22 сентября

USD

EUR

Столин

20C

І боль, і горыч

08.05.2020

365

0

З ветэранам Вялікай Айчыннай вайны з аг. Велямічы Васілём Мамайкам я сустракалася не аднойчы. Зараз Васіль Іванавіч знаходзіцца ў Пінску ў сына. Магчымасці сустрэцца асабіста няма, але згадваюцца яго аповеды. Гаварыў ён не толькі пра ваенныя падзеі, акропленыя болем і горыччу, а больш размаўлялі пра жыццё.
…Вайна ў жыцці Васіля Іванавіча пакінула свой адбітак. Яго юнацкія гады былі напоўнены страшнымі падзеямі бязлітаснай вайны. Калі яна пачалася, Васіль ужо скончыў шэсць класаў польскай школы. Вучыўся добра.
Ваеннае ліхалецце – жудасны час, напоўнены чалавечым болем, слязьмі. Васіль Іванавіч расказваў, што было некалькі спроб вывезці яго ў Германію. Пазбегчы гэтага дапамагалі шчаслівыя выпадкі.
Успамінаў ветэран аб расстрэле сям’і, якая жыла на хутары Борачкі непадалёк ад Веляміч. Немцы ўварваліся ў хату, выводзілі па аднаму ўсіх членаў сям’і і расстрэльвалі. Потым хату спалілі. Жывой засталася толькі адна дзяўчынка.
У 1944 годзе Васіль апынуўся на фронце. Што давялося перажыць юнаку? Гук стрэльбаў, выбух снарадаў, зямля карычневага колеру ад крыві, плач, стогны і слёзы.
Ветэран падкрэсліваў: 9 мая – асаблівы для яго дзень. У далёкім 1945-м сэрцы маладых хлопцаў выскоквалі з грудзей ад Перамогі і радасці ад таго, што жывыя і здаровыя.
Пасля вайны Васіль Іванавіч мабілізаваўся ў армію. У 1951 годзе працягнуў вучобу ў школе. Паступіў ў Пінскае педагагічнае вучылішча, скончыў гістарычны факультэт Белдзяржуніверсітэта.
Працаваў настаўнікам гісторыі ў Веляміцкай сярэдняй школе, намеснікам дырэктара па навучальнай рабоце, дырэктарам школы. Шмат гадоў быў старшынёю ветэранскай арганізацыі пры Веляміцкім сельскім Савеце.
А яшчэ дагэтуль памятаю сакрэт даўгалецця Васіля Мамайкі. Ён гаварыў, што патрэбна прачынацца рана, рабіць фізічныя практыкаванні і старацца як мага больш рухацца.
Патэлефанавала Васілю Іванавічу, каб павіншаваць з Днём Перамогі. На жаль, асабіста з ім паразмаўляць не атрымалася. Пагутарыла з сынам Яўгенам Васільевічам.
– Як адчувае сябе Васіль Іванавіч? – пытаюся.
– Дзень на дзень не прыходзіцца: то лепш, то не вельмі. Але ж і ўзрост салідны: споўнілася 94 гады. Але бадзёрасці і добрага настрою не губляе. Актыўна цікавіцца прэсай, набываю для яго свежыя нумары газет. Глядзіць тэлевізар, дзе аддае перавагу праграмам пра прыроду і музычным.
Святлана МАРОЗ
Фота аўтара

Автор публикации

не в сети 31 минута

admin

Комментарии: 1Публикации: 3542Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика