• ru
  • by
  • 23 июня

    USD

    EUR

    Столин

    20C

    Ордэн Маці: Жанчыны Палесся ўнікальныя

    25.05.2021

    455

    0

    Чарговы раз упэўніваюся ў гэтым, пазнаёміўшыся з Валянцінай Філановіч з Веляміч. Нагода для сустрэчы цудоўная – жанчыне ўручылі ордэн Маці за нараджэнне і выхаванне пяцярых дзяцей. Увагу яна не толькі сваім дзецям надае, але і чужым, бо ўжо 20 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў Альпенскай базавай школы.

    І гэта яшчэ не ўсё. Валянціна Паўлаўна трымае вялікую гаспадарку. Свінні, куры і нават карова ёсць. Даглядае парнік і ў яе яшчэ больш за гектар зямлі. Як усё паспявае?
    – Лёгка, галоўнае свой дзень распланаваць правільна. А яшчэ ў мяне залаты муж Пётр, з ім усё па сіле. Маці сваёй удзячна, бо заўсёды побач і словам і справай дапамагае, – адказвае жанчына.
    Дарэчы, маці яе, Марыя Іванаўна, таксама настаўніца. Толькі беларускай мовы і літаратуры. І таксама мнагадзетная маці – выгадавала дзвюх дачок і двух сыноў. Па настаўніцкай сцяжынцы пайшла старэйшая сястра Ірына. Зараз працуе ў дзіцячым садку ў Велямічах. Ад маці не толькі прафесію атрымалі ў спадчыну, але і дабрыню, шчырасць, паважлівасць, неабыякавасць і, канешне, уменне распараджацца сваім часам. Не дарэмна ж існуе выказванне, што ўсё пачынаецца з сям’і, дзе нарадзіўся.
    Пасля заканчэння школы Валянціна без роздумаў паступіла ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча, пасля заканчэння якога – на завочнае аддзяленне Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. А працаваць вярнулася ў родныя мясціны, бо ўжо быў сыночак Валянцін. Нарадзіўся акурат перад Днём закаханых, таму і вырашылі такое імя даць. Зараз Валянцін – студэнт 4-га курса Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, будзе біятэхнолагам.
    Малодшы сын Міхаіл вучыцца ў 10 класе Веляміцкай сярэдняй школы. А далей у сям’і з’явіліся дзве дачушкі – Вікторыя і Ганна, вучаніцы 7-га і 3-га класаў адпаведна.
    – Яшчэ маці мая казала, што ў сям’і павінны быць і сын, і дачка, і каб у іх было па сястры і брату. А я гэтую задачу перавыканала, бо яшчэ двухгадовы сыночак Мацвей у нас ёсць – усеагульны любімец, пестуюць яго старэйшыя дзеці як могуць. Для мяне дзеці – найвялікшае шчасце. Прычым, як свае, так і чужыя. Ніколі не забываю сваіх вучняў, цікаўлюся іх жыццём. У мяне зараз толькі тры вучні ў класе, таму, зразумела, у нас ёсць час і павучыцца, і пагутарыць. Кожны раз здзіўляюся, наколькі дзеці мудрэйшыя за дарослых. Нездарма ёсць выказванне, што «устами ребёнка глаголет истина». Яшчэ дадам, што кожнае дзіця нараджаецца з пэўным талентам. І мая задача як педагога яго раскрыць.
    – А дома вы таксама настаўніца?
    – Хутчэй настаўніца, але, думаю, што ў гэтым маім дзецям пашанцавала. Я заўсёды «ў тэме» іх дамашняга задання. Але яны ў мяне працуюць, як належыць, ніякага патурання ім не даю. Бо для мяне важна, каб дзеці імкнуліся да вучобы, каб у іх былі свае мэты. Задача бацькоў, на мой погляд, падтрымліваць сваіх дзяцей, дапамагаць, калі трэба, а не даваць усё гатовае. Чалавек павінен браць адказнасць за свае ўчынкі і жыццё ў цэлым. Толькі тады ён будзе разумець, што яму патрэбна, і самастойна рабіць выбар. І чым хутчэй ён гэта ўсвядоміць, тым лепш. Бо ніхто не можа падарыць шчасце, яго трэба заслужыць. Мы з мужам многа размаўляем з дзецьмі, для гэтага абавязкова трэба знаходзіць час, колькі б працы ні было. Маё жаданне, як і ў любой маці, каб дзеці знайшлі сваё месца ў жыцці, каб яны атрымлівалі асалоду ад таго, чым займаюцца, – разважае мая суразмоўца.
    Як я ўжо пісала вышэй, Валянціна Філановіч – выдатная гаспадыня. Харчуюцца ў асноўным тым, што самі вырасцілі. Свае яйкі, малако, мяса, садавіна і агародніна.
    – Вялікая сям’я – гэта, адпаведна, вялікія і затраты. Мы жывём у вёсцы, дзе ёсць магчымасць атрымліваць усё сваё. Чаму ж не выкарыстоўваць гэта? Экалагічна чыстае, без кансервантаў, – кажа жанчына.
    Каронная страва маёй субяседніцы – торт «Медавік», які абажаюць усе дамачадцы. Ужо і дзяўчынкі навучыліся каля маці.
    Сярод мараў Валянціны – пабываць з усёй сям’ёй на моры. Праўда, муж пакуль не згаджаецца, маўляў, на каго пакінуць гаспадарку і работу. Пётр працуе механізатарам у ААТ «Палеская ніва», таму з позняй восені да ранняй вясны заняты. А вось з братам, няхай і незапланавана, Валянціна аднойчы паехала ў тур. Наведалі Вену, Будапешт, Прагу, Дрэздэн.
    – Мы падарожнічалі толькі тыдзень, але яго хапіла, каб пазнаёміцца з іншымі культурамі. Упэўнена, такія падарожжы вельмі карысныя. Па-першае, для асабістага развіцця, а па-другое – змена абстаноўкі. Мне было цікава пабачыць, як жывуць у іншых краінах. Канешне, архітэктура – неверагодная. Асабліва ў Дрэздэне спадабалася. Людзі цікавыя такія, нейкія больш павольныя, чым нашы, якія заўсёды спяшаюцца кудысьці. Але, шчыра скажу, застацца там не было жадання. Хацелася ў свае Велямічы, свой дом, дзе я сябе адчуваю па-сапраўднаму шчаслівай, – прызнаецца Валянціна.
    Ганна МЕЛЬНІК
    Фота аўтара

    Автор публикации

    не в сети 9 часов

    admin

    Комментарии: 1Публикации: 5337Регистрация: 17-05-2019

    Обсуждение

    Для отправки комментария Вам необходимо войти или зарегистрироваться.

    Разработка сайта

    Яндекс.Метрика