26 сентября

USD

EUR

Столин

24C

ДА ДНЯ БЕЛАРУСКАГА ПІСЬМЕНСТВА: Гаючага слова «Крынічка»

04.09.2020

195

0

Беражлівыя адносіны да роднага слова, традыцый, сваіх каранёў, выхаванне праз павагу да роднага краю, любоў да беларускай літаратуры – гэта нясе праз гады сваёй работы настаўніца беларускай мовы і літаратуры Хорскай СШ Таіса Прыка.
Таісу Іванаўну многія ведаюць як педагога, які пастаянна рыхтуе пераможцаў раённых і абласных алімпіяд, яе выпускнікі набіраюць максімальную колькасць балаў на цэнтралізаваным тэсціраванні. Гэта чалавек, апантаны родным словам, але пры гэтым развіваецца ў розных напрамках: пастаянна чытае навуковую літаратуру розных галін, выкарыстоўвае матэматычныя веды на ўроках па мове і літаратуры, гуляе ў валейбол, штораніцы выходзіць на прабежку, любіць розныя напрамкі музыкі, захапляецца літаратурай постмадэрнізму, марыць здзейсніць падарожжа вакол свету.

Пасля заканчэння роднай школы Таіса паступіла ў Пінскае педагагічнае вучылішча на спецыяльнасць «Настаўнік пачатковых класаў. Педагог-арганізатар». Яна цвёрда была ўпэўнена, што ў далейшым хоча стаць настаўнікам матэматыкі і фізікі. Роднае слова ў якасці будучай прафесіі нават не разглядала, каб не Ларыса Арахоўская – выкладчык педвучылішча, якая не толькі распаліла любоў да бацькоўскага слова, але і цалкам змяніла лёс дзяўчыны, якая пасля вучылішча пайшла ў Гомельскі педуніверсітэт, каб стаць настаўніцай роднага слова.
І вось яна працуе ў Хорскай школе. Тры гады настаўніцай пачатковых класаў, а пасля ўжо настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
– На работу як на свята – гэта не проста высокія словы, а мой лад жыцця. Люблю сваю работу, люблю вучняў. З пятага класа выхоўваю ў іх адказнасць, таму яны заўжды прыходзяць да мяне на ўрок з вывучаным заданнем, ім сорамна прыйсці і не ведаць, – расказвае педагог.
…Сёлета на выпускным Вікторыя Прыка дорыць кветкі Таісе Іванаўне, плача, абдымае яе і дзякуе за тое, што з першага ўрока патрабавалі, што ні адно дамашняе заданне не прапусцілі, што рыхтавалі з пятага класа.
Вікторыя атрымала на ЦТ 100 балаў па беларускай мове. І Таіса Іванаўна прызнаецца, што менавіта ў гэтым і ёсць сакрэт стабальнікаў – рыхтаваць з пятага класа. Паступова, накіравана весці дзяцей да мэты. У яе выпускнікоў па 99, 97, 95 балаў.
Настаўніца прызнаецца, што да алімпіяд рыхтаваць складаней, бо патрэбна праштудзіраваць вялікую колькасць літаратуры, ахапіць тое, што ахапіць, здаецца, немагчыма. Але яна са сваімі вучнямі спраўляецца. Яе вучаніцы Юлія Патоцкая, Аліна Лісавец, Наталля Патоцкая займалі трэція месцы на абласной алімпіядзе. Штогод ёсць пераможцы раённых алімпіяд.
Урокі настаўніцы насычаныя народнымі традыцыямі і абрадамі, праз іх яна выхоўвае сваіх вучняў, праз іх даносіць прыгажосць роднага слова.
– На жаль, дзеці мала ведаюць пра традыцыі сваіх продкаў. А іх важна ведаць і разумець. Каб не было ў нас такога, як зараз у Мінску, трэба прывіваць любоў да мовы, традыцый, абрадаў, працы і Радзімы. Інакш мы страцім Радзіму, – пераканана Таісія Прыка.
Прывівае яна сваім вучням і любоў да падарожжаў – экскурсіі па выдатных мясцінах Беларусі не толькі пашыраюць кругагляд, а і яднаюць, вучаць.
На базе школы Таіса Іванаўна вядзе тэатральны клуб «Крынічка». Набірае вучняў у пятым класе і да 11 класа яны становяцца не толькі ўпэўненымі аратарамі і вядучымі, а і цудоўнымі артыстамі тэатралізаваных пастановак. Клуб праводзіць самыя розныя святы – ад пастановак да вячорак, Калядаў.
– Нашым дзецям патрэбна дапамога ў развіцці. Яны павінны быць канкурэнтаздольнымі з гарадскімі вучнямі. Школа – гэта крыніца выхавання талентаў, – дзеліцца сваімі думкамі настаўніца.
З гэтай прычыны яна імкнецца на ўроках, класных гадзінах даваць максімум інфармацыі, каб пашыраць кругагляд вучняў. Слухаць Чайкоўскага ці Моцарта на ўроку беларускай мовы? Ды лёгка! Яна ўключае вучням музыку – любую – і пад гэтую музыку просіць напісаць сачыненне, выкласці думкі, якія ўзнікаюць.
Вучні выказваюць свае думкі, адпачываюць, а прыём работы пад музыку робіць урок больш эмацыянальным.
Разам з мужам Уладзімірам выхавалі дваіх дзяцей. Сын Мікалай – інжынер МНС, жыве ў Мінску, у яго ўжо двое дзетак. Дачка Аліна стала псіхолагам, лагапедам. Яна жыве ў Бабруйску і падарыла шчаслівым бабулі і дзядулі траіх унукаў.
Сёлета ў настаўніцы багаты на пяцёркі год – 5 унукаў, пяты выпускны клас, асабісты 50-гадовы юбілей.
Мы гутарым у кабінеце беларускай мовы, на стале кветкі ад любімых вучняў. Размова пра любімыя творы (дарэчы, гэта творы Уладзіміра Караткевіча і Івана Шамякіна) паступова пераходзіць да Дня беларускай пісьменнасці:
– Беларуская мова з ужытку знікае. І свята беларускай пісьменнасці – гэта вяртанне да традыцый, да нашай годнасці. Калі рэкламуецца кніга, яна ідзе ў народ – гэта цудоўна.
Таццяна СЕГЕН

Автор публикации

не в сети 1 день

admin

Комментарии: 1Публикации: 3557Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика