24 января

USD

EUR

Столин

2C

Ордэн маці: Мае дочкі – мае брыльянты

27.11.2020

430

0

У Алены Мароз з вёскі Старына ў мінулую пятніцу адбылося прыемнае мерапрыемства – вяселле дачкі Евы. Усяго ж у жанчыны пяць дачок, за нараджэнне і выхаванне якіх яна атрымала ордэн Маці,што і стала падставай для нашай размовы.
– Пэўна блішчалі слёзы на вачах, калі аддавалі дачушку замуж? – пытаюся.
–  І яшчэ як блішчалі, – шчыра адказвае Алена. – Трымцела сэрца, калі бачыш, як твая дачка, якая, здаецца, нядаўна была маленькай, у белай сукенцы выходзіць замуж. Гэта невыказнае пачуццё. З аднаго боку – смутак, бо надышоў час развітвацца, а з другога – радасць, бо твая крывіначка знайшла сваё шчасце. Жыццё вельмі хутка бяжыць, здаецца, толькі нядаўна сваё вяселле было, а вось і дочкі падаспелі.
Замужам і старэйшая дачка  Кацярына. Жывуць у Рублі, працуе настаўнікам хіміі. Другая дачка Юлія – інвалід, нарадзілася з ДЦП.
– Многае я перадумала, калі даведалася, што дзяўчынка хворая. Спачатку былі роспач, адчай, а потым супакоілася. Бог не пасылае такія выпрабаванні, якія чалавек не можа вытрымаць, – разважае Алена.
Разам з бацькамі жывуць яшчэ дзве дачушкі. Марыя ходзіць у чацвёрты клас, а Стэфаніі тры с паловай гады.
– Гэта наша зорка. Старэйшыя дочкі яе так распесцілі, што яна толькі паспявае загады аддаваць. Калі дочкі казалі, што я і іх маці таксама, то Сцеша нават злавалася, раўнавала. Зараз ужо звыкла. Яна – наш агеньчык, бо вельмі жвавая і вясёлая.  Усе мае дочкі – гэта мае брыльянты, – дадае жанчына.
Алена таксама вырасла ў мнагадзетнай сям’і і была другой з 12 дзяцей. Маці Таццяна Мікалаеўна ўсё жыццё займалася дзецьмі, вучыла іх быць добрымі і спагадлівымі. Бацька Іван Ільіч быў брыгадзірам у калгасе. Ён даваў дзецям наказ, што толькі сумленнай працай можна дасягнуць дабрабыту. А таксама галоўнаму правілу: стаўся да людзей так, як хочаш, каб яны ставіліся да цябе.
Дзеці выраслі і раз’ехаліся хто куды. Самы старэйшы брат  Іван  зараз дырэктар ААТ «Новая Прыпяць». Алена выйшла замуж  за хлопца Мікалая з Веляміч, і маладая сям’я вырашыла застацца ў Старыне. Дзясятага лістапада  было 24 гады, як разам крочаць па жыцці. Дом пабудавалі сваімі сіламі, трымаюць гаспадарку, жывуць з зямлі. Мікалай працуе механізатарам у ААТ «Палеская ніва».
– За столькі гадоў мы ніколі не сварыліся, бо навучыліся слухаць адзін аднаго. Мой муж – гэта мая апора, і я адчуваю сябе за ім як за каменнай сцяной. Вельмі любіць дачок і нават мацней за мяне расчуліўся на вяселлі. Мне вельмі хочацца, каб мае дзяўчынкі былі па-сапраўднаму шчаслівыя. А мы заўсёды будзем побач, дапамагаць, падтрымліваць. Бо для бацькоў дзеці заўсёды застаюцца дзецьмі і не важна, колькі ім гадоў, – гаворыць на развітанне Алена.
Ганна МЕЛЬНІК
Фота  аўтара

Автор публикации

не в сети 2 дня

admin

Комментарии: 1Публикации: 4176Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика