• ru
  • by
  • 7 декабря

    USD

    EUR

    Столин

    1C

    Шляхамі жыцця Івана Супрунчыка

    25.10.2022

    260

    0

    5/5 - (107 голосов)
    20 кастрычніка ў Столінскім ГДК адбылося адкрыццё выстаўкі «Шляхамі жыцця», прысвечанай 80-годдзю з дня нараджэння народнага майстра Беларусі, члена Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці, уладальніка спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», званняў «Ганаровы паляшук»  і «Ганаровы грамадзянін Столінскага раёна»,  разьбяра па дрэве, мастака-графіка, этнографа, загадчыка Цэнтра драўлянай скульптуры вёскі Цераблічы Івана Піліпавіча Супрунчыка.
    На пачатку мерапрыемства вядучая Іна Філановіч адзначыла, што Іван Піліпавіч – сапраўдны народны мастак. Знакаміты тым, што высякае свае работы – самабытныя драўляныя скульптуры з дрэва, карыстаючыся толькі сякерай, і малюе вялікія серыі графічных твораў. У іх адлюстравана мінулае палескага краю – вобразы паданняў, нашы звычаі і абрады, трагічная гісторыя яго сям’і і вёскі ў Вялікую Айчынную вайну, чалавечы боль і спачуванні ахвярам Чарнобыля, узнятыя на вышыню філасофскіх абагульненняў пра сэнс і вартасць жыцця. Майстар стварыў цэлую галерэю палешукоў, якая дае ўяўленне пра іх побыт і работу, лад жыцця і святы, традыцыі і мінулае народа; нашых продкаў,  якія пакінулі значны след у гісторыі палескага краю.

    Далей слова ўзяў Іван Піліпавіч. Майстар правёў экскурсію па выстаўцы, пазнаёміў прысутных са сваімі работамі, якія маюць значную каштоўнасць і цэняцца землякамі,  вядомы за межамі раёна.

    Выстаўка Івана Супрунчыка складалася з некалькіх блокаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнай тэматыцы і пранізаны мясцовымі матывамі, што надзвычай актуальна ў Год гістарычнай памяці. Гэта і падкрэсліў сам аўтар.

    Асаблівую ролю ў творчай дзейнасці мастака адыгралі маці, жонка і дачка, якім ён прысвяціў вялікую колькасць работ. Працуючы над стварэннем іх вобразаў, Іван Піліпавіч разам з тым разважаў над сэнсам жыцця, адыходам душы ў вечнасць, роляй моцнай праваслаўнай веры, духоўнасцю і лепшымі рысамі характару беларусаў. Сімвалічна выкарыстанне аўтарам вобраза бусла, які прысутнічае ў многіх творах аўтара.

    Серыя работ прысвечана аднавяскоўцам, вобразы якіх высечаны з дрэва.  Гэта мясцовыя роды, якія спрадвеку жылі і жывуць там.

    – Іх некалі  класіфікаваў  Ліфан Ліфаняня, які забіў шчыкалаткай цяля, – звярнуўся да мясцовага падання творца. – Клубам удзяліў прысы, бо там Яўмен лысы. Маўляў, у тым родзе і зараз усе мужчыны лысыя яшчэ да 30 гадоў.  Кармільцам – галава, бо там маладзіца малада. Прыгажуні ў названым родзе нараджаліся колісь, ёсць і зараз. Мельнікам удзяліў кішкі – завязваць мяшкі. Гэта быў самы вялікі і багаты род у Цераблічах. Яны мелі ветракі і нават паравыя машыны. Вяскоўцы пазнаюць сябе ў драўляных скульптурах. Гэтыя роды і зараз жывуць, жэняцца, родзяцца… І працягваецца жыццё.

    Цыклы твораў Іван Піліпавіч прысвяціў тэмам Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыльскай трагедыі, а таксама  стварыў нямала вобразаў асветнікаў і  апосталаў. Далей ўвага прысутных скіравана на наша грамадства і тое, якім будзе кожнае наступнае пакаленне. Аўтар паказвае, як залежыць наша моладзь ад камп’ютара, тэлефона, іншых тэхнічных сродкаў.

    Аўтар адзначае, што калісьці хлопцы хадзілі на Палессі да 18 гадоў толькі  ў доўгіх кашулях. І калі толькі хлопец збіраўся ажаніцца, тады маці шыла яму штаны. Адсюль і аднайменная назва абрада. Іван Піліпавіч расказаў пра такі абрад, які мае карані ў глыбокай даўніне: цяжарную жанчыну нават летам везлі да павітухі на санях.

    Спыніўся ён на характарыстыцы святаў каляндарна-абрадавага цыкла, падзяліўся сваімі думкамі наконт захавання народнай спадчыны і даў парады землякам.

    Далей слова ўзялі галоўны спецыяліст аддзела культуры Алена Максімовіч і дырэктар  Столінскай раённай клубнай сістэмы Алена Дубойская, якія падзякавалі Івану Супрунчыку за яго жыццёвую энергію, глыбокія веды і жаданне працаваць дзеля памнажэння славы пра родны кут, любоў да Радзімы, неацэнны ўклад у развіццё культуры Століншчыны і павіншавалі майстра з надыходзячым юбілеем. Алена Максімовіч са шчырай удзячнасцю ўручыла Івану Піліпавічу падзяку аддзела культуры.

    А завяршылася сустрэча сумесным фотаздымкам і абагульненнем вядучай:

    – Мы жадаем паважанаму Івану Піліпавічу моцнага здароўя. Жывіце на радасць людзям і верце, што ўсё назапашанае Вамі ўвойдзе ў гістарычную памяць нашага народа і будзе добрым падмуркам для падрастаючага пакалення.

    Ад сябе дадам, што выстаўка Івана Супрунчыка карыстаецца ўвагай і пашанай людзей.   Толькі за выхадныя да творчасці земляка  далучыліся каля тысячы чалавек. Асабліва наведвалі выстаўку навучэнцы ўстаноў адукацыі, якія  правялі шосты школьны дзень з карысцю ў Столінскім ГДК, знаёмячыся з дзейнасцю Івана Піліпавіча.

    25 кастрычніка работы юбіляра будуць накіраваны ў г. Брэст, дзе таксама запланаваны персанальная выстаўка аўтара і ўрачыстае мерапрыемства ў гонар юбілею Івана Супрунчыка.

    Людміла

    КАСПЯРОВІЧ

    Автор публикации

    не в сети 14 минут

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 11279Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    SEO-продвижение

    Яндекс.Метрика