• ru
  • by
  • 23 октября

    USD

    EUR

    Столин

    7C

    У культуры – усё жыццё

    09.10.2021

    97

    0

    З Таісіяй Платніцкай – загадчыкам Дубайскага дома культуры – сустрэліся на яго прыступках.
    Тут яе другі дом, што не дзіўна: сюды яна прыехала ў 1985 годзе. Прыехала і засталася назаўсёды, арганізоўвала культурны адпачынак для мясцовых жыхароў і працягвае займацца гэтай справай цяпер.
    Сама Таісія Васільеўна з Веляміч. Бойкую дзяўчыну добра ведалі ў роднай вёсцы, бо ні адно мерапрыемства, ні адзін канцэрт не ладзіўся без яе ўдзелу. Пасля заканчэння Гродзенскага тады яшчэ культасветвучылішча па размеркаванні вярнулася ў свой раён – у Дубайскі сельскі клуб.
    – Калі я прыйшла на работу мастацкім кіраўніком, мне і 18 гадоў не споўнілася. Па-бацькоўску прыняў мяне тагачасны дырэктар Іван Саладуха. А з бібліятэкарам Валянцінай Саладухай мы пачалі нашу творчую дзейнасць. Паколькі акампаніятара ў нас спачатку не было, то выкручваліся сваімі сіламі. Ладзілі выступленні агітацыйных брыгад, якія былі вельмі папулярныя ў той час. Сцэнкі розныя, вершы і нават міні-спектаклі ставілі. Далей я падключыла маладых работнікаў дзіцячага садка і школы. Тады было модна займацца аматарскай дзейнасцю. Знайшліся і акампаніятары – баяністы-самавучкі Васілій Бутыла, Мікалай Гоман. На гармоніку нам іграў Уладзімір Давыдоўскі. Дапамагалі ў арганізацыі мерапрыемстваў Іван Вярэніч разам з усімі сваімі чатырма сынамі. Алена Стружко, Вольга Хлебавец таксама многа зрабілі для развіцця вёскі. Карацей кажучы, на ўсе мае просьбы людзі адклікаліся.
    У Дубаі Таісія Васільеўна і каханне сваё знайшла. У дзень свайго прыезду пазнаёмілася з будучым мужам Аляксандрам. Вось ужо 35 гадоў побач.
    – Ён быў нязменным удзельнікам усіх канцэртаў, а калі рыхтавалася, то з нашымі дзецьмі заставаўся без праблем. Пашанцавала працаваць з дырэктарам Юрыем Комарам. Ён ладзіў з тэхнікай, з ім, як зараз памятаю, прывезлі з Пінска вялікі бабінны магнітафон. Беглі старыя і маладыя глядзець. А як танчылі! Традыцыйна адзначалі Дзень Перамогі, Дзень абаронцаў Айчыны, 8 Сакавіка, Новы год… Тады ж не было ніякіх там смартфонаў і іншых гаджэтаў. Людзі адпачывалі разам, размаўлялі, цікавіліся навінамі.
    – А ці магчыма вярнуць гэты час?
    – Напэўна не, бо гэта былі зусім іншыя ўмовы. Калі раней чалавек ішоў да нас, то цяпер мы ідзем да людзей. Віншуем са святамі па розных арганізацыях, вось нядаўна наведалі нашу доўгажыхарку 90-гадовую Раісу Комар. А на Ражджаство мы ходзім і віншуем жыхароў. Праўда, раней у карнавальных масках хадзілі, а зараз у медыцынскіх. Нічога не паробіш, пандэмія і ў нашу сферу ўнесла карэктывы. Многа мерапрыемстваў давялося адмяніць. Напрыклад, Купалле, якое мы заўсёды ладзім каля Дома культуры. Вялікую дапамогу адчуваю ад Святланы Банет. Яна ў нас прыбіральшчыцай працуе, але колькі ў яе творчага запалу! Пра яе трэба асобны артыкул пісаць.
    А вось што тычыцца моладзі, то яе ў нас, на жаль, меншае. Наш калектыў аматарскай творчасці складаюць жанчыны старэйшага ўзросту, а добра было б, каб і моладзь вучылася цаніць песні свайго краю, – гаворыць загадчык клуба.
    За столькі гадоў работы Таісія Васільеўна была неаднаразова адзначана рознымі ўзнагародамі. Але для яе намнога больш значыць, калі людзі падыходзяць і дзякуюць за прыемны культурны адпачынак. Калі былі малыя дочкі Таццяна і Юлія, таксама актыўна ўдзельнічалі. Але не пайшлі па матулінай сцежцы. Абедзве сталі эканамістамі і засталіся працаваць у Мінску. Штомесяц прыязджаюць разам з мужамі – карэннымі мінчанамі, якія, дарэчы, у захапленні ад прыгажосці нашага Палесся. І ад запечанай гусі, якую мая суразмоўца абавязкова гатуе на Ражджаство.
    – Чалавек, які ідзе ў культуру, павінен ведаць, што гэта не проста яго работа, а яго прызначэнне. Бо культурнае выхаванне іграе не меншую ролю, чым адукацыйнае. Таму жадаю ўсім сваім калегам натхнення і ўвасабляць свае ідэі ў жыццё.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 21 час

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 6345Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика