11 апреля

USD

EUR

Столин

11C

Залатое вяселле Валадкевічаў

26.02.2021

382

0

Залатое вяселле ў наш час – з’ява рэдкая, таму і становіцца падзеяй не толькі значнай для сям’і, але і для жыхароў мястэчка, дзе пара пражывае.
20 лютага прыгожая сямейная пара са Століна Ананій Алегавіч і Ірына Вітальеўна Валадкевічы па-сапраўднаму праз 50 гадоў сумеснага жыцця зноў адчулі сябе маладажонамі.
Узаемнае каханне, клопат, узаемаразуменне і падтрымку, якую яны абяцалі 50 гадоў таму, пранеслі да сённяшніх дзён.
Нарадзіліся і выраслі ў в. Дубенец. Галава сям’і пасля заканчэння сярэдняй школы вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, пасля заканчэння служыў у арміі. З 1970 па 1975 год працягваў вучобу ў Брэсцкім педінстытуце на філфаку. Спачатку працаваў у Маларыцкай школе-інтэрнаце, а затым да выхаду на пенсію – у Лядзецкай СШ. Пры гэтым у 1983 годзе завочна скончыў гістарычны факультэт Мінскага педінстытута імя Горкага. Больш за 40 гадоў Ананій Алегавіч аддаў педагагічнай рабоце.
Ірына Вітальеўна застанецца для лядчан, арлян не толькі як прафесіянал сваёй справы, але і як інтэлігентная, спакойная, з мілавіднай усмешкай жанчына. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіла ў Магілёўскае медвучылішча на фармацэўтычнае аддзяленне. Пасля заканчэння была накіравана на працу ў г. Іванава. У 1971 годзе пераехала ў в. Лядзец па месцы работы свайго мужа. У нашай глыбінцы адпрацавала 44 гады загадчыцай аптэкі № 122. За сваю плённую працу была ўзнагароджана ганаровымі граматамі. Па выніках года займала 3-е месца ў вобласці сярод работнікаў сельскіх аптэк. Маючы вялікі вопыт, мудрасць, яна раіла аднавяскоўцам метады лячэння і прафілактыкі. Многія людзі ішлі да яе з пытаннямі як да фельчара. Дахаты ёй званілі, як у аптэку. Я сама да яе звярталася ў выхадны, бо бацьку майму патрэбны былі тэрмінова лекі. Нікому ніколі не адмовіла.
У вялікай любові, дабрыні выхавалі двух сыноў. Старэйшы Алег працаваў інспектарам у райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, зараз на пенсіі. Часта на старонках нашай раённай газеты друкаваліся артыкулы па тэме надзвычайных сітуацый аўтара Алега Валадкевіча. Малодшы Валерый працуе старшынёй сельвыканкама ў аг. Тэльмы пад Брэстам. Унукі вучацца ў школе, а старэйшая Анастасія па прыкладзе бабулі будзе фармацэўтам, заканчвае фармацэўтычны каледж.
У вольны час і зараз не сядзяць без справы. Ананій Алегавіч піша вершы, апавяданні, друкаваўся ў абласной газеце «Народная трыбуна». У 2018 годзе выйшаў зборнік яго твораў «Гарыць мая зорка». Сустракаецца з былымі вучнямі. Калі наш клас адзначаў 45 гадоў заканчэння школы, сваім былым выхаванцам (а ён быў у нас класным кіраўніком) падарыў з аўтографам сваю кнігу. Вясёлы ад душы, інтэлігентны, ён правёў класны сход з дарослымі, ужо бабулямі і дзядулямі, разам са сваёй жонкай першы ішоў у танцах падыспань, кракавяк, полечка, якія ад душы іграў таксама яго былы вучань Бондар Віктар. Энергіі, захаплення, майстэрства ім абодвум не пазычаць. Бацька Ірыны Вітальеўны – Віталь Барысавіч Стахавец – таксама быў вядомы ўсім жыхарам Століншчыны. Паэт, кампазітар, удзельнік хору ветэранаў «Факел», аўтар гімна Століна. Ён напісаў музыку да двух вершаў зяця, песні «Расскажи, ветеран», «Фронтовые дороги» выконваў «Факел».
Вось такая цудоўная, мілая сям’я. Заслуга гаспадара ў тым, што ёсць для жыцця ўсё, а гаспадыні – што дах іх сямейнага дома накрыты матэрыялам, назва якому любоў, дабро, клопат і ўзаемападтрымка. Гэта і дало магчымасць быць моцнай апорай адзін для аднаго. Зараз жывуць у Століне, а ў вясенне-летні перыяд едуць у сваю родную вёску Дубенец, у бацькоўскую хату. Працуюць у агародзе, ходзяць у грыбы, ягады, адпачываюць на Дубенецкім возеры. Бывае, прыязжаюць у
Лядзецкую царкву, дзе і ў вёсцы ім рады людзі. Я ўпэўнена, што пра такія сем’і трэба пісаць, бо яны прыклад не толькі для сваіх дзяцей, унукаў, але і для іншых маладых людзей, якія ствараюць свае сем’і.
Дваццатага лютага ў сям’і Валадкевіч было шмат букетаў кветак, гучала нямала добрых і шчырых слоў, без канца званіў тэлефон.
А мае пажаданні – каб у час брыльянтавага вяселля былі ўсе здаровыя і ўжо вялікае сямейства крычала: «Горько!» и «Многие лета!».
Тамара
СКРАБЕЦ

Автор публикации

не в сети 1 час

admin

Комментарии: 1Публикации: 4767Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика