3 декабря

USD

EUR

Столин

1C

Прафесію знайшла па сэрцы

10.11.2020

449

0

Ганаровае званне «Малады чалавек года» ў сферы адукацыі і навукі прысуджана гэтай прыгожай дзяўчыне – Святлане Ляшкевіч. Яна з’яўляецца намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці Манькавіцкага ясляў-сада, дзе і адбылася наша сустрэча.
Святлана – наша, тутэйшая. Нарадзілася ў вёсцы Рубель у мнагадзетнай сям’і, у якой было чытыры сястры і брат. Прыкладам заўсёды з’яўляюцца бацькі, якія імкнуліся рабіць усё дзеля дабрабыту сваіх дзяцей.
Пасля школы дзяўчына паступіла ў Пінскі каледж Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя
А. С. Пушкіна на спецыяльнасць «дашкольнае выхаванне» са спецыялізацыяй «фізічнае выхаванне».
– Спачатку было цяжкавата, бо патрэбна было перастройвацца з вясковай дзяўчыны ў гарадскую. Асабліва мясцовы дыялект выдаваў, – усміхаецца Святлана. – Але я з тых людзей, якіх цяжкасці толькі загартоўваюць. Тым больш у мяне былі цудоўныя педагогі. Асабліва ўдзячна Людміле Лявонцьеўне Міхайлавай, якая дапамагала мне, вучыла, як правільна гаварыць, як паказаць сябе, як адстаяць свой пункт погляду і гэтак далей. Магу сказаць, што мне шанцуе на добрых людзей.
Пасля заканчэння каледжа Святлану накіравалі ў Столінскі раён. І адразу прапанавалі пасаду намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці Беражноўскага ясляў-сада, з якога і пачаўся прафесійны шлях маёй суразмоўцы.
– Чэсна скажу, нават не думала, што адразу буду працаваць намеснікам, паколькі ў мяне зусім не было вопыту. Але тыя веды, якія атрымала ў каледжы, мне вельмі спатрэбіліся. Дапамог калектыў, які ставіўся да мяне, маладога спецыяліста, з разуменнем. Пакрысе ўвайшла ў курс спраў, і калі развітвалася (з дэкрэтнага водпуску вярнуўся пастаянны работнік), то нават неяк было сумна.
Другім рабочым месцам Святланы Мікалаеўны стаў дзіцячы яслі-сад № 2 горада Століна, куды яна прыйшла таксама на пасаду намесніка.
– Менавіта ў гэтай установе я зразумела сэнс выказвання: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Настолькі зладжаная работа, настолькі ўсе адзін аднаго разумеюць, таму працаваць было – адно задавальненне. Асобна хачу выказаць словы падзякі загадчыку Ірыне Мікалаеўне Ярашэвіч – сапраўднаму прафесіяналу сваёй справы. Я многаму ў яе навучылася.
А ў 2017 годзе Святлана Ляшкевіч прыходзіць ужо на пастаяннае рабочае месца ў Манькавіцкі яслі-сад, дзе і працуе цяпер. З кастрычніка 2018 года сумяшчае пасаду выхавальніка.
Неабходна дадаць, што паралельна дзяўчына вучылася на завочным аддзяленні ў Мазырскім дзяржаўным універсітэце імя І. Шамякіна з мэтай паглыбленага вывучэння сваёй спецыяльнасці. А потым яшчэ паступіла і скончыла магістратуру па тэме «Адукацыйны менедж-мент» і атрымала навыкі ў сферы кіравання.
– Калі палічыць, то на вучобу пайшло восем гадоў. Спадабалася быць студэнткай?
– Я б лепш сказала, што спадабалася няспынна развівацца. У мяне няма сумненняў, што ўсе набытыя веды рана ці позна абавязкова будуць патрэбны. Асабліва, калі ты працуеш у сферы адукацыі, у якой увесь час штосьці мяняецца і ўдасканальваецца.
І, увогуле, я перфекцыяніст па жыцці, імкнуся ўсё рабіць якасна і патрабую гэтага ад іншых. На маю думку, у дзіцячым садку, дзе адбываецца фарміраванне чалавека як асобы, нельга працаваць абы-як, маўляў, прайшоў дзень і добра.
Таму Святлана Мікалаеўна і ўстанова адукацыі ў яе асобе заўсёды ўдзельнічаюць у розных конкурсах і фестывалях. У яе партфоліа безліч грамат, падзяк і сертыфікатаў удзельніка. У красавіку гэтага года дзяўчына атрымала дыплом ІІ ступені абласнога форуму «ЭКОЛОГиЯ». За мэтанакіраваную работу па павышэнні якасці дашкольнага выхавання два гады таму ўзнагароджана Ганаровай граматай Столінскага райвыканкама. У мінулым годзе прымала ўдзел у рэспубліканскім фестывалі педагагічных ідэй «Каб мова родная гучала».
– Відавочна, што прафесію Вы знайшлі па сэрцы. А чым займаецеся ў час водпуску і ў вольны час?
– Вольны час імкнуся выкарыстаць з карысцю, таму не баўлю яго ў сацыяльных сетках. Раней усе водпускі супадалі з вучобай, таму асабліва не было магчымасці кудысьці паехаць. Зараз я прыкладаю ўсе намаганні, каб хутчэй выплаціць крэдыт, які ўзяла на пакупку кватэры ў Століне. Няхай яна і маленькая, затое свая. Пасля работы з задавальненнем прыходжу дадому, раблю каву і гляджу тэлевізар. Асабліва даспадобы перадача «Наедине со всеми», якую вядзе Юлія Мяньшова. Цікава паслухаць, якім быў шлях да поспеху ў знакамітых артыстаў, дзеячаў навукі, акцёраў. Для мяне прыкладам з’яўляецца спявачка Валерыя – тактоўная, добрая, спагадлівая. Гэтыя якасці я вельмі цаню ў людзях.
Калі ж хачу змяніць абстаноўку – еду ў родную вёску да бацькоў, якім вельмі ўдзячна. А калі да мяне прыязджае пагасцяваць брат, які працуе аграномам у Лунінецкім раёне, заўсёды гатую што-небудзь смачнае. Абедзве малодшыя сястры працуюць у камерцыйнай сферы і жывуць у Мінску, куды таксама наведваюся час ад часу. Упэўнена, трэба абавязкова знаходзіць час на блізкіх, – кажа Святлана.
Колькі мы ні гаварылі пра работу, але менавіта сям’ю Святлана Ляшкевіч лічыць галоўнай каштоўнасцю ў жыцці кожнага чалавека.
Ганна
МЕЛЬНІК

Автор публикации

Комментарии: 1Публикации: 3890Регистрация: 17-05-2019

Обсуждение

Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

Разработка сайта

Яндекс.Метрика