чаргу буду падаваць дакументы ў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, запасны варыянт – Віцебскі медуніверсітэт. Хацелася б, канешне, паступіць у сталіцу. Па-першае, гэты горад мне даспадобы, а па-другое, што немалаважна, бліжэй да дому.
    – Ці прысутнічае смутак ад развітання са школай, з аднакласнікамі?
    – Ведаеце, яшчэ не сутыкнулася з гэтым пачуццём. Калі здавала тэсціраванне, не было часу сумаваць, трэба было рыхтавацца. Да таго ж мы падтрымліваем сувязь, цікавімся, як у каго справы. Ды і з настаўнікамі пакуль не развіталіся канчаткова. Яны таксама тэлефануюць, быццам за сваіх дзяцей хвалююцца. А колькі пачула ад іх віншаванняў і прыемных пажаданняў! Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць словы ўдзячнасці ўсім педагогам Кароціцкай сярэдняй школы. Асабіста настаўніцы біялогіі Таццяне Рыгораўне Міхлюк, пад кіраўніцтвам якой займалася ў профільным класе па біялогіі. І магу дакладна сказаць, што гэтыя 100 балаў – таксама яе заслуга. Дзякую свайму класнаму кіраўніку Святлане Адамаўне Кудласевіч за падтрымку і ўдзел. Яна заўсёды была на баку вучня, умела выслухаць, давала парады. Ніколі не забуду яе дабрыню.
    – Цікава, а як адрэагавалі твае бацькі?
    – Маці, як і я, спачатку не паверыла вачам, расхвалявалася. Бацька больш спакойна сустрэў гэтую навіну. Сказаў, што ганарыцца мной вельмі моцна. Бацькі і родныя – гэта галоўная група падтрымкі для мяне.
    – Дарэчы, хтосьці з вашай сям’і яшчэ звязаны з медыцынай?
    – Не, я першая буду. Бацька і ўсе тры браты працуюць у лясной гаспадарцы. Я таксама люблю лес, бо ён тут зусім побач. Вось зараз з маці ўстаем на досвітку і едзем збіраць чарніцы. Гэты промысел нам ад продкаў перадаўся. Ды і грошы лішнімі для студэнтаў не бываюць. Увогуле, мне б хацелася хутчэй стаць самастойнай, атрымаць магчымасць працаваць, будаваць кар’еру. Наконт асабістага жыцця пакуль не задумваюся, але і не заракаюся. Хто ведае, дзе тое каханне сустрэне (смяецца). А пакуль усе думкі пра вучобу.
    – Пэўна, ужо набыла сабе чамадан?
    – Яшчэ пакуль не. Дачакаюся канчатковага выніку, тады можна ўжо і сумкі пакаваць. Я з тых людзей, якія, пакуль не ўпэўняцца, што пераскочылі рэчку, гоп не кажуць, – разважае Ганна.
    Прызнаюся, мяне вельмі ўразіла гэта дзяўчына з палескай глыбінкі. Акрамя таго, што яна вельмі разумная, яшчэ мае многа хобі: вышывае, вяжа кручком, цудоўна малюе. Разам з тым сціплая, разважлівая, пра такіх кажуць: са стрыжнем унутры. Таму не сумняваюся, што яна дасягне сваіх мэт.
    Ганна МЕЛЬНІК

    Автор публикации

    не в сети 2 часа

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 5619Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика