• ru
  • by
  • 1 декабря

    USD

    EUR

    Столин

    -1C

    Добраўпарадкаванне: Прыгажосць па асабістым жаданні

    23.07.2021

    361

    0

    Бывае, сустракаеш чалавека – і з першых хвілін ён выклікае прыхільнасць. З такіх людзей – Таццяна Якімовіч, якая жыве ў Давыд-Гарадку і робіць горад прывабным.
    Каля дома № 46 па вуліцы Савецкай, у якім яна жыве ў кватэры № 3, радуе вока прыгожая клумба, якую даглядае Таццяна Іванаўна. Кветкі каля Дома быту – таксама яе рук справа. Гэта тэрыторыя горада, таму дзякуючы асабістаму жаданню жанчыны яна дагледжаная. За што неаднаразова ёй дзякавала кіраўніцтва гарвыканкама і адзначала на святах горада.
    – Люблю, калі навокал прыгожа, – кажа жанчына. – Мне здаецца, што і іншым весялей глядзець на рознакаляровыя кветкі. Вось зараз цвітуць петуніі, герані, хосты. А потым надыдзе чарга маіх любіміц – хрызантэм. Добра, што мае суседзі таксама натхніліся і падтрымалі.
    Таццяна Іванаўна родам з Кароціч. Пасля школы скончыла ў Магілёве тэхнікум і атрымала спецыяльнасць повара дзіцячага харчавання. Практыку праходзіла аж у Анапе цэлых паўгода. Але не спакусіла Чорнае мора паляшучку, дадому захацелася.
    – Ніколі не пашкадавала, што вярнулася, – шчыра дзеліцца жанчына. – Трэба слухаць сваё сэрца. Гэта мой прынцып па жыцці. Тады быў Савецкі Саюз, шмат знаёмых раз’ехалася па іншых краінах. Мне няма нічога раднейшага за свой край.
    Вярнуўшыся на радзіму, Таццяна пераехала ў Хорск і ўладкавалася поварам у калгас «17 Верасня». Выйшла замуж, нарадзіла дачку Юлію і сына Аляксея. Працавала поварам ў цяперашнім кафэ «Палессе», ездзіла гандляваць насеннем. Дзеці засталіся ў Давыд-Гарадку, а потым і Таццяна Іванаўна пераехала бліжэй да іх.
    – Ведаеце, у кожнай жанчыны свая роля, якая больш па душы. Асабіста для мяне – гэта роля бабулі. Я пестую сваіх унукаў, пастаянна ў курсе іх спраў, заўсёды на сувязі. У мяне дзве ўнучкі і чатыры ўнукі. Таму дома заўсёды весела. Мне б хацелася, каб яны выраслі дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, каб умелі браць адказнасць за свае ўчынкі. Некаторыя людзі, на жаль, не разумеюць, што трэба цаніць тое, што ёсць. Бо ў пагоні за жураўлём можна і сініцу ўпусціць. Многія шукаюць чагосьці, зменьваюць гарады, краіны, але шчасце – унутры. Безумоўна, пакуль малады, трэба спрабаваць усе магчымыя спосабы для развіцця, але заўсёды спадзявацца на самога сябе, – дзеліцца сваім меркаваннем мая субяседніца.
    Зараз у Таццяны Іванаўны – гарачая пара. Ужо нарыхтавала варэння і кампоту на зіму, зараз чарга агародніны.
    Працуе ў Доме быту тэхработнікам, літаральна адна хвіліна – і яна на рабоце. І, канечне, паспявае свае кветкі дагледзець, атрымліваючы ад гэтага занятку вялікую асалоду.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота
    аўтара

    Автор публикации

    не в сети 57 минут

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 6644Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика