22 сентября

USD

EUR

Столин

20C

Апошні ветэран Давыд-Гарадка

08.05.2020

746

0

Заўтра мы будзем адзначаць 75-ю гадавіну Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Перамогі, якая надта цяжка далася. На палях баёў засталіся ляжаць мільёны салдатаў, якіх не дачакаліся бацькі, жонкі, дзеці. І хоць час сцірае ўспаміны, але мы павінны перадаць наступным пакаленням памяць пра подзвіг нашага народа.
У Давыд-Гарадку жыве адзіны ветэран вайны – Міхаіл Дзісь, які быў мабілізаваны ў 1944 годзе ўжо пасля вызвалення Беларусі. Яго накіравалі ў Белую Царкву, каб навучыць ваеннай справе. Першы бой, у якім прыняў удзел ветэран, быў пад Рыгай. Потым ішлі да Варшавы, дзе камандзір роты назначыў Міхаіла ротным пісарам. Многае пабачыў ветэран за сваю службу. Лепш не было б гэтых успамінаў, але яны і зараз прымушаюць ветэрана плакаць:
– Памятаю, ідзем мы па полі, а вакол забітыя салдаты ляжаць. Іх столькі многа, што зямлі не відаць. Хто тварам у зямлю, хто на неба ў апошні раз паглядзеў. І самае страшнае, што ты да гэтага павінен звыкнуць, не звяртаць увагі. А я ішоў і думаў: хто ведае, можа і я так буду ляжаць? Два разы я бачыў, як літаральна за некалькі крокаў ад мяне на міне падрываліся людзі. Адно мяне ратавала ад гэтых думак – мой сон. Перад тым, як пайшоў служыць, мне снілася прыгожае возера, у якое я ныраю і потым выплываю. Далей апынуўся ў зялёным лесе, а калі выйшаў, то аказаўся сярод людзей. Адна жанчына, якая лічылася ў нас знахаркай, прадказала мне вяртанне дадому.
Давялося пабачыць Міхаілу Дзісю маршала Савецкага Саюза Георгія Жукава. Гэта было, калі 1-ы Беларускі фронт рыхтаваўся фарсіраваць раку Одэр. Менавіта тут планавалася нанесці праціўніку самы рашучы ўдар. Калі салдат Дзісь ішоў разам з сябрам глядзець, як размешчаны баявыя гарматы, якраз і пад’ехаў маршал.
– Товарищи, вот тот наш берег! – сказаў ён і паехаў далей.
І Чырвоная Армія здолела дасягнуць яго. Фарсіраваць такую буйную водную перашкоду, якой з’яўляецца рака Одэр, войскі арміі змаглі толькі дзякуючы высокаму воінскаму майстэрству.
Пашчасціла Міхаілу Дзісю дайсці да Берліна. Гэтая падзея яскрава засталася ў памяці. Нават будучы там, яму не верылася, што вайна скончылася. Вайна, якая доўжылася доўгія чатыры гады. Вайна, якая забрала жыццё кожнага трэцяга беларуса. Вайна, якая не павінна больш паўтарыцца.
Пасля перамогі Міхаіл Дзісь застаўся працаваць шаўцом у шпіталі, рамантаваў і шыў абутак. Яшчэ да вайны ён асвоіў гэтае майстэрства.
А вярнуўся дадому толькі ў 1946 годзе. Вельмі ўзрадаваліся бацькі, родныя сёстры і браты. Бо дагэтуль яны нават не ведалі, жывы іх Міша ці не.
Пакрысе вяртаўся да мірнага жыцця. Міхаіл Паўлавіч працаваў шаўцом, потым масты ўзводзіў у скла-дзе будаўнічай брыгады. Дарэчы, мост цераз Гарынь у горадзе – таксама яго рук справа. 25 студзеня 1950 года ажаніўся са шляхцянкай Мальвінай Ляшкевіч-Зіновіч-Альпенскай. На жаль, няма ўжо побач яго каханай, з якой жыў душа ў душу. Але даглядаюць бацьку дочкі Ніна і Валянціна. У доме, які ветэран таксама будаваў сваімі рукамі, заўсёды мнагалюдна. Заходзяць унукі, праўнукі, не забывае кіраўніцтва горада і раёна. Сёння таксама чакаюць гасцей, якія прыедуць віншаваць з Днём Перамогі Міхаіла Дзіся. Апошняга ветэрана з Давыд-Гарадка.

Ганна
МЕЛЬНІК
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 40 минут

admin

Комментарии: 1Публикации: 3542Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика