• ru
  • by
  • 7 декабря

    USD

    EUR

    Столин

    -2C

    Маці для нас – гераі­ня

    22.10.2021

    147

    0

    20 кастрычніка сваё 80-годдзе сустрэла Ганна Фёдараўна Мазоль з аграгарадка Альшаны. І гэтая падзея засталася б без увагі, каб не яе дачка Ірына, якая звярнулася з просьбай.

    – Мы вельмі ганарымся сваёй матуляй, якая ўсё жыццё аддала медыцыне. Яна была фельчарам, таму яе ведаюць многія жыхары аграгарадка. І мне вельмі б хацелася, каб да віншаванняў далучыліся і тыя людзі, якім дапамагала. Калі мы з сёстрамі былі маленькімі, нам заўсёды яе не хапала, бо яна прысвячала сваё жыццё рабоце. А мы злаваліся і раўнавалі, не разумелі, якую яна важную місію ўзяла на сябе – абараняць здароўе людзей. Памятаю, як аднойчы маці прыйшла з работы, надумалася папраць бялізну, а тут у хату зайшла жанчына і паклікала яе. Яна пакінула ўсе справы і пайшла. Наш дом быў другім медыцынскім пунктам, людзі прыходзілі і ўдзень, і ўначы. Паднялася тэмпература ў дзіцяці ці здарыўся сардэчны прыступ у пажылога чалавека, маці ніколі нікому не адмовіла, бо разумела: калі не яна, дык ніхто. Хуценька збіралася і бегла, а мы доўга чакалі яе і пазіралі ў акно, калі ж яна вернецца. Гэта цяпер машыны ёсць, а раней усё пешшу. Часта вярталася позна. Пэўна, у яе таксама шчымела сэрца, але яна не магла па-іншаму. Толькі калі самі пасталелі, зразумелі: наша маці – сапраўдная гераіня. На жаль, пяць месяцаў таму хвароба падарвала здароўе нашай мамачкі. Таму мы ашчадна захоўваем яе ўспаміны, – кажа дачка.

    Яшчэ больш упэўніваюся ў гэтых словах, даведаўшыся, што Ганна Фёдараўна была немясцовая. Нарадзілася ў вёсцы Сталпы Кобрынскага раёна. Выбрала прафесію па прыкладзе цёткі Ганны, якая была фельчарам у Жабінцы. Да таго ж з медыцынай быў звязаны яе дзед Рыгор, які быў ветурачом. У першы год не атрымалася паступіць і Ганна – у дзявоцтве Гелах – пайшла працаваць на кансервавы завод. Але ад сваёй мары не адступіла і на наступны год стала навучэнкай Брэсцкага медыцынскага вучылішча.​

    Пасля яго заканчэння дзяўчыну накіравалі працаваць у Альшаны.​

    – Першы час яна была ў роспачы, паколькі тады невялікая палеская вёсачка проста патанала ў гразі. Дарог не было. Старое памяшканне бальніцы, здавалася, вось-вось упадзе на галаву. Яна ж гадавалася ў гарадскіх умовах. На фотаздымках у чаравічках, у сукеначцы, з прычоскай. А тут у гумавых ботах давялося хадзіць, ды і не ўсюды ў іх можна было дабрацца да хворага. Але яна ніколі не пашкадавала аб сваім выбары. Вельмі хутка пасябравала з мясцовымі жыхарамі. Пазнаёмілася з настаўнікамі, якія ў сваёй большасці таксама былі не тутэйшыя. Некаторы час здымала кватэру. Для многіх юнакоў была зайздросная нявеста, – расказвае Ірына.

    Сярод кавалераў быў і Мікалай, які працаваў вадзіцелем у мясцовым калгасе. Ён праявіў смеласць і пазнаёміўся з прывабнай дзяўчынай. І хутка паклікаў замуж. Ганна пагадзілася і пасля шлюбу пераехала да бацькоў мужа. Свякроў Варвара ​ Ісакаўна была мудрая жанчына, ра-зумела, што нявестка патрэбна іншым, таму не нагружала яе хатнімі справамі. Наадварот, імкнулася забяспечыць спакой, калі тая прыходзіла з работы. На плечы свекрыві лёг клопат і пра дзяцей – трох дачушак, якія нарадзіліся ў сям’і. Дэкрэтных водпускаў тады не давалі, тры месяцы – і на работу, якую Ганна вельмі любіла. Першыя пяць гадоў працавала акушэркай у Альшанскім раддоме, а потым амаль 35 гадоў фельчарам у амбулаторыі.​

    – Яна лячыла не толькі справай, але і словам. Умела суцешыць чалавека, выслухаць, параіць. Яе вельмі паважалі і дагэтуль паважаюць, у нас пастаянна цікавяцца яе здароўем. А тады наша маці была пачэсным госцем амаль на ўсіх вяселлях, праводзінах, юбілеях. Усяго давялося ёй пабачыць за сваё жыццё. Колькі разоў на яе глядзелі як на выратавальніка. Неяк адзін мужчына трапіў у аварыю, і ў яго была моцна па-шкоджана галава. Маці аказала першую дапамогу, што нават урачы ў бальніцы здзіўляліся, як яна, пабачыўшы такое, не страціла прытомнасць. Заўсёды перажывала за сваіх пацыентаў і не супакойвалася, пакуль тыя не папраўляліся. Нават пасля выхаду на заслужаны адпачынак заставалася медыкам, людзі па звычцы ішлі да яе. І яна не адмаўляла.

    Ганна Фёдараўна неаданаразова была адзначана кіраўніцтвам, а ў 1983 годзе

    прымала ўдзел у конкурсе на лепшага фельчара Брэсцкай вобласці. Разам з мужам пражылі ў згодзе 51 год. На жаль, ён пайшоў з жыцця чатыры гады таму. Усе тры дачкі атрымалі адукацыю. Ірына, з якой мы размаўлялі, працуе лабарантам у сярэдняй школе № 1 аграгарадка Альшаны. ​ Мае траіх дзяцей. Ала – настаўніца ​ пачатковых класаў гэтай жа школы, дарэчы, мнагадзетная маці: выгадавала пяцярых дзяцей. А па маміным шляху пайшла Вера, якая працуе медыцынскай сястрой у Альшанскай амбулаторыі.

    Атрымалі ў спадчыну прафесію бабулі і дзве ўнучкі.​

    Марыя скончыла Слуцкі медыцынскі каледж і працавала фельчарам хуткай дапамогі. А Ганна атрымала адукацыю ў Гомельскім медыцынскім каледжы і да дэкрэту працавала фельчарам эпідэміёлагам-гігіеністам у Столінскім раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Такія ж улюбёныя ў сваю работу.​

    Усяго ў Ганны Фёдараўны 12 унукаў і 10 праўнукаў. Многія прыйшлі павіншаваць яе з юбілеем. І зычылі здароўя, на варце якога яна стаяла ўсё сваё жыццё.

    Ганна МЕЛЬНІК

    Фота з сямейнага альбома

    Автор публикации

    не в сети 13 часов

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 6683Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика