• ru
  • by
  • 14 мая

    USD

    EUR

    Столин

    12C

    Ёсць месца цудам — Святлана Аляксандраўна Раўкач – загадчык Давыд-Гарадоцкай паліклінікі

    30.04.2021

    193

    0

    Бывае такое, што прафесія перадаецца ў спадчыну.

    Вось як, напрыклад, у Святланы Аляксандраўны Раўкач – загадчыка Давыд-Гарадоцкай паліклінікі, якая амаль 35 гадоў працуе ўрачом-тэрапеўтам. Да яе прафесія перайшла ад маці – медыцынскай сястры дзіцячага аддзялення. Працавала яна пазменна, таму дзяўчынкай Святлана часта прыходзіла да яе на работу.
    Калі надышоў час вызначацца з будучай прафесіяй, то ўжо канкрэтна ведала, што стане ўрачом. Паступіла ў Мінскі медыцынскі інстытут. За шэсць гадоў настолькі прызвычаілася да вялікага горада, таму нават не думала, што вернецца ў Давыд-Гарадок. Але лёс вырашыў па-іншаму, ці, лепш сказаць, каханне. Мужа Ігара накіравалі працаваць на Давыд-Гарадоцкі электрамеханічны завод. Адпаведна, жонка паехала за ім. Гэта было ў 1986 годзе. А ў жніўні наступнага года пасля заканчэння інтэрнатуры ў Пінску і атрымання спецыялізацыі ўрача-тэрапеўта ўладкавалася ў паліклініку і Святлана. Цёпла прынялі яе ў калектыве, таму на работу ішла заўжды з радасцю.
    Дарэчы, маці – не адзіная прадстаўніца медыцыны. Свёкар Уладзімір Міхайлавіч узначальваў лабараторыю, яго дачка Ала – педыятр. Урачом-неўролагам з’яўляецца дваюрадная сястра Людміла, якая працуе ў Брэсце. Па бацьку дваюрадныя сястра Галіна і брат Расціслаў – стаматолагі. Гэтую ж спецыяльнасць выбраў і родны брат Ігар, які таксама скончыў Мінскі медінстытут і быў накіраваны ў Гомельскую вобласць. Палюбілі медыцыну і дзеці маёй суразмоўцы. Дачка Ірына – урач-педыятр у Давыд-Гарадоцкай бальніцы, а сын Валерый працуе ў Мінску ўрачом стаматолагам, як і пляменнік Вадзім. Вось якая вялікая дынастыя ўрачоў!
    У 1997 годзе Святлане Раўкач кіраўніцтва даручыла пасаду загадчыка паліклінікі, з чым бездакорна яна спраўляецца і па цяперашні час. Акрамя таго, Святлана Аляксандраўна прымае пацыентаў, а таксама дзяжурыць у выхадныя і святочныя дні ў бальніцы. Як усё паспявае? Проста любіць сваю работу.
    – Святлана Аляксандраўна, вы столькі гадоў у медыцыне. Адкажыце, здароўе – гэта падарунак ад Бога ці асабістая заслуга чалавека?
    – Магу сказаць, што здароўе – гэта найдаражэйшая каштоўнасць, якая існуе ў свеце. Ніякія матэрыльныя даброты не вартыя яго. Безумоўна, выключную ролю мае генетыка, паколькі многія хваробы, на жаль, перадаюцца ад нашых продкаў. Гэта факт. Таму я цалкам падтрымліваю практыку сямейных урачоў, калі адзін спецыяліст назірае за здароўем усіх членаў сям’і: ад бабуль да ўнукаў. У такім выпадку можна прадугледзець пэўныя захворванні. Таксама вялікае значэнне мае лад жыцця чалавека.
    – На маёй практыцы было многа выпадкаў, калі людзі папраўляліся нягледзячы на дрэнныя прагнозы. Дагэтуль памятаю пацыента, у якого быў цыроз печані. Ён прыйшоў са сваёй маці, якая нават не сумнявалася ў тым, што сын паправіцца. Мабыць, ён таксама зразумеў, што ў яго няма выбару, таму ўзяўся за сваё здароўе. Праз два месяцы, гледзячы на яго аналізы, я не паверыла вачам: яны былі добрымі. Людзі з анкалогіяй, якія не пужаюцца дыягназу, а пачынаюць змагацца і ўрэшце перамагаюць хваробу, – таксама сустракаліся мне. Так што ў медыцыне ёсць месца цудам. Але, на жаль, бывае і так, што чалавек памірае, не хварэўшы. Гэта надта цяжка перажыць.
    На вачах Святланы Аляксандраўны з’яўляюцца слёзы. Бо знаёма з гэтым. Два гады таму раптоўна пайшла з жыцця сястра мужа Ала. Месяц таму не стала брата Ігара. Нават не развіталіся. Боль ад страты пранізвае сэрца…
    – Цаніце кожны дзень, заўважайце яго. Сустракайцеся з роднымі, сябрамі. Не дазваляйце крыўдзе пасяляцца ў душы. Жыццё вельмі непрадказальнае. Вось і пандэмія, якая апанавала ўвесь свет, даказвае гэта. Ці маглі мы падумаць, што каранавірус дабярэцца да нас? Давялося хутка шукаць спосабы лячэння, новыя загады з’яўляліся ледзь не кожны дзень. Добра, што зараз з’явілася вакцына, якая абавязкова спыніць гэтую хваробу. Вакцынавацца раю ўсім, і не патрэбна верыць розным інтэрнэт-рэсурсам, якія пішуць абы-што. Вакцына добра пераносіцца. Дрэнных вынікаў не зарэгістравана. Заставайцеся здаровымі і менш да нас звяртайцеся, – жадае на развітанне ўрач.
    Святлана Аляксандраўна, маючы чулае сэрца, заўсёды цікавіцца справамі сваіх пацыентаў. Ды і яны яе не забываюць. Многа прыемных і ўдзячных слоў кажуць. Хоць сама жанчына шчыра прызнаецца, што не лічыць сваю прафесію нейкай асаблівай.
    Часта да маёй суразмоўцы завітваюць унукі Арцём і Алеся. А надзейнай апорай па жыцці быў і застаецца муж, з якім у пары 35 гадоў. Ён разумее, якую важную місію выконвае яго жонка – аберагае і захоўвае здароўе людзей. Таму дома стварае ўсе ўмовы, каб яна больш адпачывала.

    Ганна
    МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 7 часов

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 5019Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика