• ru
  • by
  • 4 октября

    USD

    EUR

    Столин

    16C

    Зрабілі ноч незабыўнай

    26.05.2023

    147

    0

    Rate this post

    Столінскі мастак Сяргей Місюн неаднаразова адкрываў свае персанальныя экспазіцыі ў выставачнай зале. Чатыры гады таму ён зрабіў персанальную выставу «Пабач побач» у былым Пінскім езуіцкім калегіуме, дакладней – музеі. Работы Сяргея Місюна спадабаліся, таму дырэктар музея Ірына Дзямчук прапанавала адкрыць новую выставу на «Ноч музеяў». Сяргей разам з брэсцкім мастаком Уладзімірам Валасковым, з якім вучыліся ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў, падрыхтавалі экспазіцыю «Сябры».
    Наперадзе была ноч, таму быў час падрабязна распытаць мастака.
    – Чаму Пінск, а не, напрыклад, Брэст?
    – Лепшых умоў для экспазіцыі нельга сабе нават уявіць: вялікіх памераў зала мае высокія стрэльчастыя зводы столі, шырокія вокны, індывідуальныя крыніцы штучнага асвятлення для кожнай работы даюць неверагоднае ўзмацненне ўздзеяння карціны на свядомасць у параўнанні са звычайнымі ўмовамі. Вялізарная плошча дазваляе адыход гледача пад рознымі вугламі назірання без мітусні, вялікі аб’ём паветра не перашкаджае гледачам. Ну, і асабістыя адносіны з кіраўніцтвам немалаважныя.
    – На вернісажы пабывалі некалькі мясцовых мастакоў. Пра што ішлі размовы з імі?
    – Канешне ж, пра творчасць. Такія сустрэчы – вельмі каштоўныя магчымасці вызначыцца са сваімі намерамі і перспектывамі, удакладняюцца ўласныя светапогляды, падыходы да жывапісу з улікам сучаснасці. На вялікі жаль, яны вельмі рэдкія і таму празмерна дарагія, проста бясцэнныя.
    – Як коратка вызначыць асаблівасці гэтай выставы?
    – Яна прымеркавана да Году міру і стварэння. Складана адным словам вызначыць асаблівасці. Дзеля сябе мы вызначылі канцэпцыю разнастайнасці ў падыходах да рэчаіснасці з перавагай на маладога гледача. У творах прысутнічаюць гумар і нават іронія. Ёсць работы яркія, амаль дэкаратыўныя, асабліва ў Валаскова. Па гэтым мажліва вызначыць, чым чалавек жыве, зразумець яго каштоўнасці. Я падкрэсліваў прыгажосць палескага краю, Валаскоў распрацоўвае гарадскую тэматыку. Наша задача была сумленна паказаць навакольны свет, яго разнастайную фактуру.
    Ноч гэтага музея не абмяжоўвалася адкрыццём выставы. Усе 10 залаў працавалі на поўную моц: у зале рускага жывапісу, дзе экспануюцца творы такіх майстроў, як Айвазоўскі, Васняцоў, Паленаў і іншых вядомых мастакоў, выступілі з канцэртнай праграмай навучэнцы Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў і ансамбль старажытнай музыкі «Сальтарэла», якіх узнагароджвалі доўгія апладысменты прысутных.
    Па меры прыбыцця жадаючых наладжваліся экскурсіі па залах «Гарадскі побыт», «Гісторыя Піншчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Пінская Трацякоўка», «Падзямелле калегіума», «Музейны калейдаскоп», «Свет гадзіннікаў», «Людзі на балоце» ў зале «Этнаграфія». У гэтай жа зале праходзіла выступленне народнага хора палескай песні. Працавалі інтэрактыўныя гульнявыя праграмы «Лабірынт эмоцый» і «Пра густы не спрачаюцца», квэст-гульня ў зале «Гісторыя Піншчыны». Працавалі фотазоны, праходзіла ярмарка вырабаў пінскіх рамеснікаў (10 чалавек).
    Завяршылася «Ноч музеяў» маштабным фаер-шоу «WOLF» на пляцоўцы каля будынка.
    Тая ноч назаўсёды застанецца ў маёй памяці, бо за 74 гады жыцця такое здарылася ўпершыню…
    Уладзімір Жылевіч
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 21 час

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 12199Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика