17 января

USD

EUR

Столин

-17C

Галіна Адамаўна Лукашэвіч са Століна адзначыла 90-гадовы юбілей

24.12.2020

163

0

Тэлефон на століку не сціхаў. Званілі з розных месц і ўсе з адной мэтай: павіншаваць гаспадыню дома Галіну Адамаўну Лукашэвіч са Століна з юбілеем – 90-годдзем з дня нараджэння.
…Дзяўчынка нарадзілася ў снежні 1930 года ў сям’і гараджан, якія вялі сваю гаспадарку і гадавалі шасцёра дзяцей. Галінка была пятай. Жылі яны ў невялікім драўляным доме па вуліцы Гарынскай. Да вайны малая вучылася два гады ў польскай школе. Не пастаянна вучылася, а калі на вуліцы не было надта холадна, бо добрага абутку хадзіць на заняткі не было: бацька плёў толькі лапці дзецям.
Добра запомнілася вайна. Спачатку немцы забралі старэйшага брата і адправілі ў Германію. Перад вызваленнем фашысты сталі выганяць іх сям’ю ў бежанцы, у Плотніцу. Бацьку аддзялілі ад маці з дзецьмі. Тады яны не ведалі, што гэта назаўжды…
Галя захварэла перад выгнаннем тыфам. Немцы збіралі хворых у хлеў, які стаяў асобна ў полі. Каб зберагчы дачку, маці паклала яе на дно воза і закідала рознымі рэчамі. Дзеці паселі вакол яе. Правяраючыя не знайшлі хворую. Так яны праехалі кардон. У Відзіборы дзяўчынцы стала вельмі дрэнна. Маці засталася з ёю ў вёсцы, каб напаіць і схаваць дзе ад сцюжы. Астатнія рушылі па зададзеным маршруце. Калі тэмпература ў хворай крыху спала, дабраліся да родных.
Як толькі прыйшла вестка, што Столін вызвалены, сям’я вярнулася дахаты. Толькі хаты не было, яе спалілі немцы. Дзе жыць? Знайшлі куток у кінутай яўрэйскай хаце, а потым перабраліся ў дом да сваякоў, дзе ў маленькім пакойчыку жыло 11 чалавек. І сёння памятае Галіна Адамаўна смак дранікаў з гнілое бульбы, якія смажылі на тлушчы з рыбы.
Мара таго часу – паехаць вучыцца туды, дзе кормяць. У школе дзяўчынка вучылася паспяхова, а ў газеце вычытала, што ў Брэсцкай двухгадовай гандлёва-кааператыўнай школе плацяць стыпендыю і кормяць тры разы на дзень. І хоць не было ніякага ўяўлення ні пра гандаль, ні пра кааперацыю, напісала ў Брэст пісьмо, ёй адказалі і запрасілі на вучобу. У дарогу збіралі ўсёй сям’ёй. Купілі хустку, пашылі спадніцу і звязалі світар. Як сіраце, Галіне выдзелілі месца ў інтэрнаце, які размяшчаўся ў падвале, дзе стаяла буржуйка і ложкі для 30 чалавек.
Вучоба давалася лёгка, хаця ўмовы былі спартанскія. Пісалі на газетах. Кніг не хапала. Да стыпендыі ў 250 рублёў Галіне як выдатніцы сталі дадаваць яшчэ 62 рублі. За гэтыя грошы яна купіла сабе сукенку і кофту. Вельмі радавалася таму, што тройчы на дзень ёй давалі па 200 грамаў хлеба, чаго не бачыла дома. Яе равесніцы са стыпендыі куплялі модныя тады капронавыя панчохі ці рабілі хімічныя завіўкі, а ў яе на ўліку была кожная капейка.
На першую практыку паслалі ў Мікашэвічы, ва ўнівермаг. Яго загадчыца ўбачыла ў навучэнцы сваю канкурэнтку, таму і сказала:
– Стой з таго боку прылаўка і глядзі, як я працую.
Галіна прастаяла дзень і зразумела, што нічому не навучыцца. Пайшла да кіраўніцтва, яе паслалі ў іншы магазін, дзе прадаўцом быў інвалід вайны без нагі. Пачала дзяўчына з таго, што навяла паўсюдна парадак, нават з паперы выра-зала на паліцы сурвэткі.
І вось першае рабочае месца. Гэта была лаўка на даму ў р. п. Рэчыца. Дзяўчыне трэба было падмяніць прадаўца. Ішоў 1951 год. Аўтобусы ў пасёлак не хадзілі. Трэба было штодня пераадольваць дарогу да работы пешшу. З цягам часу Галіна стала жыць каля магазіна, а неўзабаве яе перавялі ў Столін. Гэта быў прамтаварны магазін на плошчы Камсамольскай, які размяшчаўся ў гандлёвым радзе, што і сёння дзейнічае. Умовы жорсткія: ніякага ацяплення ў магазіне, холад. А на нагах у прадаўца гумавыя боты.
У 1953 годзе малады прадавец сустрэла звольненага салдата Аляксея Лукашэвіча, які сем гадоў служыў на Сахаліне. Так нарадзілася іх сям’я. Востра паўстала пытанне жылля, таму муж паехаў на цаліну. Заробленыя ім тры тоны пшаніцы прадалі, прадалі і выгадаванае цяля. За гэтыя грошы пачалі будаваць дом на вуліцы Інтэрнацыянальнай.
Неўзабаве нарадзіўся сын Валерый, праз чатыры гады яго брат Сяргей, а потым і іх сястра Лілія.
Жыццё наладжвалася. На плошчы Камсамольскай пабудавалі новы ўнівермаг, дзе стала працаваць Галіна Адамаўна. Тады яны ўпершыню апранулі халаты і адчулі цяпло на рабочым месцы. Тавараў стала больш, але кіраўніцтва запатрабавала, каб прадаўцы павышалі свой прафесійны ўзровень. Давялося маладой жанчыне ісці ў вячэрнюю школу, а потым вучыцца завочна ў Гомельскім кааператыўным тэхнікуме.
Набытыя веды дапамагалі на рабоце, бо гэта толькі ў працоўнай кніжцы было напісана, што яна прадавец, а на справе даводзілася быць і таваразнаўцам, і забеспячэнцам, і грузчыкам, і прыбіральшчыцай. Неўзабаве Галіну Адамаўну паставілі загадчыцай аддзела.
І ў многім таму, што Галіна Адамаўна падтрымлівала сваіх маладых калег, у якіх у жыцці здаралася ўсякае. Яна станавілася маці і сяброўкай, дарадцам і строгім суддзёй, калі бачыла, што не клеяцца справы ў маладой сям’і. Затое сёння ёй многія ўдзячны за парады.
За поспехі ў рабоце ў 1968 годзе Лукашэвіч Г. А. было прысвоена званне «Заслужаны работнік гандлю і грамадскага харчавання БССР». Крыху пазней яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Цэнтрасаюза СССР. І сёння захоўвае жанчына Ганаровыя граматы Брэсцкага абкама КПБ і Брэсцкага аблвыканкама, раённыя адзнакі за самаадданую працу.
…У сваім прасторным драўляным доме юбілярка жыве адна пасля смерці мужа. У чым знаходзіць заспакаенне і чым жыве? Дваццаць гадоў хадзіла ў народны хор ветэранаў, спявала на рэпетыцыях і на розных сцэнах раёна і вобласці, у Мінску абараняла гонар Століншчыны. Цяпер падводзіць здароўе: не той слых і зрок.
Дзеці выраслі, разляцеліся па свеце. Валерый пасля вучобы ў Ленінградскай акадэміі генштаба жыве і яшчэ працуе на Далёкім Усходзе. Дачка Лілія ў Мінску, яна выбрала маміну прафесію. Сяргей прайшоў выпрабаванні Афганістана, жыве ў Століне, прадпрымальнік. Па ўзросце яны ўсе пенсіянеры. У бабулі пяцёра ўнукаў і адзін праўнук, якіх яна любіць. Пры выпадку напомніць пра свае 40 гадоў стажу і бацькоўскі запавет працаваць сумленна.
– Моладзь не ведае, як мы жылі, як стваралі тое, што маем сёння. Яна хоча шмат і адразу, а трэба цаніць перада-дзенае і самім рабіць больш.
У юбілейны дзень нараджэння Галіну Адамаўну наведалі калегі. Намеснік дырэктара філіяла «Гаркаапгандаль» Ніна Пашкевіч і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў спажывецкай кааперацыі Ірына Тарчыла цёпла павіншавалі імянінніцу, уручылі кветкі і падарункі, пажадалі здароўя і актыўнага даўгалецця.
Валянціна МІРАНОВІЧ
Фота
Галіны ГАШЧУК

Автор публикации

не в сети 5 часов

admin

Комментарии: 1Публикации: 4135Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика