23 октября

USD

EUR

Столин

13C

Музыка павінна гучаць у сэрцы

25.09.2020

58

0

…толькі ў такім выпадку дзіця можна аддаваць у музычную школу. Так лічыць Уладзімір Белка – настаўнік па класе баяна і акардыёна Альшанскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў.

Уладзімір Кірылавіч упэўнены ў гэтым нездарма, паколькі працуе настаўнікам ужо больш за 30 гадоў і дакладна ведае, што музыцы нельга навучыцца, як, напрыклад, матэматыцы ці геаграфіі. Тут трэба мець прыроджаны талент.

– Музычныя школы створаны дзеля таго, каб развіваць здольнасці, якімі ўжо валодае дзіця. Калі бацькі прымушаюць з-пад палкі, маўляў, музычная школа не пашкодзіць, то нічога з гэтага не атрымаецца. Трэба, каб у дзіцяці абавязкова быў слых, памяць і рытм. І, канешне, агонь у вачах.

Успамінае сябе хлапчуком. Нарадзіўся ў Верасніцы, дзе хадзіў у музычную школу па класе баяна. Музыкай быў апантаны, таму паступіў у Мазырскае музычнае вучылішча. Пасля яго заканчэння вярнуўся ў Верасніцу і год працаваў у сваёй жа музычнай школе.

Аднойчы яго сябар – таксама музыкант – Васіль Птушко прапанаваў работу ў Кароцічах, бо там якраз адчынялася музычная школа пры калгасе і яго тагачасны старшыня Ігар Бут-Гусаім шукаў спецыялістаў.

Уладзімір згадзіўся, пра што ніколі не пашкадаваў. Кіраўніцтва калгаса набыло новыя баяны і акардыёны. Вучні былі вельмі здольныя і, што самае галоўнае, з запалам. Не дзіўна ж, тэлефонаў і інтэрнэту не было, а навучыцца граць на баяне было марай ледзь не кожнага вясковага хлапчука.

– Ведаеце, мне і зараз, бывае, тэлефануюць былыя вучні, якія сталі ўрачамі, настаўнікамі, іншыя прафесіі выбралі. А музыку не пакінулі. «Кірылавіч, вось у госці едзем, як тую ці іншую песню падабраць, нагадайце», – просяць яны. Прыемна гэта чуць.

Менавіта ў Кароцічах Уладзімір сустрэў сваю каханую Алу, якая працуе бібліятэкарам. Стварылі сям’ю. Калі пачалася перабудова пасля распаду Савецкага Саюза, музычная школа засталася не пры справах. Такі быў час.

Неяк Уладзімір Кірылавіч прачытаў у газеце аб’яву, што ў музычную школу горада Іванава патрабуецца спецыяліст. Вырашыў паспрабаваць і паехаў разам з сям’ёй. Яму далі аж дзве стаўкі: адну – у музычнай школе, другую – у Доме культуры акампаніятарам. Да таго ж Уладзімір стаў удзельнікам заслужанага ансамбля народнай музыкі і песні «Палешукі», які грымеў на ўсю Беларусь. Калектыў быў пастаянным удзельнікам міжнародных конкурсаў і фестываляў.

Разам з ансамблем Уладзімір выступаў на пляцоўках Польшчы, Чэхаславакіі, Украіны і іншых краін. Успамінае, як іх выкананне зачаравала аўстрыйцаў і, увогуле, палеская музыка нікога не пакідала абыякавым.

Але вабілі родныя мясціны, таму ў 1995 годзе Уладзімір вяртаецца ў Кароцічы. Уладкоўваецца ў Альшанскую музычную школу мастацтваў і працягвае выкладаць. Пяць гадоў ездзіў з Кароціч у Альшаны, нават у Рамлі выкладаў, бо не было спецыяліста. У пачатку 2000-х было вырашана адчыніць філіял на базе Кароціцкай сярэдняй школы, у якой спецыяльна для заняткаў выдзелілі клас. Пасля рамонту Дома культуры Уладзімір Кірылавіч разам з інструментам «перасяліўся» туды, дзе і працуе зараз.

Завіталі мы да яго падчас заняткаў, якія ён праводзіў з вучнем Іванам Кудласевічам.

Акрамя хлапчука музычную школу наведваюць 12 дзяцей, у тым ліку і ўнук Уладзіміра Кірылавіча – Максім.

– Здольнасці ёсць, – не без гонару кажа настаўнік. – Так што будзем працаваць, змена патрэбна. Маладых спецыялістаў не хапае, маўляў, далёка ехаць. Але ж усюды ёсць таленавітыя дзеці – і ў вялікім горадзе, і ў маленькай вёсачцы.

І зноў жа Уладзімір Кірылавіч мае рацыю. У розныя гады яго вучні Вольга Мароз, Таццяна Дзеніскавец, Міхаіл Ракавец, Міхаіл Андрэйкавец, Павел Ярмоліч пасля заканчэння музычнай школы працягнулі вучыцца музыцы ў вучылішчах і каледжах.

Яго дочкі, праўда, па бацькавай сцежцы не пайшлі. Марына – псіхолаг у Кароціцкай сярэдняй школе, маці пакуль адзінага ўнука Максіма. Ірына яшчэ не замужам, працуе настаўнікам-філолагам у Пінску.

А яшчэ Уладзіміру Кірылавічу можна смела прысвоіць званне заслужанага тамады, паколькі ён разам з сябрамі былі музычнымі выканаўцамі аж на 125 вяселлях!

– У той час не патрэбна было адкрываць сваю справу, атрымліваць пасведчанні прадпрымальніка і так далей. Галоўнае, каб інструменты былі настроены. А як людзі спявалі раней – нельга было прысесці! Зараз не так цікава, – робіць выснову мой субяседнік.

Восенню Уладзімір Кірылавіч аддае перавагу свайму любімаму занятку: адпраўляецца ў лес па грыбы. «Калі ведаеш месцы, можна назбіраць многа», – дадае ён. Але гэтыя месцы не рассакрэчвае.

І працягвае займацца музыкай – сяброўкай па жыцці.

Ганна МЕЛЬНІК

Фота аўтара

 

 

 

Автор публикации

не в сети 2 часа

admin

Комментарии: 1Публикации: 3674Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика